Сцяг Субота, 4 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
01 сакавіка 2017, 16:51

Супрацоўніцтва Беларусі і Грузіі набрала добрыя абароты па ўсіх напрамках - Лукашэнка

1 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Супрацоўніцтва Беларусі і Грузіі набрала добрыя абароты па ўсіх напрамках. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Грузіі Георгіем Маргвелашвілі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Грузія - важны і перспектыўны партнёр Беларусі ў Закаўказзі. Дыпламатычныя адносіны паміж нашымі краінамі, устаноўленыя больш як дваццаць гадоў таму, вызначаюцца высокай ступенню даверу і ўзаемаразумення, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Наша ўзаемадзеянне набрала добрыя абароты па ўсіх напрамках. Мы маем намер і ў далейшым актыўна працаваць з роднай і дружалюбнай нам Грузіяй".

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што адкрыццё беларускага пасольства ў Тбілісі, якое адбылося ў снежні мінулага года, будзе садзейнічаць далейшаму ўмацаванню супрацоўніцтва. "Апошнім часам адзначаецца актывізацыя кантактаў па лініі ўрадаў, рэгіёнаў, прадпрыемстваў. Практычна кожны месяц адбываецца ўзаемны абмен дэлегацыямі па самых розных напрамках. І, галоўнае, такое цеснае ўзаемадзеянне дае сёння канкрэтны вынік у гандлёва-эканамічнай сферы", - адзначыў Прэзідэнт.

Нягледзячы на складанасць сітуацыі ў сусветнай эканоміцы, аб'ёмы гандлю паміж краінамі выраслі ў 2016 годзе на 63 працэнты і дасягнулі рэкорднага за апошнія пяць гадоў паказчыка. Сукупны тавараабарот з улікам кошту паслуг наблізіўся да стамільённага рубяжа. Значна пашырылася наменклатура беларускай прадукцыі, што пастаўляецца на грузінскі рынак.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў гатоўнасць беларускага боку да далейшага развіцця супрацоўніцтва з Грузіяй па шырокім коле напрамкаў. У іх ліку сфера АПК, праектаванне і будаўніцтва спартыўных аб'ектаў, пастаўкі рознай беларускай тэхнікі і прадукцыі лёгкай прамысловасці, стварэнне сумесных прадпрыемстваў, развіццё ўзаемадзеяння ў гуманітарнай сферы і турызме.

"Вы ніколі не былі для нас чужымі і не будзеце. Усё, што мы можам рабіць, увесь наш вопыт да вашых паслуг", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Прэзідэнт Грузіі адзначыў, што на перагаворах бакі разгледзелі шэраг пытанняў, якія накіраваны на інтэнсіфікацыю беларуска-грузінскіх узаемаадносін. Гэта, у прыватнасці, сферы гандлю, супрацоўніцтва ў турызме, сферах культуры, адукацыі і іншых галінах.

"Мне прыемна, што Беларусь і ў будучым будзе паглыбляць узаемаадносіны з Грузіяй і выкарыстоўваць увесь той патэнцыял, які існуе паміж нашымі народамі, каб забяспечыць рост дабрабыту", - падкрэсліў Прэзідэнт Грузіі.

Георгій Маргвелашвілі таксама падзякаваў беларускаму боку за стойкую падтрымку Грузіі і запэўніў, што двухбаковыя адносіны будуць паглыбляцца і ў будучым.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі