Сцяг Субота, 11 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 жніўня 2016, 14:41

Рэжысёр-мультыплікатар правядзе майстар-клас для гасцей Дня беларускага пісьменства

23 жніўня, Гомель /Юлія Лысенка - БЕЛТА/. Кінаакцыя "Песняры беларускай зямлі", прысвечаная Дню беларускага пісьменства, пройдзе ў Гомельскай вобласці 1-4 верасня, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА вядучы рэдактар КУП "Гомелькінавідэапракат" Святлана Тарасенка.

Паводле яе слоў, гэтыя чатыры дні будуць насычаны разнастайнымі кінамерапрыемствамі. Яркай і запамінальнай стане сустрэча з адным з вядучых рэжысёраў-мультыплікатараў студыі анімацыйных фільмаў кінастудыі "Беларусьфільм" Аляксандрам Ленкіным. Яна адбудзецца 2 верасня ў кінатэатры "Прамень" горада Рагачова - сталіцы Дня беларускага пісьменства 2016 года. "Рэжысёр, які за сваю больш як 30-гадовую кар'еру зняў дзясяткі работ, уладальнік прызоў міжнародных і нацыянальных фестываляў правядзе для гасцей майстар-клас па стварэнні анімацыйнага фільма. Завершыцца сустрэча паказам мульфільмаў па матывах беларускіх казак", - расказала Святлана Тарасенка.

Акрамя таго, з 1 па 4 верасня ва ўсіх кінатэатрах і на кінавідэаўстаноўках вобласці пакажуць мастацкія фільмы, знятыя паводле твораў беларускіх пісьменнікаў. Сярод іх - "Дзікае паляванне караля Стаха" (паводле аднайменнай аповесці У.Караткевіча), "Вазьму твой боль" (паводле аднайменнага рамана І.Шамякіна), "Цуда-востраў, або Палескія рабінзоны" (паводле аповесці Я.Маўра "Палескія рабінзоны"). Таксама гледачоў пазнаёмяць з хроніка-дакументальнымі фільмамі пра беларускіх паэтаў і празаікаў.

Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Рагачове 4 верасня. Аднак розныя тэматычныя мерапрыемствы будуць даступныя гасцям фестывалю ўжо з 2 верасня. Дзень беларускага пісьменства з'яўляецца нацыянальным святам і адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня. Упершыню ён прайшоў у 1994 годзе ў Полацку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі