Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навіны складаюць гісторыю". Погляд цераз аб'ектыў: Уладзімір Лупейка

Грамадства 26.02.2018 | 14:57
Фотакарэспандэнт БЕЛТА Уладзімір Лупейка. 1943 год
Фотакарэспандэнт БЕЛТА Уладзімір Лупейка. 1943 год

Погляд цераз аб'ектыў: Уладзімір Лупейка

Сёння фотаархіў БЕЛТА - адзін з самых вялікіх хранікальных фондаў Беларусі. У ім больш за 200 тыс. толькі электронных фатаграфій, не лічачы негатываў. На сучасным этапе развіцця агенцтва штогод у архіў паступае больш за 30 тыс. фота-навін, якія адлюстроўваюць асноўныя падзеі ў Беларусі і за мяжой. У ліку фотакарэспандэнтаў, якія стаялі ля вытокаў фотахронікі БЕЛТА, Уладзімір Лупейка.

Ураджэнец Пухавіцкага раёна Уладзімір Навумавіч Лупейка асірацеў у гады грамадзянскай вайны, быў беспрытульным, затым выхоўваўся ў Барысаўскім дзіцячым доме. Яшчэ ў час службы ў Чырвонай Арміі ён захапіўся фатаграфіяй, а звольніўшыся ў запас, прыйшоў на работу ў БЕЛТА.

"У 1936 годзе я дэмабілізаваўся,- прыгадваў ён аб тым перыядзе свайго жыцця. - У загадзе гаварылася: "Выдаць чырвонаармейцу Лупейку тры пары бялізны ніжняй, навалачку, тры прасціны, коўдру...". Ужо маючы нейкі вопыт у фотасправе, прыехаў у Мінск. Залічылі ў верасні 1936 года ў БЕЛТА на пасаду фотакарэспандэнта. Помню першае заданне: зняць на плёнку абмеркаванне праекта Канстытуцыі СССР на заводзе імя Кірава".

Захаваліся ўспаміны Уладзіміра Лупейкі аб стварэнні фотахронікі БЕЛТА:

"У адзін з дзён нам, работнікам БелСаюзфота, аб'явілі, што наша служба перадаецца БЕЛТА. Нельга сказаць, што мы вельмі абрадаваліся гэтаму паведамленню. Што чакае нас на новым месцы работы?

Асе ўсё атрымалася як мага лепш. Агенцтву, якое займала першы паверх у будынку на вуліцы Савецкай (Ленінскі праспект - на момант напісання ўспамінаў, а цяпер праспект Незалежнасці. - Заўвага БЕЛТА) не давялося цясніцца - мы засталіся на старым месцы. Нас (гэта 6-7 чалавек) сталі называць па штатным раскладзе фотакарэспандэнтамі. Мы лічыліся ў цэнтральным апараце, затым былі ўведзены пасады ўласных карэспандэнтаў у абласцях. Мяне накіравалі ў Віцебскую вобласць, а пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі - фотакарэспандэнтам па Брэсцкай і Пінскай абласцях. Акрамя насм былі пазаштатныя карэспандэнты.

Забяспечвалі фотаінфармацыяй рэспубліканскія газеты і Маскву. Фатаграфавалі на фотапласцінкі фотаапаратамі "Фотакор". "ФЭД" мела толькі мінская група. Фотапласцінкі (шкляныя) пасылаліся пасылкай (звычайнай бандэроллю). У Мінску друкавалі і вызначалі, што на Маскву, што рэспубліцы, што для абласных раённых газет.

Выпускаліся для рэспублікі таксама фотападборкі і масавая прадукцыя (паштоўкі, краявіды рэспублікі, гарадоў і г.д.)".

Вялікая Айчынная вайна. Акупіраваная тэрыторыя Беларусі. Жыхары Лунінецкага раёна ў сямейным лагеры слухаюць расказ агітатара пра жыццё на Вялікай зямлі. Чэрвень 1943 года. Фота Уладзіміра Лупейкі

Вялікая Айчынная вайна. Акупіраваная тэрыторыя Беларусі. Сакратар Брэсцкага падпольнага абкама КП(б)Б Сяргей Іванавіч Сікорскі выказвае ўдзячнасць Марыі Пятроўне Шыш за яе трох сыноў, якія змагаліся ў партызанскіх атрадах. Кастрычнік 1943 года. Фота Уладзіміра Лупейкі

Партызаны Мінскага злучэння ўваходзяць у вызваленую сталіцу. Ліпень 1944 года. Фота Уладзіміра Лупейкі

Мінск пасля вызвалення. Разбурэнні на вуліцы Леніна, пакінутыя фашыстамі. Верасень 1944 года. Фота Уладзіміра Лупейкі

Летам 1945 года савецкія воіны-пераможцы вярталіся ў родныя мясціны. Ліпень 1945 года. Фота Уладзіміра Лупейкі

Зрэшты, восенню 1939 года Уладзімір Лупейка быў назначаны фотакарэспандэнтам БЕЛТА па Брэсцкай і Пінскай абласцях. Вайна застала яго ў Брэсце. Тут стварылі падпольную камсамольскую арганізацыю літаральна праз некалькі дзён пасля акупацыі. На яе базе быў створаны гаркам камсамола, і Лупейка быў яго членам. Ажыццяўляў сувязь з партызанскім атрадам. У лютым 1942 года пайшоў у партызаны пасля таго, як у ліквідаванага старшыні знайшлі спіс камсамольцаў, у тым ліку і Лупейкі.

На працягу ўсёй вайны Уладзімір Навумавіч працягваў лічыць сябе фотакарэспандэнтам Беларускага тэлеграфнага агенцтва. Ён не толькі ваяваў са зброяй у руках, але і здымаў партызанскія будні і баявыя аперацыі, а калі наладзілася сувязь з Вялікай зямлёй, перасылаў плёнкі самалётамі ў ТАСС. Фотарэпартажы Лупейкі "Падрыў варожага эшалона", "Бой за хлеб" і іншыя былі апублікаваны ў многіх савецкіх газетах.

Адразу пасля вызвалення Беларусі Уладзімір Лупейка стаў фотакарэспандэнтам ТАСС па нашай рэспубліцы. Пасля вайны працаваў у БЕЛТА аж да 1981 года, калі пайшоў на заслужаны адпачынак.-0-

Мінск. Прывакзальная плошча. 1965 год. Фота Уладзіміра Лупейкі

Мінск святочны. 1965 год. Фотаэцюд Уладзіміра Лупейкі

Версія для друку
Навіны рубрыкі Грамадства
Топ-навіны
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Экспарт прадукцыі АПК Экспарт беларускай сельгаспрадукцыі ў студзені-маі вырас на 6,5% і дасягнуў $2,071 млрд.