Сцяг Субота, 4 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 жніўня 2016, 14:02

Жнівень у Беларусі будзе цяплейшым, чым звычайна

1 жніўня, Мінск /Надзея Буката - БЕЛТА/. Жнівень у бягчым годзе будзе цяплейшым за кліматычную норму, паведаміў у Facebook начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў, перадае БЕЛТА.

"Сярэдняя месячная тэмпература паветра ў жніўні чакаецца на 1 градус вышэйшай за кліматычную норму (норма 16-17 градусаў). У жніўні днём паветра звычайна праграваецца да 21-24 градусаў", - паведаміў Дзмітрый Рабаў.

Самая высокая тэмпература паветра ў Беларусі (плюс 38,9 градуса) была зарэгістравана днём 8 жніўня 2010 года на метэастанцыі Гомель. Ноччу ў гэты час у краіне звычайна бывае ад 10 да 13 вышэй за нуль. Самая нізкая тэмпература паветра ў жніўні (мінус 3,4 градуса) адзначана ў ноч на 30 жніўня 1966 года на метэастанцыі Палеская.

У канцы месяца сярэдняя сутачная тэмпература паветра на большай частцы тэрыторыі краіны зніжаецца да 15 градусаў цяпла, толькі на поўдні краіны гэты пераход ажыццяўляецца ў першыя пяць дзён верасня. Прыкладна раз у 20 гадоў у трэцяй дэкадзе жніўня назіраюцца замаразкі. Аднак на Палессі замаразкі магчымы ў другой дэкадзе месяца, а на асушаных тарфяніках яны часам назіраюцца і ў першай дэкадзе жніўня.

Месячная колькасць ападкаў у жніўні 2016 года плануецца ў межах нормы. У сярэднім за месяц бывае 11-15 дзён з дажджом і выпадае 62-89 мм ападкаў. У дажджлівыя месяцы сума ападкаў можа дасягаць 2-4 месячныя нормы і складаць 142-329 мм, у засушлівыя гады ў асобных раёнах месячная сума ападкаў можа змяншацца да 1-17 мм. Максімальная колькасць ападкаў за суткі (146 мм) зафіксавана ў Бабруйску ў 1970 годзе.

Навальнічная дзейнасць у жніўні слабее, сярэдняя колькасць дзён з навальніцамі змяншаецца да чатырох-сямі. У жніўні ў сярэднім на працягу 1-4 начэй назіраюцца туманы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі