Сцяг Субота, 4 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 жніўня 2016, 13:01

Заключыць дагавор страхавання для выезду за мяжу ў Беларусі цяпер можна анлайн

2 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Заключыць дагавор страхавання для выезду за мяжу ў Беларусі цяпер можна анлайн, паведаміў у час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара ЗАСТ "Прамтрансінвест" Сяргей Андрыевіч.

"Цяпер толькі "Прамтрансінвест" забяспечвае поўны цыкл куплі страхавых полісаў анлайн. Заключыць дагавор страхавання нескладана: трэба зайсці на сайт www.пти.бел, прайсці даволі простую, але ў той жа час надзейную працэдуру рэгістрацыі, а далей ужо ў сваім так званым кабінеце кліента, дзейнічаючы ў адпаведнасці з інструкцыяй, заключыць дагавор", - растлумачыў ён.

Сяргей Андрыевіч нагадаў, што пакуль кампанія прадастаўляе магчымасць рэгістрацыі ў інтэрнэце толькі полісаў для выезду за мяжу. "Візавы кодэкс не рэгламентуе, у якой форме павінен быць складзены дагавор медыцынскага страхавання. Таму для падачы дакументаў у пасольства або візавы цэнтр неабходна раздрукаваць дагавор і паведамленне аб заключэнні дагавора, якія прымацаваны да электроннага пісьма. Хачу адзначыць, што нікому з кліентаў, якія заключылі полісы анлайн і падавалі дакументы для атрымання віз, наколькі нам вядома, не адмовілі ў прыёме такой формы страхоўкі", - расказаў ён.

"Паслуга афармлення поліса анлайн абсалютна бясплатная. Пры гэтым мы прадастаўляем скідку ў памеры 25 працэнтаў нашым кліентам, якія заключаць дагавор страхавання для выезду за мяжу праз інтэрнэт", - дадаў намеснік гендырэктара.

Ён адзначыў, што кампаніі выгадна пераводзіць карыстальнікаў на работу анлайн. "Пры заключэнні дагавораў страхавання анлайн выключаецца ўдзел спецыяліста, няма папяровага дакументаабароту, мінімізуюцца выдаткі па заключэнні дагавора. Таму мы можам дазволіць сабе зрабіць такую скідку. З аднаго боку, мы прытрымліваемся палітыкі дзяржавы ў галіне развіцця электронных продажаў, электроннага дакументаабароту, а з другога - скарачаем свае затраты, што таксама адпавядае даручэнням аб зніжэнні сабекошту", - заявіў прадстаўнік кампаніі.

Цяпер аплаціць страхавы поліс можна праз АРІП. "У бліжэйшай будучыні мы пачнём працаваць і з плацежнай сістэмай Ерау, якая не патрабуе наяўнасці "асабістага кабінета" ў адным з банкаў", - растлумачыў Сяргей Андрыевіч.

Ён адзначыў, што беларускія страхоўшчыкі толькі пачынаюць асвойваць вопыт анлайн-продажаў полісаў страхавання. "Напрыклад, у інтэрнэце дагавор страхавання заключае кожны трэці жыхар Германіі і амаль кожны чацвёрты - у Вялікабрытаніі. У сярэднім па Еўропе паслугамі анлайн-страхавання карыстаюцца каля 40 працэнтаў насельніцтва. На сённяшні дзень многія беларускія страхавыя кампаніі прапануюць сваім кліентам застрахавацца праз інтэрнэт. Пры гэтым, як правіла, гэта ўсяго толькі анлайн-афармленне заяўкі на набыццё страхавога поліса з далейшым выездам кліента ў офіс кампаніі альбо дастаўкай поліса кур'ерам ці поштай. У нас жа - поўны цыкл куплі страхавых полісаў", - падкрэсліў ён.

Сяргей Андрыевіч звярнуў увагу, што перавагі страхавання анлайн - гэта перавагі інтэрнэту: хутка, проста, зручна. "Акрамя таго, сэканомлены на візіце ў офіс час лепш патраціць на вывучэнне правіл страхавання і быць лепш падрыхтаваным да любых падзей", - канстатаваў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі