Сцяг Нядзеля, 5 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 кастрычніка 2017, 13:28

Лукашэнка патрабуе спыніць разбой з неабгрунтаваным ушчыльненнем і высечкай дрэў

3 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе спыніць разбой з неабгрунтаваным ушчыльненнем жыллёвай забудовы і высечкай дрэў у населеных пунктах. Адпаведнае даручэнне кіраўнік дзяржавы даў сёння на нарадзе ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сродкі масавай інфармацыі, як бы яны вамі не былі прыкормлены, усё часцей гавораць аб скандалах, пачынаючы ад Гомеля і заканчваючы Мінскам, з насельніцтвам наконт зносу дрэў. Вы пачынаеце там пілаваць, зносіць незразумела што, узворваць. Замест таго каб парк недзе закласці або ў парадак прывесці, вы пачынаеце штампаваць жыллё. Месца няма, дзе жыллё будаваць? Абавязкова трэба канфлікт учыніць з насельніцтвам?" - адзначыў беларускі лідар.

"Вы самі перасяліцеся ў гэты дом і жывіце там, а побач узвядзіце вышынны будынак 12 паверхаў, каб ваш дом аказаўся ў двары гэтага вышыннага будынка. Абавязкова трэба канфлікт нейкі ўчыніць", - рэзка адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка.

"У Мінску "дастукаліся" да таго: пачалі пілаваць векавыя дрэвы замест таго, каб пакласці дзе-небудзь пад дарогай, як звычайна, камунікацыі. Гэта вуліца недзе ў раёне Мінскага трактарнага завода, паказвалі таксама СМІ", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Ён расказаў, што даручыў Службе бяспекі высветліць акалічнасці гэтага пытання і ад "мінскіх начальнікаў" было атрымана нечаканае тлумачэнне. Яно заключалася ў тым, што Прэзідэнт, нібыта, ездзіць на прадпрыемства па гэтай вуліцы, а таму яе нельга чапаць і закрываць на доўгі час.

Аляксандр Лукашэнка на гэта заўважыў, што і наведвае ж завод не часцей, чым раз у некалькі гадоў. "Я і бачыць яе (вуліцу. - Заўвага БЕЛТА) ніколі не бачыў! Вы што, мяне спецыяльна перад насельніцтвам падставіць хочаце?" - абурыўся Прэзідэнт.

"І потым, вы саджалі гэтыя дрэвы, каб іх пілаваць? Кожны чалавек стараецца выйсці, каб настрой у яго быў, на дрэвы гэтыя паглядзець. Не, усё пілуем. Мы, маўляў, новыя пасадзім недзе. Гэта вы ў сябе ў двары спілуйце векавое дрэва і пасадзіце там дрэва з кукіш, і якая будзе ад гэтага карысць... Трэба спыніць гэты разбой! - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. - Бачыце, дрэва ўпадзе на дарогу. Ну, упадзе, убяром. Калі зыходзіць з гэтага, трэба выпілаваць усе паркі ў гарадах".

"Я прашу тое, што цяпер абазначыў, мець як самае строгае ўказанне да вашай работы. Паўтарэння больш не будзе. На людзей трэба крыху звяртаць увагу. А то хутка адзеравянеем, як у асобных нашых суседзяў. Улада сама па сабе, а людзі самі па сабе", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Як пазней удакладніў карэспандэнт БЕЛТА, вуліца ў Мінску, пра якую гаварыў кіраўнік дзяржавы на нарадзе, сапраўды размешчана каля аднаго з буйных прадпрыемстваў сталіцы ў раёне Партызанскага праспекта, дзе працуюць многія прамысловыя вытворчасці. Сутнасць спрэчкі заключалася ў тым, што новую цеплатрасу першапачаткова планавалася пракласці пад зялёнай зонай, што запатрабавала б высечкі дрэў, якія там растуць. А немагчымасць будаўніцтва пад дарогай або ў непасрэднай блізкасці ад яе была беспадстаўна аргументавана перыядычнасцю яе выкарыстання для праезду Прэзідэнта на прадпрыемства.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі