Сцяг Субота, 11 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
21 верасня 2011, 10:59

ПРОДАЖ ВАЛЮТЫ ПА ПАШПАРТУ ДАСЦЬ МАГЧЫМАСЦЬ СПЫНІЦЬ ДЗЕЙНАСЦЬ СПЕКУЛЯНТАЎ

Продаж валюты па пашпарту дасць магчымасць у першую чаргу спыніць дзейнасць спекулянтаў. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэту і фінансах Савета Рэспублікі Вадзім Папоў, каменціруючы рашэнне Нацбанка аб продажы валюты з 1 кастрычніка па прад'яўленню пашпарта.

Сенатар адзначыў, што практыка рэалізацыі валюты па пашпарту існавала практычна ва ўсіх краінах з пераходнай эканомікай. Многія дзяржавы і сёння прадаюць валюту грамадзянам толькі пры прад'яўленні пашпарта. Гэта правіла раней таксама дзейнічала і ў Беларусі.

Абмежаванні на продаж валюты ў адны рукі не прадугледжаны. Вадзім Папоў лічыць, што дробныя сумы не абавязкова прадаваць па пашпарту. Гэта толькі загрузіць дадатковай работай абменныя пункты. "Без прад'яўлення пашпарта можна прадаваць сумы да ста долараў", - прапанаваў ён.

На думку парламентарыя, у Беларусі паступова пачынае выраўноўвацца ўзровень попыту і прапанавання валюты. У апошнія дні насельніцтва прадало валюты ў два разы больш, чым купіла, г.зн. валютны рынак пачаў працаваць. У той жа час адчуваецца, што пэўная група насельніцтва і шэраг вытворцаў пакуль занялі пазіцыю чакання, некаторыя прытрымліваюць валюту ў надзеі на далейшы рост курсу замежных валют.

Гаворачы аб эканамічнай сітуацыі ў краіне Вадзім Папоў заўважыў, што цяпер беларуская эканоміка працуе ў параметрах, якія перасягаюць амаль усе краіны былога СССР. Паводле даных за ліпень 2011 года, упершыню ў гісторыі дзяржавы экспарт склаў амаль $4 млрд., дадатнае сальда - звыш $360 млн. Больш чым на 9 працэнтаў адзначана павелічэнне ўнутранага валавога прадукту.

Асноўныя існуючыя праблемы, на думку парламентарыя, звязаны з сусветным крызісам і ростам цэн на энерганосьбіты. Стварэнне Мытнага саюза прадугледжвала ў тым ліку роўныя цэны на нафту і газ, аднак пакуль гэта пытанне не вырашана, і выйсці на роўнадаходныя цэны плануецца толькі да 2014 года. Адным з негатыўных фактараў, які паўплываў на эканоміку Беларусі, Вадзім Папоў назваў і тое, што да 1 ліпеня гэтага года ў краіне дзейнічалі пэўныя льготы для насельніцтва на набыццё легкавых аўтамабіляў. У выніку легкавых аўтамабіляў было ўвезена ў два разы больш, і заплацілі за іх у 2,8 раза больш, чым за восем месяцаў мінулага года. Гэта значыць, амаль $3 млрд. пайшло ў эканомікі іншых дзяржаў. "Гэта вялікая сума, узятая нашым насельніцтвам са сваіх укладаў", - адзначыў Вадзім Папоў.

Усе гэтыя моманты адбіліся на сітуацыі ў эканоміцы, лічыць сенатар. Аднак якога-небудзь адзінага ўнікальнага рашэння для хуткага ўрэгулявання эканамічнай сітуацыі быць не можа. Цяпер урадам вызначаны цэлы комплекс мер і іх удасканаленне прадаўжаецца, падкрэсліў Вадзім Папоў.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі