Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
27 мая 2016, 16:09

Лукашэнка аб выніках беларускай хакейнай зборнай: "плюнулі ў душу народу"

27 мая, Пінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка жорстка адазваўся аб выніках беларускай хакейнай зборнай на чэмпіянаце свету, што прайшоў нядаўна. Адпаведную заяву кіраўнік дзяржавы зрабіў сёння ў час размовы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ЗАТ "Амкадор-Пінск", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Вядома, плюнулі ў душу народу. Такі настрой ва ўсіх. Але не будзем глыбока смуткаваць. Спорт ёсць спорт - усе хочуць выйграць. Толькі "растапырыўшы пальцы" на пляцоўку не трэба выходзіць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння ў хакей не гуляюць, на хакейнай пляцоўцы нават не змагаюцца. Сёння на хакейнай пляцоўцы і ў іншых відах спорту ваююць. Калі ты туды выходзіш, то павінен біцца да апошняга. Мы гэтага не зрабілі. Вось галоўны недахоп нашых хакеістаў. Гэта датычыцца і некаторых іншых нашых спартсменаў".

Гаворачы аб хакейных баталіях, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што ў параўнанні з еўрапейскім, расійскім і беларускім хакеем апошнім часам зусім іншы якасны ўзровень гульні паказваюць паўночнаамерыканскія каманды - зборныя Канады і ЗША. І гэта прытым што гэтыя нацыянальныя каманды на праведзеным чэмпіянаце былі прадстаўлены далёка не ў самых моцных складах. "Мы адсталі, і вельмі сур'ёзна, у тактыцы, мысленні і, сорамна пра гэта нават гаварыць, фізічнай падрыхтоўцы", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што спартыўныя функцыянеры і трэнеры гавораць, што справа не ў фізічнай падрыхтоўцы, і тлумачаць нездавальняючыя вынікі фактарам псіхалогіі. "Ёсць і аб'ектыўныя прычыны. Аб іх, на жаль, не гавораць. Мы вельмі рана - наша асноўная каманда "Дынама-Мінск" - вылецелі з розыгрышу ў КХЛ. Плэй-оф не гулялі, атрымаўся перапынак, гульнявой практыкі няма. Яе нельга замясціць таварыскімі матчамі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Таму трэба было гуляць там (КХЛ. - Заўвага БЕЛТА). Але мы зробім вывады. Яны тое і атрымаюць у гэтым годзе. Няхай самі шукаюць грошы на сваё фінансаванне".

Другая прычына, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, - у падрыхтоўцы нацыянальнай каманды. "Трэба перад спартсменамі ставіць задачу і патрабаваць выканання. Даеш вынік - гуляй. Не даеш - да пабачэння. І ўсё астатняе: не было каманднага духу, вочы не гарэлі", - сказаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў тым, што датычыцца дзяржавы, для развіцця хакея зроблена ўсё неабходнае. "Цяпер фарміруем асноўную дынамаўскую каманду. Нам трэба ўдзяліць асаблівую ўвагу ўнутранаму чэмпіянату, каб тут былі добрыя ігракі і каманды гулялі на высокім узроўні. Не трэба спадзявацца на адно "Дынама", трэба рыхтаваць сваіх спартсменаў, выбіраць моцных, тых, хто хоча гуляць, і ствараць для іх нармальныя ўмовы. Унутраны чэмпіянат, трэнерскія кадры і строгі падыход да падрыхтоўкі хакеістаў. Спачатку вынік - потым зарплата. Такі будзе падыход", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Выправім сітуацыю. Не можа быць, каб мы з ёй не справіліся. Цяпер трэба думаць аб Рыа-дэ-Жанэйра, у нас наперадзе Алімпіяда", - дадаў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі