Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
25 чэрвеня 2019, 12:00

Дзюдаістка Марына Слуцкая ў праекце "Алімпійскі выбар" падтрымала мінскую СДЮШАР

25 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзюдаістка Марына Слуцкая, якая перамагла на II Еўрапейскіх гульнях у вагавой катэгорыі звыш 78 кг, падтрымала ў праекце "Алімпійскі выбар" спецыялізаваную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерву (СДЮШАР) па спартыўных адзінаборствах Мінска, паведамілі БЕЛТА ў Прэзідэнцкім спартыўным клубе.

Уладальніца залатога медаля пачынала свой шлях у вялікі спорт менавіта ў гэтай навучальнай установе, СДЮШАР пералічана Br15 тыс.

Беларускія баскетбольныя каманды (мужчыны і жанчыны) у новым алімпійскім відзе 3х3 парадавалі балельшчыкаў відовішчнай гульнёй і бронзавымі медалямі. Марына Івашчанка, Настасся Сушчык, Дар'я Магаляс і Наталля Дашкевіч выбралі лагойскую КСДЮШАР, у якую Прэзідэнцкі спартыўны клуб пералічыць Br7,5 тыс. Ігракі Максім Лютыч, Андрэй Рагазенка,Сяргей Вабішчэвіч і Мікіта Мешчаракоў вызначылі адрасатам дапамогі ў памеры Br7,5 тыс. баскетбольны клуб вядомага іграка Ягора Мешчаракова. На думку прызёраў Еўрапейскіх гульняў, гэтым спартыўным установам дапамога клуба будзе найбольш актуальна.

Прэзідэнцкі спартыўны клуб праводзіць такія акцыі пяты раз. "Алімпійскі выбар" пачаўся з Алімпіяды-2012 у Лондане і прадоўжыўся на Гульнях Сочы-2014, Рыа-2016 і Пхёнчхане-2018. За гэты час была аказана дапамога 25 розным спартыўным навучальным установам на суму каля $240 тыс.

Арганізатары праекта спадзяюцца, што поспехі беларускіх спартсменаў у Мінску стануць пралогам і стымулам да іх не менш запамінальных выступленняў у алімпійскім Токіа-2020, да якіх застаўся ўсяго год з нечым.

Прэзідэнцкі спартыўны клуб рэалізуе гэты праект пры падтрымцы Нацыянальнага алімпійскага камітэта, Міністэрства спорту і турызму і дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі