Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
08 красавіка 2020, 13:23

Кваліфікацыйныя спаборніцтвы для лёгкаатлетаў на Алімпіяду ў Токіа прыпынены да 1 снежня

8 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лёгкаатлетычны кваліфікацыйны перыяд да Алімпійскіх гульняў у Токіа прыпынены да 1 снежня з-за пандэміі каранавіруса. Такая інфармацыя размешчана на сайце World Athletics, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

З 6 красавіка па 30 лістапада 2020 года ўсе рэзультаты, дысягнутыя на любым спаборніцтве, не будуць улічвацца ў алімпійскай кваліфікацыі і сусветным рэйтынгу, публікацыя якіх таксама будзе прыпынена. Рэзультаты спартсменаў, якія ўжо выканалі нарматывы на Гульні, застануцца ў сіле. Пры нармалізацыі сітуацыі ў свеце кваліфікацыйны перыяд адновіцца 1 снежня.

Прэзідэнт Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Себасцьян Коу падзякаваў за дэталёвую работу камісіі спартсменаў і савету арганізацыі. "Яны лічаць, што прыпыненне алімпійскай кваліфікацыі ў гэты перыяд дае больш упэўненасці для планавання і падрыхтоўкі спартсменаў і з'яўляецца лепшым спосабам забяспечыць справядлівасць, таму што інакш атлеты знаходзіліся б у няроўных умовах з-за праблем перамяшчэння па свеце", - дадаў ён.

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) аб'явіў пра новы тэрмін заканчэння кваліфікацыйнага перыяду да Алімпійскіх гульняў 2021 года ў Токіа. Перыяд адбору на гульні завершыцца 29 чэрвеня 2021 года. Адзначаецца, што міжнародныя спартыўныя федэрацыі маюць права вызначаць уласныя тэрміны заканчэння кваліфікацыі, але яны не могуць завяршыцца пазней за ўстаноўленую МАК дату.

Цяпер 72 беларускія атлеты, якія прадстаўляюць 15 відаў спорту, выканалі кваліфікацыйныя патрабаванні і нарматывы, якія даюць права выступіць на Алімпіядзе ў Токіа. Пакуль адборачныя турніры да Гульняў прыпынены ў сувязі з распаўсюджваннем COVID-19, а пасля іх аднаўлення беларусы маюць намер заваяваць яшчэ некалькі дзясяткаў алімпійскіх квот.

ХХХII летнія Алімпійскія гульні ў японскай сталіцы пройдуць з 23 ліпеня па 8 жніўня 2021 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі