Сцяг Пятніца, 10 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
09 жніўня 2012, 14:28

Палтаўскі сіндром

Дыпламатычныя канфлікты здараюцца ў дыпламатычных адносінах розных краін. Ад іх ніхто не застрахаваны. Спосаб іх вырашэння вядомы - спыніцца, перавесці дыханне і рухацца далей, згладжваючы вострыя вуглы. Прынамсі, так было раней. Бо дыпламатыя - гэта і ёсць майстэрства кампрамісу, пошуку агульных падыходаў нават з тым партнёрам, які табе не даспадобы.


Але некаторыя краіны Еўрапейскага саюза апошнім часам дэманструюць нейкі новы від дыпламатыі. Яны не спрабуюць знайсці агульную мову са сваімі візаві, а стараюцца падабраць тых партнёраў, якія ім падабаюцца, з кім зручна. А шчыра кажучы, тых, кім можна панукваць. З астатнімі і размаўляць не хочуць. Канфлікт, які разгарэўся паміж Мінскам і Стокгольмам, на жаль, толькі пацвердзіў гэту новую і зусім не пазітыўную тэндэнцыю.


Беларускае МЗС зрабіла ўсё магчымае, каб супакоіць страсці. Нягледзячы на тое, што пасол Швецыі Стэфан Эрыксан даўно выклікаў незадаволенасць у сувязі са сваёй дзейнасцю, далёкай ад дыпламатычных функцый, ён прапрацаваў у Мінску сем гадоў - тэрмін больш чым дастатковы. Яго ад'езд суправаджаўся спецыяльнай заявай МЗС Беларусі аб тым, што ні пра якую высылку пасла размова не ідзе. Тым не менш, рэакцыя Стокгольма была абсалютна неадэкватнай. Спачатку кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Швецыі Карл Більт стаў распаўсюджваць у сацыяльных сетках заявы, адну больш скандальную за другую. Затым шведскія ўлады зрабілі і зусім несіметрычны ход - выслалі адразу двух беларускіх дыпламатаў, уключаючы Часовага паверанага ў справах, і заявілі, што не зацікаўлены ў прыбыцці новага пасла нашай краіны. Па сутнасці, шведскія палітыкі пайшлі на поўны разрыў адносін з Беларуссю.


У чым тут справа? Цяпер Швецыя - сярэдняя еўрапейская краіна з не рэалізаванымі да канца імперскімі амбіцыямі. У  XVII–XVIII стагоддзях яна змагалася за лідарства ў Паўночнай і Усходняй Еўропе, але пацярпела поўнае паражэнне. Сімвалам краху імперскіх надзей стала Палтаўская бітва 1709 года, калі рускія войскі Пятра І нашчэнт разграмілі шведскую армію Карла ХІІ. Шведы любяць паўтараць, што дзякуючы гэтаму яны пазбавіліся ад вялікадзяржаўных комплексаў і заняліся ўнутранымі праблемамі ўласнай краіны. Аднак гэта хітрасць. Неаднаразова шведскія правіцелі спрабавалі аднавіць свой уплыў на кантыненце. Так было і ў XVIII стагоддзі, і пры першых Бернадотах (кіруючай каралеўскай дынастыі). Па сутнасці, гэтыя спробы прадаўжаюцца да гэтага часу. Паказальна, што, нягледзячы на свой нейтральны статус, Швецыя мае моцную і армію і флот, а яе ваенная прамысловасць - адна з самых развітых у свеце.


Распад Савецкага Саюза даў нашчадкам вікінгаў і Карла ХІІ шанц аднавіць свой уплыў на ўсход ад Балтыкі. Спачатку ўсё ішло паспяхова. Аўтарытэт Швецыі рос, культурныя і эканамічныя сувязі пашыраліся, пакуль у 2006 годзе пасаду міністра замежных спраў не заняў Карл Більт. Сама па сабе гэта вельмі паказальная фігура. У яго жыцці нямала дзіўных супадзенняў. Былы прэм'ер-міністр, ён у чэрвені 1995 года быў назначаны спецыяльным прадстаўніком ЕС у Югаславіі, якая распалася. Літаральна тут жа адбыўся ўсплёск насілля ў рэгіёне, ахвярамі якога сталі тысячы людзей з розных бакоў канфлікту. З 1999 па 2001 год Більт служыў спецыяльным прадстаўніком Генеральнага сакратара ААН на Балканах. Практычна на яго вачах у Косаве быў учынены генацыд сербаў. Дзясяткі тысяч чалавек былі выгнаны са сваіх дамоў, тысячы забіты ў ходзе масавых пагромаў, зганьбаваны і разбураны многія помнікі гісторыі і культуры, якія перажылі да гэтага і асманскае нашэсце, і дзве сусветныя вайны. Затым выявілася, што ён мае дачыненне да дзейнасці нафтавай кампаніі Lundin Oil, а яна, у сваю чаргу, трапіла пад падазрэнне ў прыналежнасці да генацыду ў Судане. Ды шмат чаго было ў кар'еры Карла Більта! Не будзе вялікім перабольшаннем сказаць, што ён увесь час знаходзіўся на грані адстаўкі.


Таму поспех на ўсходнееўрапейскім напрамку для Більта быў раўназначны палітычнаму выжыванню. Невыпадкова ён стаў адным з заснавальнікаў праграмы "Усходняе партнёрства". Але свае справы міністр стаў весці ў стылі "выбарачных кантактаў", які вельмі ўласцівы для палітыкаў Еўрасаюза. Гэта значыць - хто ім падабаецца, з тым гавораць, а хто не - да таго разварочваюцца спінай, моцна лязгаючы дзвярыма. Наўрад ці пры такім падыходзе можна разлічваць на сур'ёзныя вынікі. Вось і ўсходняя стратэгія Більта пацярпела поўнае паражэнне. Прадукцыйнасць "Усходняга партнёрства" вельмі сумніўная, у рэгіёне развіваюцца інтэграцыйныя праекты, якія пакідаюць Еўрасаюз, у тым ліку і Швецыю, убаку. Адсюль і такая надрыўная істэрычнасць у апошніх заявах знешнепалітычнага ведамства Швецыі.


Аднак Більты і Эрыксаны прыходзяць і адыходзяць. Любыя істэрыкі рана ці позна заканчваюцца. Методыка лячэння не новая - шклянка чыстай вады, пахлопванне па шчоках. Вялікадзяржаўныя комплексы таксама лечацца, хоць і больш складана. Каму, як не шведам, гэта ведаць? А народам Беларусі і Швецыі наканавана развіваць добрыя адносіны, гандляваць, весці культурны абмен. Але было б нядрэнна, каб у Стокгольме (ды і не толькі там) нарэшце зразумелі: не для таго Беларусь здабыла незалежнасць і суверэнітэт, каб атрымаць сабе новага "старэйшага брата". Не трэба дыялог падмяняць дыктатам, абмеркаванне праблем - павучальнымі пропаведзямі, а законы дыпламатыі - уласнай нястрымнай ганарыстасцю.


Вадзім ГІГІН,
БЕЛТА

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі