Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
24 сакавіка 2021, 09:35

Колькасць хворых на COVID-19 у свеце за тыдзень вырасла на 8 працэнтаў

24 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 3,2 млн выпадкаў заражэння каранавірусам выяўлена ў свеце на мінулым тыдні, захваральнасць вырасла на 8 працэнтаў у параўнанні з папярэднімі сям'ю днямі, смяротнасць - на 3 працэнты. Гэтыя звесткі прыведзены ў апублікаваным у ноч на сераду ў Жэневе штотыднёвым эпідэміялагічным бюлетэні Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, паведамляе ТАСС.

"У глабальным плане чацвёрты тыдзень запар прадаўжаўся рост захваральнасці на кавід. На мінулым тыдні паступілі паведамленні менш як пра 3,3 млн новых выпадкаў", - адзначыла арганізацыя, дадаўшы, што за сем дзён памерлі больш за 60 тыс. чалавек, што на 3 працэнты больш, чым за папярэднія сем дзён.

Згодна з эпідэміялагічным бюлетэнем СААЗ, з 15 па 21 сакавіка ў свеце было зарэгістравана 3 291 060 інфіцыраваных і 60 414 смяротных зыходаў. Па стане на 21 сакавіка ўсяго налічвалася 122 536 880 выпадкаў інфіцыравання і 2 703 780 выпадкаў смерці пацыентаў.

Асабліва прыкметны рост захваральнасці з 15 па 21 сакавіка быў у Паўднёва-Усходняй Азіі (на 49 працэнтаў), Заходне-Ціхаакіянскім рэгіёне (на 29 працэнтаў) і Еўропе (на 13 працэнтаў), тады як у Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы яна знізілася на 5 працэнтаў, а ў Афрыцы - на 3 працэнты. Смяротнасць вырасла ў Паўднёва-Усходняй Азіі (на 14 працэнтаў), Усходнім Міжземнамор'і (на 12 працэнтаў), Афрыцы (на 10 працэнтаў), Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы (на 2 працэнты) і Еўропе (на 1 працэнт), але пры гэтым скарацілася ў Заходне-Ціхаакіянскім рэгіёне (на 33 працэнты). Агульны рост смяротнасці ў свеце склаў за тыдзень 3 працэнты.

У Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы за сем дзён заразіліся больш за 1,17 млн чалавек і памерлі больш за 31 тыс. У Еўропе зарэгістравана больш за 1,4 млн новых выпадкаў інфіцыравання і больш за 21 тыс. смяротных зыходаў. У Паўднёва-Усходняй Азіі ўрачы выявілі больш за 298 тыс. інфіцыраваных, памерлі больш за 2,4 тыс. чалавек.

У Бразіліі колькасць хворых павялічылася за тыдзень больш як на 508 тыс. Далей ідуць ЗША (больш за 374 тыс. новых выпадкаў), Індыя (больш за 240 тыс.), Францыя (больш за 204 тыс.), Італія (больш за 154 тыс.), Польшча (больш за 151 тыс.), Турцыя (больш за 126 тыс.), Германія (больш за 90 тыс.), Украіна (больш за 85 тыс.), Чэхія (больш за 70 тыс.), Расія (больш за 66 тыс.) і Іарданія (больш за 57 тыс.).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі