Сцяг Нядзеля, 12 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
09 лютага 2012, 15:42

ТАКСІ-ЗДАНІ ПАЛЮЮЦЬ ЗА ПАСАЖЫРАМІ

Таксісты-нелегалы скрываюцца за лагатыпамі вядомых службаў і псуюць ім рэпутацыю

Нядаўна ў Мінску здарыўся выпадак, які парадкам сапсаваў нервы кіраўніцтву адной буйной сталічнай службы таксі. Вадзіцель з лагатыпамі названай службы позна ноччу падабраў дзяўчыну, давёз яе да дома, высадзіў, а ад'язджаючы - збіў. Дзяўчыну прывезлі ў бальніцу з пераломам шчыкалаткі. Вадзіцель з месца здарэння ўцёк. "У нас няма такога аўтамабіля", - гавораць у службе таксі. Усе выклікі афіцыйна дакументуюцца. Пошукам вадзіцеля займаецца ДАІ, а служба скардзіцца на сапсаваную рэпутацыю і беспакаранасць нелегалаў. Дзе шукаць праўду і як злавіць той самы "матор" пасажыру?

Часта адзіным крытэрыем выбару той ці іншай машыны таксі для чалавека з'яўляецца лагатып службы на борце машыны. "Мы на сваё імя 15 гадоў працавалі", - адзначае намеснік дырэктара службы таксі 135 Алена Вялічка. Аднак, паводле яе слоў, велізарныя праблемы ім ствараюць вадзіцелі, якія нелегальна карыстаюцца іх распазнавальнымі знакамі-наклейкамі. "Да іх ахвотна садзяцца, бо людзі выбіраюць тую службу, чыімі паслугамі прывыклі карыстацца, чый лагатып вядомы", - лічыць Алена Вялічка. "Пры гэтым яны могуць нагрубіць, не вярнуць забытыя ў машыне рэчы, аблічыць кліента або запрасіць завоблачную цану, а людзі потым звоняць нам у пошуках праўды", - сказала намеснік дырэктара. У такіх выпадках служба ўжо нічым не можа дапамагчы падманутым людзям, паколькі гэтыя вадзіцелі не супрацоўнічаюць з канкрэтнай службай таксі.

Мы звярнуліся за тлумачэннямі, як жа адрозніць сапраўднае таксі ад нелегальнага. Прафарг Пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Таксі "Садружнасць" Наталля Дамашэвіч паведаміла, што існуе тры асноўныя крытэрыі. Перш за ўсё, гэта наяўнасць спецыяльнага плафона з шашачкамі на даху аўтамабіля. Аднак пачасціліся выпадкі крадзяжу гэтых плафонаў, якія зразаюць непасрэдна з дахаў аўтамабіляў таксі. Акрамя таго яны ёсць у свабодным продажы, для іх набыцця не патрэбна ніякіх дакументаў.

Другім адметным знакам з'яўляюцца жоўтыя рэгістрацыйныя нумары аўтамабіля.

І, нарэшце, трэці элемент, які дапаможа адрозніць сапраўднага таксіста - гэта двухбаковае абклейванне аўтамабіля жоўтымі палосамі, на якіх паказаны нумар ліцэнзіі індывідуальнага прадпрымальніка або перавозчыка, назва арганізацыі і іншая інфармацыя, а таксама могуць быць лагатыпы службы таксі, з якой той супрацоўнічае. Але, аказваецца, лагатыпы і наклейкі на борце аўтамабіля самі па сабе яшчэ не даюць гарантыі прыналежнасці вадзіцеля да названай службы таксі або да сферы перавозчыкаў. Лагатыпы расклейваюць на спецыяльных пунктах, якія належаць незалежным арганізацыям. Для таго, каб атрымаць гэтыя наклейкі, вадзіцелю не заўсёды трэба прадастаўляць спецыяльныя дакументы, засведчаныя пячаткай, на аснове якіх яму і выдаюць наклейкі. Акрамя таго, здараецца так, што таксіст атрымаў распазнавальныя знакі, прапрацаваў у арганізацыі нейкі час, пасля чаго звольніўся і заняўся нелегальным падвозам. У службе таксі 135 расказалі, што калі з перавозчыкам або індывідуальным прадпрымальнікам скасоўваецца дагавор, яны паказваюць свае машыны, з якіх павінны быць зняты лагатыпы гэтай службы. Але што перашкаджае наклеіць іх назад?

Так з'яўляюцца аўтамабілі таксі, пра якія ў самой службе нічога не ведаюць. Іх работу немагчыма адсачыць, прэтэнзіі прад'яўляць у выпадку чаго таксама няма куды. Гэтыя машыны шукаюць сваіх кліентаў на вуліцы, падбіраюць на стаянках. І такія вадзіцелі псуюць рэпутацыю той службе таксі, чыё імя навесілі на сваю машыну. Які пасажыр пасля будзе высвятляць: законна ці незаконна навесіў гэтыя лагатыпы таксіст, які не вярнуў забыты кашалёк, запрасіў двайную цану або высадзіў не там, дзе трэба?

Ці трэба гаварыць, што адносіны паміж "правільнымі" і "няправільнымі" таксістамі, мякка кажучы, нацягнутыя. У праваахоўных органах пацвердзілі, што перыядычна ў сталіцы ўзнікаюць інцыдэнты паміж вадзіцелямі, як правіла, у месцах масавага збегу людзей, а значыць, і патэнцыяльных кліентаў: на вакзалах, каля рэстаранаў і начных клубаў, супермаркетаў і інш. Нелегалы часта блакіруюць легальным аўтамабілям таксі ўезды і выезды, пераманьваюць кліентаў, часам проста сілай усаджваюць у салон машыны.

Перыядычна ўзнікаюць і міжусобныя сутычкі. Зусім нядаўна такі выпадак здарыўся каля аднаго з гіпермаркетаў сталіцы. Там каля 30 вадзіцеляў высвятлялі адносіны непасрэдна на вуліцы. Аднак прыбыўшыя экіпажы міліцыі ўжо нікога не засталі. З заявамі ў органы аховы правапарадку таксама ніхто не звяртаўся. І барацьба за пасажыра зноў прадоўжыцца цішком.

Наталля Дамашэвіч адзначыла, што канфліктныя сітуацыі ўзнікаюць у "рыбных мясцінах" па ўсім горадзе. Час нелегалаў - вячэрні і начны, выхадныя і святочныя дні. У выпадку канфлікту таксісты просяць дапамогі ў калег, а калі іх жыццю або маёмасці пагражае небяспека, існуе спецыяльны пазыўны, пасля чаго калегі, якія знаходзяцца непадалёк, спяшаюцца на дапамогу.

Сёння ў Мінску 12 зарэгістраваных службаў таксі - гэта дыспетчарскія 107, 135, 152, 155, 156, 157, 158, 161, 181, 184, 7337 "Поспех" і 7788 "Алмаз" і больш за 4 тыс. таксістаў. Пры гэтым, паводле некаторых ацэнак, рэальныя суадносіны легалаў і нелегалаў складаюць 70 працэнтаў на 30 працэнтаў у звычайныя дні, можа даходзіць да 50 працэнтаў на 50 працэнтаў у вячэрні і начны час, а таксама ў выхадныя і святы. Для астатніх гарадоў краіны гэта праблема так востра не стаіць, а ў некаторых маленькіх гарадках пра яе нават і не чулі.

З нелегальным падвозам спрабуюць змагацца, аднак вынікі пакуль вымушаюць жадаць лепшага. Уся справа ў даволі складанай схеме прыцягнення нелегальных таксістаў да адказнасці. Цяпер гэта могуць зрабіць толькі прадстаўнікі падатковай службы. Для гэтага трэба, каб нейкі падстаўны пасажыр скарыстаўся паслугамі такога таксі і вадзіцеля-нелегала затрымалі з доказамі злачынства. Наталля Дамашэвіч выказала меркаванне, што магчыма паўплываць на праблему змагло б увядзенне адказнасці за незаконнае выкарыстанне атрыбутыкі таксі і, адпаведна, пашырэнне паўнамоцтваў, напрыклад, супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі. "Зрэшты, нейкай адной мерай усё не выправіць", - лічыць Наталля Дамашэвіч. Для гэтага, паводле яе слоў, патрэбны цэлы комплекс мерапрыемстваў. Таксама самі пасажыры павінны быць больш уважлівымі: звяртаць увагу на наклейкі і плафоны. У выпадку чаго грамадзяне маюць права паведаміць пра нелегала ў міліцыю або падатковую службу.

У службе таксі 135 раяць выклікаць машыны па тэлефоне. Кожны выклік рэгіструецца, і ў выпадку чаго яго заўсёды можна адсачыць. "Гэта паслуга бясплатная, таксі прыбудзе на працягу лічаных мінут, і пасажыр можа быць упэўнены ў сваім вадзіцелі", - адзначыла Алена Вялічка. Такі выклік сам па сабе з'яўляецца гарантам высокай якасці аказання пасажыру паслуг, а таксама кліент заўсёды можа разлічваць на дапамогу, калі ён, скажам, пакінуў асабістыя рэчы ў салоне таксі або лічыць, што яго абслужылі недастаткова карэктна, узялі вялікую плату. "Кожны вадзіцель ведае, што нясе адказнасць перад кліентам і ніколі не дазволіць сабе якое-небудзь парушэнне або грубасць, бо работа - яго хлеб", - падкрэсліла Алена Вялічка.

У сваю чаргу прадстаўнік прафсаюза нагадала, што легальнымі могуць быць не толькі вадзіцелі з лагатыпамі службы на борце аўтамабіля.

Рашэнне праблемы пакуль не знойдзена, барацьба за кліента прадаўжаецца. А пасажыру застаецца больш уважліва разглядаць шашачкі на машыне, у якую ён садзіцца.

Віталь ПЯТРОВІЧ
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі