Сцяг Субота, 11 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
22 мая 2012, 13:11

ГЕРОІ ШТУРМУЮЦЬ "ЕЎРАБАЧАННЕ"

Ніводны беларускі ўдзельнік "Еўрабачання" не быў так папулярны як Litesound


Салісты групы Litesound ніколі не хавалі свайго аптымістычнага і баявога настрою ў адносінах да "Еўрабачання". Яны некалькі гадоў запар спрабавалі прайсці нацыянальны адбор конкурсу, аднак кожны раз да перамогі ім не хапала зусім трошкі. У гэтым годзе мара лідараў групы - братоў Дзмітрыя і Уладзіміра Каракіных - нарэшце здзейснілася: яны - прадстаўнікі Беларусі на "Еўрабачанні" ў Баку. З якім настроем хлопцы рыхтуюцца да другога паўфіналу і на што разлічваюць? Як адносіцца да іх прэса і шматлікія паклоннікі прэстыжнага музычнага спаборніцтва? Ці вялікія шанцы ў  Litesoundна перамогу? На гэтыя і іншыя пытанні шукаў адказы карэспандэнт БЕЛТА.


Беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі Маратам Маркавым знаходзіцца ў азербайджанскай сталіцы з 12 мая. Афіцыйны прадстаўнік Беларусі адправіўся заваёўваць конкурс не тое што ў поўным, але нават у пашыраным складзе: акрамя братоў Каракіных, у калектыве працуе іх італьянскі калега Якапа Маса (саліст), Алекс Колчын (бэк-вакаліст, гітарыст) і Ігнат Яковіч (ударнік).


Знаходзячыся ў Баку і назіраючы за развіццём падзей у непасрэднай блізкасці, магу з упэўненасцю сказаць, што ніводнага з прадстаўнікоў Беларусі на "Еўрабачанні" папярэднія гады фанаты і прэса не падтрымлівалі так сур'ёзна, як Litesound. Мала таго, што верныя паклоннікі не далі музыкантам упасці ў дэпрэсію пасля некалькіх няўдач на "Еўрафэсце" (нацыянальным адборы на "Еўрабачанне"), яны да апошняга верылі ў трыумф рок-групы пасля нацыянальнага адбору, праведзенага ў 2012 годзе. Тады было вызначана, што ў Баку павінна ехаць спявачка Алена Ланская, аднак высветлілася, што мела месца падтасоўка галасоў. Справядлівасць перамагла, і група Litesound пасля некалькіх гадоў чакання прарвалася на "Еўрабачанне" з "гераічнай" песняй "We Are The Heroes".


Папулярнасць  Litesound у Беларусі значна ўзрасла пасля ўдзелу братоў Дзмітрыя і Уладзіміра ў прэстыжным конкурсе "Новая хваля", дзе яны выступілі больш чым дастойна. Акрамя таго, што ўдзельнікі групы паказалі высокі ўзровень прафесіяналізму на сцэне ў Юрмале (куды, дарэчы, не адзін год спрабавалі і спрабуюць прабіцца многія беларускія артысты), яны занялі шостае месца ў фінале конкурсу, значна абагнаўшы па балах многіх канкурэнтаў з розных краін свету. Атрымаўшы прызнанне на міжнародным узроўні і атрымаўшы перамогу ў многіх музычных спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню, хлопцы, мабыць, паставілі перад сабой мэту прарвацца на "Еўрабачанне". І не дзіва: "Еўрабачанне" - адзін з нешматлікіх конкурсаў такога маштабу, які дорыць артыстам або прызнанне публікі і павагу сродкаў масавай інфармацыі, або нават... поўны правал. Прыклады апошняга ў беларускай гісторыі ўдзелу, на жаль, былі. Аднак асуджаць дэлегаваных раней на конкурс выканаўцаў за нясціплую пахвалу сябе любімых нельга: яны стараліся на карысць роднай краіны, а на вайне, як вядома, усе сродкі прымальныя. Не павінны ж былі артысты наракаць на лёс і расказваць аб тым, наколькі нялёгкая доля прафесійнага музыканта...


Але вернемся да Litesound. З імі сітуацыя складваецца інакш. Удзельнікі групы, відавочна, прытрымліваюцца прынцыпу: "Менш слоў і больш музыкі" (і правільна!), што выражаецца ў іх штодзённай рабоце над сабой і кампазіцыямі, якія яны, дарэчы, не толькі самастойна ствараюць, але таксама апрацоўваюць і папулярызуюць. Як гаворыцца, група  Litesound і жнец, і жрэц, і на дудзе ігрэц - у добрым сэнсе. Пры гэтым хлопцы заўсёды знаходзяць час на сустрэчу з журналістамі і паклоннікамі. А любоў да іх фанатаў, як вядома, распасціраецца далёка за межы Беларусі і выяўляецца ў колькасці фан-клубаў па ўсёй Еўропе. Да меркавання фанатаў музыканты прыслухоўваюцца асабліва. Паклоннікі ў кліпе на песню для "Еўрабачання" і сацыяльных сетках, паклоннікі на канцэртах і ў штодзённым жыцці - такі дэвіз групы  Litesound.


На "Еўрабачанні-2012" хлопцы проста нарасхват: размова з акуламі пяра ў Баку ў іх можа прадаўжацца і пяць гадзін запар. І гэта не ўсё! На адной з паслярэпетыцыйных прэс-канферэнцый амерыканская  журналістка ўразіла беларускую дэлегацыю тым, што ведала на памяць усе кампазіцыі, з якімі група Litesound розныя гады ўдзельнічала ў "Еўрафэсце". Асабліва журналістцы падабаецца кампазіцыя  "Carry On". Акрамя таго, салістаў  Litesound  - адзіных са шматлікіх канкурэнтаў - запрасілі даць інтэрв'ю азербайджанскаму тэлебачанню. А шматлікія супрацоўнікі СМІ з такім зайздросным пастаянствам адпраўляюць ім запыты і пажаданні на электронную пошту, што адказаць усім у хлопцаў проста не хапае часу. Паколькі ім патрэбна рэгулярна рэпеціраваць на сцэне Бакінскай крыштальнай залы: настроіць святло, гук, падрыхтаваць піратэхніку, адрэпеціраваць асабліва складаныя элементы нумара.


У паўфінале ўдзельнікі групы  Litesound паўстануць перад гледачамі ў вобразе маладых людзей, якія прыляцелі з іншай планеты, каб расказаць усяму чалавецтву, наколькі важна верыць у свае сілы. Галоўная "фішка" нумара заключаецца ў тым, што ў ім прысутнічае "эфект матрыцы": вакалісты літаральна павісаюць у паветры ў гарызантальным становішчы, утрымліваючы вагу свайго цела на адной назе. Гэты трук дастаткова эфектна выглядае на сцэне ў час гучання дынамічнай рок-кампазіцыі "We Are The Heroes". Песня напісана братамі Каракінымі, з ёю ў першапачатковым варыянце яны і выступалі на "Еўрафэсце". Новая версія кампазіцыі для "Еўрабачання-2012" была запісана ў студыі гуказапісу Беларускага радыё Белтэлерадыёкампаніі. У якасці кансультанта было вырашана запрасіць вядомага музычнага прадзюсара і кампазітара з Грэцыі Дзімітрыса Кантопуласа, сярод найбольш паспяховых твораў якога аранжыроўка кампазіцый "My Number One" для пераможцы "Еўрабачання-2005" Алены Папарызу і  "Work Your Magic" Дзмітрыя Калдуна, аўтарства песень для Ганны Лорак і "This Is Our Night" Сакіса Руваса. Супрацоўніцтва з грэчаскім прадзюсарам дапамагло зрабіць песню больш фарматнай, у большай ступені прыдатнай для "Еўрабачання", чым рок-варыянт. Усё ж такі "Еўрабачанне" - конкурс папулярнай музыкі, і гэта патэнцыяльныя і рэальныя ўдзельнікі павінны ўлічваць незалежна ад таго, якой музыкай захапляюцца ў жыцці.


Хваліць сваіх суайчыннікаў-музыкантаў на ўсе лады можна шмат і доўга, асабліва калі табе як журналісту яны глыбока сімпатычныя. Можна без канца гаварыць аб тым, наколькі артысты старанныя і таленавітыя, як прыгожа спяваюць і рухаюцца, наколькі бездакорна гавораць па-англійску... Але абсалютна відавочна ў гэтай сітуацыі адно: удзельнікі Litesound рыхтаваліся да конкурсу вельмі грунтоўна. Пасля перамогі на "Еўрафэсце" у хлопцаў не было часу не тое што адпачыць, але нават паспаць: яны без канца давалі канцэрты, рэпеціравалі конкурсную кампазіцыю і рыхтаваліся да такой важнай у іх жыцці падзеі - выхаду на сцэну "Еўрабачання". Не прыпамінаю, каб хоць у кагосьці з айчынных выканаўцаў была такая ж воля да перамогі на гэтым конкурсе.


Іншая справа, які будзе вынік. Самым крыўдным, безумоўна, было б расчараванне - маўляў, чарговы раз не ацанілі, не заўважылі Беларусь на прэстыжным міжнародным спаборніцтве... Але ў фінал "Еўрабачання" можа прайсці фіксаваная колькасць краін і, зразумела, усім пераможцамі не стаць. Часта пасля не вельмі паспяховага выступлення Беларусі на конкурсе можна пачуць ад калег, мызычных крытыкаў або простых слухачоў рэплікі тыпу: "Я так і ведаў(ла)!", "Не трэба было адпраўляць гэтага выканаўцу (калектыў)". Важна помніць, што пасля бойкі кулакамі не махаюць. Патрэбна дастойна прыняць вынік, асабліва ў тым выпадку, калі было добрае выкананне, прафесіяналізм высокага ўзроўню і канкурэнтаздольная музыка еўрапейскага фармату. А ўсе гэтыя якасці, безумоўна, спалучаюцца ў прадстаўніках Беларусі на "Еўрабачанні-2012".


Таму будзем спадзявацца на лепшае і верыць. Спачатку - у тое, што Беларусь паспяхова пераадолее паўфінал конкурсу, які адбудзецца 24 мая, а пасля ўжо выступіць у фінале. Конкурс жа, як латарэя: некаму пашанцавала больш, некаму менш, а некага фартуна зусім не заўважыла. Не дарма ў спартыўным свеце часта паўтараюць: галоўнае не перамога, а ўдзел.


Таццяна ПАСТУШЭНКА

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі