Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 ліпеня 2016, 13:49

Гарачыня ў Беларусі ў выхадныя крыху спадзе

28 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У бліжэйшыя выхадныя дні гарачыня ў Беларусі крыху аслабее, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны сіноптык Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Святлана Рыбакова.

"Заканчваецца ліпень, і можна сказаць, што, нягледзячы на неаднародны тэмпературны рэжым, калі перыяды гарачага надвор'я чаргаваліся з пахаладаннямі, у цэлым ліпень быў цяплейшы, чым звычайна. Сярэдняя за месяц тэмпература паветра была на 1-2 градусы вышэйшай за кліматычную норму, а вось дажджоў выпала больш за норму. Апошні тыдзень ліпеня таксама быў шчодрым на цяпло і навальнічныя дажджы", - адзначыла сіноптык.

Святлана Рыбакова растлумачыла, што ў бліжэйшыя суткі тэрыторыя Беларусі зноў будзе пад уплывам актыўных атмасферных франтоў. Чакаецца няўстойлівае надвор'е, а з паўночна-заходніх раёнаў - паступовае аслабленне гарачыні. У пятніцу, 29 ліпеня, ноччу ў заходніх і цэнтральных раёнах, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя навальнічныя дажджы, месцамі навальніцы будуць суправаджацца шквалістым узмацненне ветру з парывамі да 15-20 м/с. Днём у асобных раёнах чакаюцца град і моцныя ліўні. Тэмпература паветра ноччу складзе 15-21 градус вышэй за нуль, днём будзе 22-28, па паўднёвым усходзе паветра прагрэецца да 29-33 градусаў.

У выхадныя гарачыня аслабее, але без кароткачасовых дажджоў не абыдзецца. У суботу, 30 ліпеня, ноччу месцамі, днём на большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Тэмпература паветра ноччу складзе 13-20, удзень чакаецца 22-29 градусаў.

У нядзелю месцамі прагназуюцца кароткачасовыя дажджы, днём магчымы навальніцы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах згусціцца слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 12-19 градусаў, днём будзе 21-28 цяпла.

У пачатку наступнага тыдня захаваецца няўстойлівае надвор'е. У панядзелак і аўторак на большай частцы тэрыторыі чакаюцца кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Тэмпература паветра ноччу складзе 13-20, днём будзе 21-28 градусаў. У панядзелак па паўднёвым усходзе паветра прагрэецца да 29-32 градусаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі