Сцяг Пятніца, 10 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
04 студзеня 2013, 18:46

Дзяржпраграма садзейнічання занятасці насельніцтва Беларусі на 2013 год зацверджана з аб'ёмам фінансавання Br328,6 млрд.

Савет Міністраў пастановай ад 26 снежня 2012 года нумар 1211 зацвердзіў Дзяржаўную праграму садзейнічання занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2013 год з аб'ёмам фінансавання больш за Br328,6 млрд. (амаль у 1,5 раза больш, чым на 2012-ы). Гэты комплексны дакумент з'яўляецца галоўным інструментам рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сферы. Ён вызначае асноўныя напрамкі і прыярытэты дзейнасці рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржарганізацый, падпарадкаваных ураду, аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, аб'яднанняў наймальнікаў і прафсаюзаў па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы забеспячэння занятасці насельніцтва, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

СТАБІЛЬНАСЦЬ - ПАД КАНТРОЛЕМ

Праграма садзейнічання занятасці, якая штогод прымаецца ў Беларусі, традыцыйна грунтуецца на трыадзінай платформе - гэта аналіз абстаноўкі на рынку працы, рэвізія выканання пастаўленых папярэдняй праграмай задач і прагноз развіцця сітуацыі на будучы перыяд. Новая праграма - не выключэнне.

Як адзначылі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, рэалізацыя дзяржпраграмы садзейнічання занятасці насельніцтва на 2012 год садзейнічала захаванню стабільнай, кантралюемай і кіруемай сітуацыі на рынку працы. Узровень рэгіструемага беспрацоўя на 1 снежня 2012 года склаў 0,6 працэнта да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва (на 1 снежня 2011-га было таксама 0,6 працэнта) пры прагнозе на канец 2012 года - да 1,5 працэнта. Змяншаецца дыферэнцыяцыя рэгіёнаў па ўзроўню беспрацоўя.

Напружанасць на рынку працы рэспублікі знізілася з 0,5 беспрацоўных на вакансію на 1 студзеня 2012 года да 0,4 на 1 снежня. Пры гэтым рынак працы па-ранейшаму арыентаваны на рабочыя прафесіі, якія складаюць 78,8 працэнта ад агульнай колькасці заяўленых наймальнікамі вакансій, з іх каля 10 працэнтаў - прадугледжваюць некваліфікаваную працу. Попыт на работнікаў фарміруецца ў такіх відах эканамічнай дзейнасці, як апрацоўчая прамысловасць, будаўніцтва, сельская гаспадарка, паляванне і лясная гаспадарка, гандаль, рамонт аўтамабіляў, бытавых вырабаў і прадметаў асабістага карыстання, транспарт і сувязь, ахова здароўя і прадастаўленне сацыяльных паслуг. Пазітыўная дынаміка попыту на рабочую сілу садзейнічала зніжэнню сярэдняй працягласці беспрацоўя да 3,7 месяца.

І хоць стабільнасць з'яўляецца асноўнай характарыстыкай цяперашняга стану рынку працы, праблем усё ж нямала - і новых, і тых, што назбіраліся гадамі.

У складзе беспрацоўных кожны чацвёрты адносіцца да катэгорыі грамадзян, няздольных на аднолькавых умовах канкурыраваць на рынку працы (інваліды, людзі, якія ўпершыню шукаюць работу ва ўзросце да 21 года, а таксама тыя, хто вызваліўся з месц пазбаўлення волі і іншыя). Фактычна кожны другі беспрацоўны мае агульную базавую i сярэднюю адукацыю, кожны дзясяты - наогул не мае прафесіі.

Не страчвае актуальнасці праблема жаночага беспрацоўя, нягледзячы на яе зніжэнне (удзельная вага жанчын у структуры беспрацоўных на 1 снежня 2012 года склала 48,5 працэнта, а на 1 снежня 2011 года была 53,5 працэнта). Сярод беспрацоўных у 2012 годзе ўпершыню мужчын зарэгістравана больш, чым жанчын. Як вынік, сярэднестатыстычным беспрацоўным з'яўляецца мужчына ва ўзросце 38 гадоў, які мае агульную сярэднюю адукацыю (у 2011 годзе - жанчына ва ўзросце 34,1 года).

Складана вырашаецца праблема працаўладкавання найменш канкурэнтаздольных катэгорый: інвалідаў, жанчын з малалетнімі дзецьмі, людзей перадпенсійнага ўзросту, моладзі без прафесійнай адукацыі, а таксама грамадзян, вызваленых з месц пазбаўлення волі.

Трэба прызнаць, што на асобных мясцовых рынках працы назіраецца больш высокая напружанасць, чым у цэлым па рэспубліцы. Тут адзначаецца значнае перавышэнне колькасці беспрацоўных над колькасцю свабодных рабочых месц, больш высокія паказчыкі жаночага беспрацоўя.

Колькасць вакансій расце, але, як і папярэднія гады, захоўваецца неадпаведнасць паміж попытам і прапанаваннем рабочай сілы па прафесійна-кваліфікацыйнаму складу, тэрытарыяльнаму размяшчэнню вакансій і беспрацоўных. У Беларусі на 1 снежня 2012 года налічвалася 67,5 тыс. свабодных рабочых месц (год таму ў рэспубліцы было 55,6 тыс. вакансій). Прычым калі ў абласцях рэспублікі колькасць вакансій у 1,5-2 разы перавышае колькасць беспрацоўных, то ў Мінску - амаль у 10 разоў. Значная колькасць свабодных рабочых месц застаецца незапатрабаванымі і непрывабнымі для патэнцыяльных работнікаў.

Адным з істотных фактараў, якія ўплываюць на дысбаланс попыту і прапанавання на рынку працы, з'яўляюцца няўзгодненасць рынку працы і рынку адукацыйных паслуг, дыспрапорцыя ў падрыхтоўцы кадраў па ўзроўнях адукацыі, прафесіях і спецыяльнасцях. З аднаго боку, сістэма адукацыі не ў поўнай меры забяспечвае заяўкі наймальнікаў на падрыхтоўку кадраў, з другога - наймальнікі не могуць вызначыць і прадставіць ва ўстановы адукацыі звесткі аб перспектыўнай патрэбнасці ў кадрах. Акрамя таго, пры росце патрэбнасці ў рабочых кадрах аб'ёмы падрыхтоўкі па рабочых прафесіях зніжаюцца. Праблему недахопу кваліфікаваных кадраў абвастрыў адток рабочай сілы ў суседнія краіны.

Захоўваецца тэндэнцыя перавышэння звальнення работнікаў над прыёмам, павялічваецца вымушаная няпоўная занятасць. Прычым многія праблемы рынку працы сканцэнтраваны на мікраўзроўні - на канкрэтных прадпрыемствах.

У РЭЧЫШЧЫ СТРУКТУРНАЙ ПЕРАБУДОВЫ ЭКАНОМІКІ

Згодна з прагнознымі разлікамі, у 2013 годзе ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне будзе зарэгістравана каля 215 тыс. беспрацоўных. З улікам колькасці беспрацоўных, якія стаялі на ўліку ў канцы 2012 года, агульная колькасць беспрацоўных, маючых патрэбу ў працаўладкаванні, у 2013 годзе складзе каля 250 тыс. чалавек.

Асноўнымі крыніцамі папаўнення рынку працы будуць звольненыя па прычынах цякучасці кадраў і вызваленыя ў выніку мадэрнізацыі вытворчасці і аптымізацыі колькасці работнікаў, а таксама людзі, якія маюць працяглы (больш за адзін год) перапынак у рабоце. Мяркуецца, што на рынак працы выйдуць і тыя, хто раней быў заняты пераважна ў дамашняй гаспадарцы.

У 2013 годзе рынак працы рэспублікі будзе фарміравацца пад уздзеяннем некалькіх значных фактараў. Па-першае, гэта скарачэнне колькасці працоўных рэсурсаў. Па-другое, мадэрнізацыя эканомікі з мэтай павышэння яе канкурэнтаздольнасці і аптымізацыі колькасці працуючых. Па-трэцяе, наяўнасць залішняй рабочай сілы ў шэрагу арганізацый пры яе дэфіцыце на рэгіянальных рынках працы. Па-чацвёртае, дысбаланс паміж попытам і прапанаваннем працоўных месц па прафесійна-кваліфікацыйнаму складу. Па-пятае, захаванне нізкай канкурэнтаздольнасці на рынку працы грамадзян, якія асабліва маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне, - інвалідаў, моладзі, жанчын, грамадзян, вызваленых з устаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы, а таксама маючых працяглы перапынак у рабоце. Па-шостае, наяўнасць праблемных рэгіёнаў у сферы занятасці насельніцтва (сельская мясцовасць, малыя гарады, гарады з монавытворчай структурай эканомікі).

Але самы важны фактар - структурная перабудова эканомікі. Тэхнічнае перааснашчэнне шэрага вытворчасцей, ліквідацыя нерэнтабельных, стратных арганізацый, структурная перабудова эканомікі, рост прадукцыйнасці працы будуць суправаджацца выхадам на рынак працы свабоднай рабочай сілы, ператокам яе з традыцыйных у новыя сектары эканомікі, скарачэннем колькасці занятых у эканоміцы.

Служба занятасці прадоўжыць работу па садзейнічанню наймальнікам у забеспячэнні занятасці работнікаў, вызваленых пры рэструктурызацыі прадпрыемстваў і мадэрнізацыі вытворчасцей, аптымізацыі штатнай колькасці.

Сярод прыярытэтаў на 2013 год - зніжэнне дысбалансу попыту і прапанавання рабочых месц па прафесійна-кваліфікацыйнаму складу, узаемасувязь рынку працы і рынку адукацыйных паслуг. Плануецца ўдасканаліць сістэму бесперапыннага прафесійнага навучання на вытворчасці. Стымуляванне эканамічнай актыўнасці і росту занятасці насельніцтва будзе ажыццяўляцца шляхам садзейнічання развіццю прадпрымальніцтва і самазанятасці грамадзян, у тым ліку з аказаннем фінансавай дапамогі беспрацоўным.

Дзеючая сістэма маніторынгу рынку працы будзе дапоўнена аналізам развіцця розных сістэм аплаты працы ў рэальным сектары эканомікі.

Прадугледжваецца таксама ўдасканаленне рэгулявання працэсаў знешняй працоўнай міграцыі для забеспячэння неабходнага балансу паміж выкарыстаннем нацыянальных працоўных рэсурсаў і прыцягнутай замежнай рабочай сілай. Плануецца арганізаваць маніторынг міграцыйных працэсаў у сферы працоўных рэсурсаў, у тым ліку навуковых і навукова-педагагічных кадраў. Мае патрэбу ва ўдасканаленні і сістэма ўліку міграцыйных патокаў (перш за ўсё паміж краінамі, якія ўваходзяць у Адзіную эканамічную прастору). Паводле даных МУС, у студзені-верасні 2012 года за межы рэспублікі па заключаных працоўных дагаворах выехалі 5 тыс. 779 грамадзян (у студзені-верасні 2011 года - 4 тыс. 565 чалавек). Паводле ацэнак, аб'ёмы знешняй працоўнай міграцыі за межы Беларусі складаюць каля 100-120 тыс. чалавек. Ускосна гэта пацвярджаецца данымі статыстыкі: спісачная колькасць работнікаў арганізацый у студзені-кастрычніку 2012 года знізілася на 81,9 тыс. чалавек да 3 млн. 374 тыс. чалавек, або 97,6 працэнта ад паказчыка за аналагічны перыяд 2011 года.

У ЗОНЕ ПАВЫШАНАЙ УВАГІ

Асноўнай мэтай дзяржпраграмы з'яўляецца павышэнне эфектыўнасці выкарыстання працоўных рэсурсаў і канкурэнтаздольнасці рабочай сілы на рынку працы. Пры гэтым па традыцыі асаблівая ўвага ўдзяляецца вырашэнню праблем працаўладкавання мэтавых груп насельніцтва. Наймальнікам устанаўліваецца броня для прыёму на работу 25 тыс. 260 чалавек, якім даюцца дадатковыя гарантыі ў галіне садзейнічання занятасці. Плануецца выдзяленне бюджэтных пазык наймальнікам для стварэння 480 рабочых месц, у тым ліку не менш за 30 працэнтаў ствараемых рабочых месц прадугледжаны для працаўладкавання грамадзян, маючых дадатковыя гарантыі занятасці.

У новай дзяржпраграме канкрэтызаваны мерапрыемствы, накіраваныя на забеспячэнне занятасці моладзі. У прыватнасці, для беспрацоўных ва ўзросце да 21 года, упершыню шукаючых работу, будзе забяспечана прыярытэтнае накіраванне на прафнавучанне. На "Маладзёжную практыку" з частковай кампенсацыяй наймальнікам затрат на аплату працы накіруюць 1 тыс. 280 чалавек. Запланавана арганізацыя часовай працоўнай занятасці навучэнскай моладзі ў вольны ад вучобы час - для 23 тыс. 840 юнакоў і дзяўчат. Далейшае развіццё атрымае сістэма працаўладкавання моладзі, а таксама прафарыентацыі (перш за ўсё школьнікаў), нацэленай на павышэнне прэстыжу рабочых прафесій.

На прадпрыемствах Беларусі ў гэтым годзе працоўную адаптацыю па накіраванню службы занятасці пройдуць як мінімум 475 беспрацоўных інвалідаў, аб'ём фінансавання на гэтыя мэты прадугледжаны ў аб'ёме звыш Br11,4 млрд. Плануецца больш за Br26,6 млрд. накіраваць на фінансаванне і кампенсацыю (у адпаведнасці з заяўкамі наймальнікаў) затрат на стварэнне і захаванне рабочых месц для 153 інвалідаў.

Замацаваны гарантыі занятасці для людзей, якія вярнуліся з месц пазбаўлення волі (МПВ). У прыватнасці, для іх забраніраваны рабочыя месцы. Плануецца распрацаваць палажэнне аб парадку фінансавай падтрымкі наймальнікаў, якія ствараюць рабочыя месцы для працоўнай рэабілітацыі вызваленых з МПВ.

Такім чынам, будуць прыняты меры па стварэнню ўмоў для ўключэння ў эканамічную дзейнасць мэтавых груп насельніцтва, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы. Стымуляванне наймальнікаў, якія ствараюць рабочыя месцы для працаўладкавання на іх грамадзян, якім прадастаўляюцца дадатковыя гарантыі ў галіне садзейнічання занятасці насельніцтва, будзе прадоўжана шляхам прадастаўлення ім бюджэтных пазык, кампенсацый затрат за стварэнне рабочых месц для інвалідаў са сродкаў бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

У дзяржпраграме названы малыя, сярэднія гарадскія паселішчы, раёны з высокай напружанасцю на рынку працы. У Брэсцкай вобласці гэта гарады Ганцавічы, Іванава, Мікашэвічы Лунінецкага раёна; у Віцебскай вобласці - Браслаўскі, Пастаўскі раёны, г.п.Варапаева Пастаўскага раёна; у Гомельскай вобласці - Жлобінскі, Рагачоўскі, Светлагорскі раёны; у Гродзенскай вобласці - Навагрудскі, Шчучынскі раёны; у Мінскай вобласці - Вілейскі, Салігорскі раёны, г.Вiлейка; у Магілёўскай вобласці - Бялыніцкі, Краснапольскі раёны. З улікам Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2011-2015 гады вызначаны меры па забеспячэнню занятасці насельніцтва яшчэ ў сямі рэгіёнах - у Лунінецкім, Столінскім і Пінскім раёнах Брэсцкай вобласці, Жыткавіцкім, Мазырскім, Петрыкаўскім і Нараўлянскім раёнах Гомельскай вобласці. Па ўсіх названых рэгіёнах будуць распрацаваны мерапрыемствы ў абласных праграмах садзейнічання занятасці.

У 2013 годзе дзяржслужба занятасці акажа садзейнічанне ў працаўладкаванні на створаныя рабочыя месцы і існуючыя вакансіі 23,5 тыс. жыхароў сельскай мясцовасці. Запланавана выдзяленне бюджэтнай пазыкі наймальнікам для стварэння рабочых месц і працаўладкавання 145 жыхароў вёскі. Прадугледжваецца перасяліць 252 сям'і беспрацоўных (пераважна ў сельскую мясцовасць), фінансаванне на гэтыя мэты плануецца выдзеліць у аб'ёме больш як Br3,2 млрд. Грамадскія аплатныя работы будуць арганізаваны для 35,9 тыс. незанятых вяскоўцаў.

МАКСІМУМ БЕСПРАЦОЎЯ - 1,5 ПРАЦЭНТА

Плануецца, што ў 2013 годзе служба занятасці акажа садзейнічанне ў працаўладкаванні на створаныя рабочыя месцы і існуючыя вакансіі 170 тыс. чалавек, у тым ліку 118 тыс. беспрацоўных. У аплатных грамадскіх работах прымуць удзел 64,5 тыс. чалавек, у тым ліку 32,6 тыс. беспрацоўных. Накіраванне на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі атрымаюць 12,5 тыс. беспрацоўных, у тым ліку не менш за 70 працэнтаў - па заяўках наймальнікаў з гарантыяй далейшага працаўладкавання. Садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай, рамеснай дзейнасці, а таксама дзейнасці па аказанню паслуг у сферы аграэкатурызму будзе аказана 2 тыс. 470 беспрацоўных (з прадастаўленнем фінансавай падтрымкі).

Інфармацыйнае забеспячэнне насельніцтва і арганізацый па пытаннях занятасці насельніцтва будзе рэалізоўвацца праз стварэнне адзінага інфармацыйнага партала службы занятасці насельніцтва. З 2013 года наймальнікам плануецца даць магчымасць прадстаўляць звесткі ў Агульнарэспубліканскі банк вакансій аб наяўнасці свабодных рабочых месц (вакансій) пры дапамозе сеткі Інтэрнэт з выкарыстаннем электроннага ключа.

Агульную каардынацыю і маніторынг выканання мерапрыемстваў дзяржпраграмы ажыццяўляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, каардынацыю і кантроль выканання гэтых мерапрыемстваў на месцах - аблвыканкамы і Мінгарвыканкам.

На выкананне мерапрыемстваў дзяржпраграмы садзейнічання занятасці насельніцтва ў 2013 годзе будзе накіравана Br328 млрд. 648,2 млн., у тым ліку са сродкаў бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва - Br290 млрд. 898,2 млн.

У выніку рэалізацыі мерапрыемстваў дзяржпраграмы да канца 2013 года ўзровень рэгіструемага беспрацоўя не перавысіць 1,5 працэнта да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва, у тым ліку ў Брэсцкай вобласці - 1,3 працэнта, Віцебскай - 1,4 працэнта, Гомельскай - 1,5 працэнта, Гродзенскай - 1,2 працэнта, Мінскай - 1,4 працэнта, Магілёўскай - 1,5 працэнта і ў Мінску - 0,6 працэнта.

Алена ПРУС,
БЕЛТА.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі