Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 верасня 2017, 14:05

Каталіцкія біскупы з краін Еўропы правядуць службы ў мінскіх храмах

25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнікі епіскапскіх канферэнцый з 45 краін свету прыбудуць у Мінск для ўдзелу ў пленарным пасяджэнні Савета канферэнцый каталіцкіх біскупаў Еўропы. У ходзе асамблеі некаторыя іерархі наведаюць прыходы Мінска, дзе прымуць удзел у службах, паведамілі БЕЛТА ў Рымска-каталіцкай царкве ў Беларусі.

Так, 28 верасня ў 19.00 адбудзецца служба ў храме святога Сымона і святой Алены (Чырвоным касцёле). Яе правядзе прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў кардынал Марк Уэле.

На 29 верасня ў 18.30 намечана імша ў касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі (архікафедральным саборы), якую правядзе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Служба ў храме Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы адбудзецца 30 верасня ў 19.00, яе правядзе кардынал Анджэла Баньяска, архібіскуп Генуі, кіраўнік Савета епіскапскіх канферэнцый Еўропы.

Плануецца, што і 1 кастрычніка іерархі наведаюць некаторыя прыходы Мінска, дзе ўзначаляць імшу і сустрэнуцца з вернікамі. Расклад на 1 кастрычніка з'явіцца пазней.

Пленарнае пасяджэнне Савета канферэнцый каталіцкіх біскупаў Еўропы будзе праходзіць у Мінску з 28 верасня па 1 кастрычніка, яно прысвечана моладзі і будучыні кантынента як агульнага дому. Рашэнне аб гэтым было прынята ў ходзе мінулагодняга такога форуму кіраўнікоў каталіцкіх епіскапатаў Еўропы, які праходзіў у Манака.

Падагульняючы дакумент пленарнага пасяджэння ў Мінску будзе агучаны 30 верасня.

Савет канферэнцый каталіцкіх біскупаў Еўропы бярэ свой пачатак у 1965 годзе, калі ў час сустрэчы 13 кіраўнікоў нацыянальных епіскапатаў у Рыме быў заснаваны камітэт, накіраваны на развіццё магчымасцей для больш цеснага супрацоўніцтва на ўзроўні мясцовых епіскапатаў. Устаноўчы сход Савета адбыўся ў Рыме 23-24 сакавіка 1971 года. У яго склад уваходзяць 39 членаў - Канферэнцыі біскупаў еўрапейскіх краін і некалькі іншых іерархічных структур. У час штогадовай пленарнай асамблеі праходзяць выбары месца наступнага пленарнага пасяджэння.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі