Сцяг Чацвер, 9 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
03 верасня 2021, 11:10

Жлобінскі "Металург" нанёс паражэнне мінскаму "Юнацтву" ў матчы чэмпіянату Беларусі па хакеі

3 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Жлобінскі "Металург" у авертайме нанёс паражэнне мінскаму "Юнацтву" ў матчы другога тура чэмпіянату Беларусі па хакеі. Каманда Дзмітрыя Краўчанкі святкавала перамогу з лікам 4:3 (1:1, 0:1, 2:1, 1:0), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Госці не стушаваліся перад камандай з Мінска, адказваючы атакамі на спробы "Юнацтва" адкрыць лік. Тым не менш першымі вызначыліся дзеючыя чэмпіёны Беларусі: на 11-й мінуце намаганні партнёраў па камандзе завяршыў Сяргей Дрозд. "Стальныя ваўкі" не здаліся на літасць тытулаваных сапернікаў і змаглі адыграцца. Крыху больш як праз дзве мінуты пасля гола ў іх вароты вызначыўся Аляксей Маструкоў.

Мінчане ўзмацнілі націск на вароты сапернікаў, і Ягор Гайнетдзінаў зноў вывеў каманду Яўгена Есавулава наперад. Але для перамогі гэтага аказалася недастаткова. Дакладныя кідкі Аляксандра Цімірова і Уладзіміра Ермакова паставілі "Юнацтва" на мяжу паражэння. Але тут сваё важкае слова сказаў Кірыл Брыкун, шайба якога перавяла гульню ў авертайм. Праўда, дадатковы час доўга не прадоўжыўся: госці аформілі вікторыю дзякуючы дакладнаму кідку Вячаслава Андрушчанкі.

"Шахцёр" атрымаў першую перамогу ў сезоне, адолеўшы "Магілёў" - 2:0 (1:0, 0:0, 1:0). У "гарнякоў" закідвалі Дзмітрый Пестуноў і Кірыл Нікулін.

У яшчэ адным матчы дня "Дынама-Маладзечна" пакінула ні з чым сярэбраных медалістаў мінулагодняга чэмпіянату з "Гомеля" - 3:0 (0:0, 2:0, 1:0). У складзе каманды, якая прадстаўляе Мінскую вобласць, адзначым аўтара галявога дубля Паўла Капыціна і Міхаіла Карнавухава, які ўпэўнена згуляў у варотах. Трэцюю шайбу забіў "рысям" Мікіта Пышкайла, які паразіў пустыя вароты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі