Сцяг Субота, 11 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
01 верасня 2011, 13:47

САЦЫЯЛЬНАЯ АДАПТАЦЫЯ

Прэзідэнт краіны 30 жніўня на нарадзе па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі звярнуўся да чыноўнікаў, гаспадарнікаў, грамадзян краіны і агучыў план дзеянняў урада і Нацыянальнага банка ў існуючых фінансава-эканамічных умовах. Галоўная мэта плана - стабілізацыя грашова-крэдытнай палітыкі і валютнага рынку. Гэту важную заяву чакалі многія, пачынаючы ад кіраўнікоў прадпрыемстваў і заканчваючы простымі людзьмі, каб дакладна ўяўляць, як будзе працаваць эканоміка краіны, сацыяльная сфера. "Галоўным у палітыцы беларускай дзяржавы быў і застаецца клопат аб чалавеку. З гэтага курса мы не звернем", - так пракаменціраваў вынікі нарады ў кіраўніка дзяржавы старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька.

У Мінску дзейнічае сістэма сацыяльнай падтрымкі асобных катэгорый людзей. Паводле слоў Мікалая Ладуцькі, такая сістэма мер захаваецца, яна ўжо адаптуецца да новых умоў. На бліжэйшай сесіі Мінгарсавета 2 верасня будзе прыняты шэраг дадатковых мер сацпадтрымкі людзей.

Так, больш як 47 тыс. малазабяспечаных жыхароў горада, у асноўным пенсіянеры, атрымаюць аднаразовую дапамогу ў памеры Br500 тыс. дадаткова да тых выплат, якія будуць праводзіцца ў цэлым па рэспубліцы. А школьнікі сталіцы і ў далейшым змогуць карыстацца магчымасцю бясплатнага праезду ў грамадскім транспарце - улады горада захаваюць ім такую льготу.

Значныя сродкі гарадскога бюджэту будуць накіроўвацца на падтрыманне работы сістэмы камунальнай гаспадаркі. Рашэнне аб сур'ёзных датацыях гэтай сферы гарадской гаспадаркі прынята на пасяджэнні гарвыканкама.

Мэр сталіцы перакананы, што павышэнне платы за камунальныя паслугі кардынальна не паўплывае на прыбытак насельніцтва. Паколькі мінчане аплачваюць толькі каля 30-35 працэнтаў ад рэальнага сукупнага кошту паслуг (вада, электрычнасць, цяпло), астатнюю частку - бюджэт. "Сёння бюджэт бярэ на сябе львіную долю затрат, - падкрэсліў старшыня Мінгарвыканкама. - Прэзідэнт у пачатку года паставіў задачу не дапусціць істотнага росту цэн на камунальныя паслугі. У гэтым напрамку ўрад і мясцовыя органы ўлады працуюць на працягу гэтага года". Ён дадаў, што з гарбюджэту будуць выдзелены дадатковыя сродкі на сістэму камунальнай гаспадаркі, камунальных цепласетак.

У існуючых фінансава-эканамічных умовах не толькі захаваецца, але і павялічыцца фінансаванне камунальнага пасажырскага транспарту сталіцы. Сёння мінчане і госці сталіцы плацяць за адну паездку Br900 пры рэальным сабекошце Br2,2 тыс. Гэта значыць, нават калі білет падаражэе да Br1 тыс., як прапануюць транспартнікі, насельніцтва будзе аплачваць каля 40 працэнтаў ад рэальнага кошту праезду. "Сістэма даплат ёсць ва ўсім свеце, напрыклад у Парыжы, Берліне. Але суадносіны іншыя: там спажывец плаціць 70-80 працэнтаў затрат, а астатнюю частку - муніцыпалітэт", - сказаў мэр Мінска. Паводле яго слоў, параметр па фінансаванню бюджэтам 60 працэнтаў ад сабекошту праезду ў грамадскім транспарце да канца года будзе захаваны. "Толькі да канца года на сістэму гарадскога грамадскага транспарту дадаткова будзе расходавана са сталічнага бюджэту каля Br150 млрд. Гэта таксама рэальная сацыяльная падтрымка насельніцтва", - падкрэсліў Мікалай Ладуцька.

Мінчане вельмі шмат пытанняў задаюць аб капітальным рамонце жылога фонду. Тут сталіца па праву можа ганарыцца: аб'ёмы капрамонту жылля ў Мінску несупастаўныя з абласнымі. "У гэтым годзе ў сталіцы будзе ўведзена ў эксплуатацыю амаль 700 тыс. кв.м жылля пасля капрамонту. Ці гэта не падтрымка людзей дзяржавай? Мінчанам скардзіцца грэх: пры кошце 1 кв.м капрамонту каля $150 бюджэт аплачвае 75 працэнтаў, і толькі 25 працэнтаў - гэта накапляльныя сродкі насельніцтва. І гэтак з году ў год", - праінфармаваў мэр горада.

Паводле яго слоў, у новым навучальным годзе будзе прадоўжана сістэма бясплатнага і льготнага харчавання ў школах Мінска для асобных катэгорый вучняў (дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў). Каб патанніць абеды, камбінатам школьнага харчавання прадастаўлены льготы па аплаце за электра- і цеплаэнергію, па падатках на нерухомую маёмасць, на зямлю. І гэта таксама фактычна мера падтрымкі насельніцтва. Каля 13 тыс. школьнікаў сталіцы ў новым навучальным годзе, як і ў мінулым, будуць атрымліваць бясплатныя снеданні і абеды. "Каб збалансаваць харчаванне ўсіх катэгорый школьнікаў, Мінгарвыканкам перад IV Усебеларускім народным сходам прыняў рашэнне аб даплаце вучням з малазабяспечаных сем'яў на харчаванне. У бягучым годзе рашэнне пралангавалі і нават павялічылі памер даплаты з улікам інфляцыі", - падкрэслівае мэр горада.

Улады сталіцы сумесна з гандлёвымі арганізацыямі рэалізуюць палітыку стрымлівання росту рознічных цэн. У прыватнасці, для сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ў рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства паміж Мінскім гарвыканкамам і гандлёвымі арганізацыямі падпісаны дадатковыя пагадненні наконт прымянення да адпускных цэн арганізацый-вытворцаў і імпарцёраў аптымальных гандлёвых надбавак. Пагадненне заключылі 250 магазінаў Мінска, тавараабарот якіх складае 38 працэнтаў у агульным тавараабароце горада.

"Па ініцыятыве гарвыканкама заключаны пагадненні аб прадастаўленні пенсіянерам, шматдзетным сем'ям і інвалідам I групы скідкі ў памеры 3 працэнты ад агульнага кошту пры куплі тавараў. У маштабах горада гэта каля Br3 млрд. за месяц - фактычна гэту суму недаатрымліваюць магазіны. Гэта таксама сацыяльная падтрымка насельніцтва", - падкрэсліў Мікалай Ладуцька.

У Мінску адкрыўся сезон рэспубліканскіх кірмашоў (першыя прайшлі 27 і 28 жніўня). Вытворцы з усіх рэгіёнаў краіны прывезлі шырокі асартымент мясных, малочных, агароднінных, хлебабулачных вырабаў. "Яны прадэманстравалі мінчанам: прадуктаў харчавання ў краіне дастаткова, - сказаў кіраўнік гарвыканкама. - Кірмашы будуць праходзіць па выхадных днях ва ўсіх раёнах сталіцы аж да 7 лістапада. Прычым у бягучым годзе будзе павялічана ў два разы колькасць транспарту і валанцёраў, якія дапамогуць пажылым людзям і інвалідам даставіць пакупкі дадому. Зроблена ўсё, каб жыхары сталіцы змаглі закупіць і нарыхтаваць у запас бульбу, буракі, моркву, цыбулю - усё, што вырасла на беларускіх палях".

Мікалай Ладуцька падкрэсліў, што ўсе пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця горада знаходзяцца на пастаянным кантролі сталічных улад. "Мы адсочваем сітуацыю з цэнамі на тавары і паслугі. І калі ўзнікне дзе-небудзь напружанне, будзем гатовы прыняць меры адэкватнага рэагавання", - запэўніў мэр сталіцы.

Аксана ШЫКУЦЬ,
БЕЛТА.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі