Сцяг Субота, 4 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 мая 2021, 12:02

Экспазіцыя "Якуб Колас і Амар Хаям: жыццёвая мудрасць у паэтычным слове" адкрылася ў Мінску

19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Літаратурная экспазіцыя "Якуб Колас і Амар Хаям: жыццёвая мудрасць у паэтычным слове" адкрылася 18 мая ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сімвалічнасць таго, што экспазіцыя прэзентавана ў Міжнародны дзень музеяў, адзначыў на мерапрыемстве Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ірана ў Беларусі Саід Яры. Дыпламат звярнуў увагу на тое, што творчасць класікаў беларускай і іранскай літаратуры Якуба Коласа і Амара Хаяма беражліва захоўваецца народамі дзвюх краін і перадаецца з пакалення ў пакаленне.

На адкрыцці выстаўкі было падкрэслена, што Якуб Колас і Амар Хаям - моцныя дамінанты беларускай і іранскай культур. Іх работы - своеасаблівы зборнік філасофскіх думак і падыходаў да рэальнасці. Паэзія Якуба Коласа і Амара Хаяма - кульмінацыя іх доўгага і цяжкага шляху да ісціны. І хоць яны жылі ў розны час, у розных краінах, належалі да розных рэлігій, але цэнтрам іх творчасці быў чалавек. Яны стварылі энцыклапедыю жыцця, мудры кодэкс жыцця ў паэтычнай форме.

Паэтычная мудрасць Амара Хаяма ўвасоблена ў адной з самых складаных жанравых форм персідскай паэзіі рубаі - арыгінальных філасофска-лірычных чатырохрадкоўях. Амар Хаям - непераўзыдзены майстар гэтага жанру. Яго творам характэрны дакладнасць назіранняў і глыбіня разумення свету і душы чалавека, яркасць вобразаў і вытанчанасць рытму. У Якуба Коласа мудрай энцыклапедыяй беларускага сялянскага побыту канца XIX - пачатку XX стагоддзя стала паэма "Новая зямля". Мудрасць жыцця Якуба Коласа заключана ў самім поглядзе на свет і ўвасабляецца ў падрабязным адлюстраванні многіх жыццёвых рэалій. "Новая зямля" - гэта асабісты Сусвет, дзе ўсё існуе ў гарманічнай формуле "прырода - чалавек".

Як падкрэсліла на сустрэчы ўнучка беларускага класіка Марыя Міцкевіч, паэты Якуб Колас і Амар Хаям - гуманісты, для іх чалавек і яго духоўны свет вышэй за ўсё. У іх паэзіі раскрываецца каштоўнасць кожнага імгнення чалавечага жыцця. Амар Хаям раскрывае гэта праз абагульненне, Якуб Колас - праз дэталі.

Сімвалічна, што ў асабістай бібліятэцы Якуба Коласа знаходзілася кніга Алішэра Наваі - паэта і мысліцеля, які стварыў свае літаратурныя творы на персідскай, цюркскай, узбекскай мовах. Гэта кніга была прывезена з Ташкента, дзе Якуб Колас разам з сям'ёй знаходзіліся ў эвакуацыі ў 1941-1943 гадах. Магчыма, што імя Амара Хаяма было знаёма беларускаму класіку. Больш таго, філасофскай лірыкай персідскага паэта і філосафа цікавіўся малодшы сын Якуба Коласа Міхаіл Міцкевіч. Ён любіў чытаць Амара Хаяма і адну з кніг персідскага аўтара, перакладзеную на рускую мову, прывёз з Ташкента ў 1970-я гады.

У прэзентацыі экспазіцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі пасольства Ірана ў Беларусі, Міністэрства культуры Беларусі, замежныя дыпламаты, творчая інтэлігенцыя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі