Сцяг Панядзелак, 6 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
27 верасня 2021, 11:37

Сацыял-дэмакраты перамаглі на парламенцкіх выбарах у Германіі

27 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (СДПГ) з невялікай перавагай перамагла на парламенцкіх выбарах у ФРГ, набраўшы 25,7 працэнта галасоў, паведамляе Deutsche Welle.

Згодна з папярэднімі вынікамі, абнародаванымі сёння ноччу на сайце старшыні федэральнай выбарчай камісіі Германіі, бліжэйшы сапернік СДПГ - блок Хрысціянска-дэмакратычнага саюза і Хрысціянска-сацыяльнага саюза (ХДС/ХСС) - заручыўся падтрымкай 24,1 працэнта выбаршчыкаў. Партыя "Саюз-90/"зялёныя" атрымала 14,8 працэнта галасоў, Свабодная дэмакратычная партыя (СвДП) - 11,5 працэнта, а правапапулісцкая "Альтэрнатыва для Германіі" - 10,35. Левую партыю падтрымалі 4,9 працэнта выбаршчыкаў, такім чынам, яна не пераадолела пяціпрацэнтны бар'ер. Аднак гэта палітычная сіла зможа сфарміраваць фракцыю ў парламенце, паколькі тры яе прадстаўнікі атрымалі прамыя мандаты ў Берліне і Лейпцыгу.

Для многіх поспех СДПГ стаў сюрпрызам, улічваючы той факт, што яшчэ вясной рэйтынг партыі складаў каля 15 працэнтаў. Рэзультат ХДС/ХСС 24,1 працэнта з'яўляецца горшым за ўсю гісторыю партыйнага блока, які на 13 з 19 выбараў у бундэстаг атрымліваў больш за 40 працэнтаў і ні разу - менш за 30 працэнтаў. Разам з тым разрыў паміж СДПГ і ХДС/ХСС склаў менш за два працэнтныя пункты, што дае падставы кандыдату кансерватыўнага блока Арміну Лашэту таксама прэтэндаваць на ролю лідара будучай кіруючай кааліцыі.

Пасля завяршэння галасавання на выбарах у бундэстаг вечарам у нядзелю, 26 верасня, абодва галоўныя прэтэндэнты на пасаду канцлера ФРГ - Олаф Шольц і Армін Лашэт - заявілі аб гатоўнасці сфарміраваць новы ўрад Германіі. Так, кандыдат у канцлеры ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ) Шольц лічыць, што па выніках выбараў у бундэстаг яго партыя атрымала мандат ад выбаршчыкаў сфарміраваць урад. У сваю чаргу Лашэт заявіў, што зробіць "усё магчымае для фарміравання федэральнага ўрада на чале" з ХДС/ХСС.

Цяпер кансерватары і сацыял-дэмакраты - партнёры па ўрадзе. Цяперашні кабмін прадоўжыць выконваць свае абавязкі да фарміравання новага ўрада, а канцлер ФРГ Ангела Меркель канчаткова пакіне сваю пасаду толькі пасля таго, як новы склад парламента выбера наступнага кіраўніка ўрада.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі