Сцяг Субота, 4 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 кастрычніка 2015, 16:26

Ідэалогія развіцця Мінска прадугледжвае захаванне зялёнага пояса вакол горада

29 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ідэалогія развіцця Мінска прадугледжвае захаванне зялёнага пояса вакол горада. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Павел Лучыновіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Павел Лучыновіч адзначыў, што пытанне стратэгіі развіцця горада з'яўляецца трэцім па значнасці, якім цікавяцца мінчане. "Ідэалогія яго далейшага развіцця - захаванне зялёнага пояса вакол горада і развіццё гарадскіх падцэнтраў, каб у нас не было дэпрэсіўных закінутых тэрыторый, каб не адбывалася канцэнтрацыі ўсяго насельніцтва ў цэнтры горада", - сказаў ён.

Цяпер Мінск ідзе па шляху вырашэння актуальных праблем, вызначаючыся, якім будзе горад у далейшым - з вялікай шчыльнасцю, шматпавярхоўнасцю або больш еўрапейскі, малапавярховы.

Развіццё Мінска хутчэй бачыцца ў еўрапейскіх тэндэнцыях. "У нас усё ж такі еўрапейская тэндэнцыя, і параўнанне з азіяцкімі гарадамі не зусім карэктна", - заўважыў Павел Лучыновіч. Ён не згадзіўся, што вышынныя будынкі, якія з'яўляюцца ў беларускай сталіцы, набліжаюць яе да сусветных гарадоў, чыё аблічча фарміруюць шматузроўневыя будынкі. "У Дубаі колькасць будынкаў вышэйшых за 300 м, напэўна, адна з самых вялікіх па шчыльнасці канцэнтрацыі ў свеце. Калі параўноўваць, то ў нас у бліжэйшыя гады адзін з самых высокіх будынкаў будзе новы шматфункцыянальны цэнтр "Газпрама". Яго вышыня складзе 186 м. Нам да Дубая вельмі далёка", - сказаў Павел Лучыновіч.

Старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва дадаў, што пытанне аб дадатковым размяшчэнні 11 тыс. жыхароў у раёне Каменная Горка не актуальнае, паколькі гарад ад такога сцэнарыя адмовіўся.

Павел Лучыновіч расказаў, што ў час прыёму грамадзян і прамых ліній каля 70 працэнтаў пытанняў датычаць захавання сядзібнай жылой забудовы, на другім месцы - тэма захавання зялёных зон. "Тэма зялёных зон вельмі актуальная. Нам неабходна захоўваць існуючую водную сістэму і развіваць зялёныя тэрыторыі, якія зарэзерваваны генеральным планам. Размова ідзе пра другое левае паўкальцо Лошыца - рака Мышка, таму што там знаходзяцца буйнейшыя раёны горада - Каменная Горка, Сухарава, Кунцаўшчына, Паўднёвы Захад, Малінаўка. Гэта важная праблема, зелені на гэтых тэрыторыях не хапае", - лічыць ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі