Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
18 лютага 2020, 13:43

Кім Чжун Ен стаў першым карэйскім футбалістам у чэмпіянаце Беларусі

18 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чарговым навабранцам футбольнага клуба "Дынама-Мінск" стаў паўабаронца Кім Чжун Ен. Ён будзе першым карэйскім футбалістам у чэмпіянаце Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

20-гадовы навабранец дынамаўцаў з'яўляецца выхаванцам футбольнай акадэміі сеульскага клуба "Ханянг". У канцы студзеня Кім Чжун Ен трэніраваўся з мінскім "Дынама" на першым перадсезонным зборы ў Сочы, а цяпер падпісаў паўнацэнны кантракт. У гэтыя дні каманда Сяргея Гурэнкі рыхтуецца да сезона ў турэцкім Белеку. У бліжэйшых планах мінчан два спарынгі з прадстаўнікамі расійскай прэм'ер-лігі - 21 лютага супраць маскоўскага "Дынама" і 22 лютага супраць чэмпіёна Расіі "Зеніта" з Санкт-Пецярбурга. Да заканчэння збору мінчане маюць намер правесці яшчэ два кантрольныя матчы - 29 лютага з украінскай "Валынню" з Луцка і 1 сакавіка з латвійскім "Спартаком" з Юрмалы. Новы сезон футбалісты мінскага "Дынама" адкрыюць 9 сакавіка дамашнім чвэрцьфінальным матчам Кубка Беларусі з віцэ-чэмпіёнам краіны барысаўскім БАТЭ.

Барысаўчане цяпер таксама трэніруюцца ў Белеку, дзе прабудуць да 29 лютага. Пакуль дакладна вядома, што падапечныя Кірыла Альшэўскага правядуць два спарынгі - 23 лютага з казахстанскім "Жэтысу" з Талдыкаргана і 28 лютага з украінскім "Рухам" з Львова. Не выключана, што будуць і іншыя сустрэчы.

Учора два беларускія клубы няўдала правялі кантрольныя паядынкі ў Турцыі. Жодзінскае "Тарпеда-БелАЗ" уступіла ўзбекскаму "Насафу" з Каршы з лікам 2:3, а футбалісты "Віцебска" прайгралі ўкраінскай "Дзясне" з Чарнігава - 0:4.

Сёння чэмпіёны Беларусі футбалісты брэсцкага "Дынама" згуляюць з казахстанскім "Каспіем" з Актау, бронзавы прызёр салігорскі "Шахцёр" сустрэнецца з грузінскім клубам "Дзіла", сапернікам "Іслачы" будзе казахстанскі "Іртыш" з Паўладара, "Мінск" праверыць сябе ў матчы з маскоўскім "Дынама".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі