Сцяг Субота, 4 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 красавіка 2024, 13:00

У рэгіёнах Беларусі вылучылі кандыдатаў у склад Прэзідыума УНС

23 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У рэгіёнах Беларусі вылучылі кандыдатаў у склад Прэзідыума УНС, паведамляе БЕЛТА.

Ад Мінскай вобласці на пасяджэнні Прэзідыума Мінскага абласнога Савета дэпутатаў вылучаны кандыдатам у склад Прэзідыума УНС дырэктар дзяржаўнай ўстановы "Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава" Сяргей Палякоў.

Як адзначыла старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая, Сяргей Палякоў "прайшоў шлях ад урача-анколага паліклінічнага аддзялення да дырэктара РНПЦ, доктара медыцынскіх навук".

"Установа, якой кіруе Сяргей Львовіч, у частцы анкалогіі з'яўляецца вядучай у краіне. Пад яго кіраўніцтвам калектыў дабіўся вялікіх вынікаў - дзякуючы даследчай рабоце, новым метадам лячэння, новым практыкам, абсталяванню і той увазе, якая ўдзяляецца ў дзяржаве лячэнню новаўтварэнняў. Упэўнена, што Сяргей Львовіч дастойна прадставіць Мінскую вобласць на Усебеларускім народным сходзе", - растлумачыла Наталля Якубіцкая.

"Вылучэнне ў Прэзідыум УНС - прадстаўнічы орган народаўладдзя - накладае пэўную адказнасць з разуменнем таго моманту, у якім мы цяпер знаходзімся, часе, у якім жывём. Гэта вялікі гонар", - адзначыў Сяргей Палякоў.

Сяргей Палякоў з'яўляецца ўрачом вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, доктарам медыцынскіх навук, прафесарам. Аўтар больш як 300 навуковых работ, мае 3 манаграфіі, 7 патэнтаў, 12 інструкцый па прымяненні. Узнагароджаны знакам "Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь", медалём "За працоўныя заслугі".

На сумесным пасяджэнні Гомельскага аблвыканкама і Прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў у кандыдаты ў Прэзідыум УНС вылучылі дырэктара Гомельскага хімзавода Дзмітрыя Чарнякова.

Дзмітрый Чарнякоў будзе ўдзельнічаць ва УНС трэці раз. "З аднаго боку, гэта вялікі гонар, з іншага - высокая адказнасць. Прыкладу ўсе намаганні, набыты вопыт, каб дастойна прадставіць Гомельскую вобласць", - падкрэсліў ён.

Усяго паўднёва-ўсходні рэгіён на УНС будуць прадстаўляць 23 старшыні абласнога, гарадскога і райвыканкамаў, 55 дэлегатаў ад мясцовых Саветаў дэпутатаў, 50 прадстаўнікоў ад грамадзянскай супольнасці.

Віцебская вобласць таксама вызначылася з кандыдатам у склад Прэзідыума УНС. Ад паўночнага рэгіёна ім вылучаны генеральны дырэктар УП "Віцебскаблгаз" Аляксандр Бранцэвіч. Старшыня Віцебскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў (ВААП) Юрый Дзеркач, прадстаўляючы кандыдата, адзначыў, што Аляксандр Бранцэвіч працуе ў сістэме газавай гаспадаркі з 2000 года. Гэта чалавек, які прайшоў працоўны шлях ад слесара па эксплуатацыі і рамонце падземных газаправодаў філіяла "Віцебскае вытворчае ўпраўленне газавай гападаркі" да гендырэктара УП "Віцебскаблгаз".

"Аляксандр Васільевіч з'яўляецца прафесіяналам у сваёй галіне, валодае міжгаліновымі ведамі. За дасягнутыя вынікі ў працы неаднаразова ўзнагароджаны ганаровымі граматамі Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь. Яму прысвоены ганаровыя званні "Заслужаны работнік УП "Віцебскаблгаз", "Заслужаны работнік газавай і паліўнай прамысловасці", - сказаў Юрый Дзеркач. - Аляксандр Васільевіч з'яўляецца чалавекам глыбока адданым нашай дзяржаве. Валодаючы вялікім патэнцыялам і кампетэнцыямі, уносіць значны ўклад у сацыяльнае партнёрства, развіццё і яднанне нашага грамадства, абарону суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь".

Кандыдата ў склад Прэзідыума УНС ад Віцебскай вобласці добра ведаюць жыхары вобласці і аказваюць яму высокі давер. Аляксандр Бранцэвіч выбраны дэпутатам Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў 29-га склікання па Браслаўскай выбарчай акрузе. Аляксандр Бранцэвіч, каменціруючы будучы ўдзел ва УНС, адзначыў: "Я ўпэўнены, што мы апраўдаем аказаны высокі давер. На самай справе гэта пляцоўка для прадстаўнікоў усяго народа, усіх сфер эканомікі, жыццядзейнасці дзяржавы. Будзем працаваць дастойна, на карысць нашай дзяржавы".

Ад Гродзенскай вобласці на пасяджэнні Прэзідыума Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў вылучаны кандыдатам у склад Прэзідыума УНС старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. 

Кандыдатура Уладзіміра Караніка была падтрымана ўсімі членамі Прэзідыума аблсавета.

Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта звярнула ўвагу: "Гэта чалавек, які разбіраецца ва ўсіх сферах дзейнасці. За перыяд яго кіравання ў Гродзенскай вобласці ў нас поспехі практычна ва ўсіх напрамках. Высокія вынікі паказвае сельская гаспадарка, прамысловасць, эканоміка, узнімаецца ўзровень і якасць жыцця нашага насельніцтва. Ён дакладна разумее тыя праблемныя пытанні, на якія перш за ўсё неабходна звяртаць увагу. Гэта развіццё сацыяльнай сферы, будаўніцтва бальніц, школ, дзіцячых садоў, гэта развіццё спорту, турызму і культуры. У тым ліку гэта асаблівая ўвага развіццю прамысловасці ў такіх няпростых умовах санкцыйнага націску і гэта, вядома, разуменне таго, як забяспечыць бяспеку нашых жыхароў, улічваючы, што мы з'яўляемся такім заходнім фарпостам нашай краіны".

"Вельмі змястоўныя водгукі гаварылі ўсе прадстаўнікі Прэзідыума абласнога Савета, разумеючы тое, што дэлегацыю Усебеларускага народнага сходу ад Гродзенскай вобласці павінен прадстаўляць менавіта такі чалавек, які, ведаючы і ўжо валодаючы пэўным вопытам, можа маштабаваць ў рамках краіны тыя напрацоўкі і тыя поспехі, якія мы наглядна бачым у перыяд работы старшынёй аблвыканкама на працягу чатырох гадоў", - дапоўніла Алена Пасюта.

Ад горада Мінска кандыдатам у склад Прэзідыума УНС вылучаны рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім Богуш. Адпаведнае рашэнне прынята на сумесным пасяджэнні Прэзідыума Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і Мінскага гарвыканкама.

Вадзім Богуш - доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. З'яўляецца старшынёй Савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі.

Магілёўская вобласць вылучыла кандыдатам у склад Прэзідыума УНС намесніка старшыні абласнога выканаўчага камітэта Руслана Страхара, за плячамі якога - дзесяць гадоў работы ў прамысловым сектары эканомікі і 13 - стажу дзяржслужбы. На цяперашняй пасадзе ён працуе з чэрвеня 2019 года, удастоены медаля "За бездакорную службу" ІІІ ступені.

"Удвая ганарова і адказна стаць кандыдатам у склад Прэзідыума УНС, паколькі гэта той калегіяльны орган, які забяспечвае аператыўнае вырашэнне пытанняў, што ўваходзяць у кампетэнцыю УНС, - падкрэсліў Руслан Страхар. Менавіта тут кампетэнтнасць, вопыт і веды выходзяць на першы план. Таму я ўпэўнены, што мой вопыт у рэальным сектары эканомікі і дзяржаўнай службе, а таксама ў якасці дэпутата абласнога Савета дэпутатаў будзе карысны ў вырашэнні важнейшых пытанняў, якія стаяць перад УНС".

Паводле слоў Руслана Страхара, Усебеларускі народны сход стаў вышэйшай ступенню праяўлення народнай дэмакратыі ў нашай краіне, прычым гэты орган народаўладдзя аб'ядноўвае прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў і слаёў беларускага грамадства. "Са свайго боку я прыкладу ўсе намаганні для таго, каб дапамагчы ў выпрацоўцы лёсавызначальных для краіны рашэнняў, якія будуць нацэлены на ўстойлівае развіццё Магілёўскай вобласці і Беларусі ў цэлым", - рэзюмаваў ён.

Ад Брэсцкага рэгіёна кандыдатам у склад Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу вылучаны старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка. Кандыдатуру Юрыя Шулейкі падтрымалі аднагалосна.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі