8 жніўня, Мантарам /БЕЛТА - Антара/. Колькасць загінулых з-за землетрасення на інданезійскім востраве Ламбок узрасла да 347, паведамляе нацыянальнае Агенцтва па прадухіленні стыхійных бедстваў.
Паводле папярэдніх даных, у раёне Ганга знойдзены целы 54 чалавек, у Каянгане - 171, у Баяне - 11, у Танджунгу - 54 і ў Пеменангу - 57.
Не выключана, што колькасць ахвяр будзе расці, таму што пошукі людзей пад заваламі працягваюцца.
Паводле слоў медработнікаў, многія пацярпелыя атрымалі псіхалагічныя траўмы і не хочуць знаходзіцца ў закрытых памяшканнях. "Большасць з іх не хочуць заставацца ў будынку ў час лячэння або пасля аперацыі, яны хочуць, каб іх лячылі на адкрытым паветры", - паведамілі ўрачы.
Магутнае землетрасенне на востраве Ламбок адбылося 5 жніўня. Падземныя штуршкі таксама адчуваліся на размешчаным недалёка папулярным у турыстаў востраве Балі.-0-