Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 жніўня 2020, 12:25

Цёплае летняе надвор'е чакаецца ў Беларусі на гэтым тыдні

3 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цёплае летняе надвор'е чакаецца ў Беларусі на гэтым тыдні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"Мінулыя выхадныя выдаліся халаднаватымі: сярэднясутачная тэмпература была на 1-5 градусаў ніжэйшай за кліматычную норму. Але з панядзелка сітуацыя пачала змяняцца. У шматкіламетровай тоўшчы атмасферы пачалі пераважаць паўднёва-заходнія вятры, якія сталі пастаўляць у Беларусь цёплае паветра з Цэнтральнай Еўропы. Ужо сёння ў сярэдзіне дня ў паўднёва-заходніх рэгіёнах краіны паветра прагрэецца да 27-29 градусаў. На гэтым тыдні чакаецца сапраўднае лета", - сказалі ў Белгідрамеце.

У аўторак, 4 жніўня, цёплае паветра распаўсюдзіцца на ўсю Беларусь. Стануць цяплейшымі і ночы. На фоне павышанага атмасфернага ціску ў многіх раёнах абыдзецца без ападкаў, толькі днём па заходняй частцы краіны, дзе будзе адчувацца ўплыў малаактыўнага франтальнага раздзела, месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы з навальніцамі. Вецер прагназуецца паўднёвы ўмераны, днём парывісты. Тэмпература паветра ноччу складзе 11-17 градусаў вышэй за нуль. Днём будзе 24-29 градусаў цяпла, па паўднёвым захадзе Беларусі - да плюс 30-32.

У сераду і чацвер, 5 і 6 жніўня, на фоне вобласці павышанага атмасфернага ціску атмасферны фронт будзе павольна перамяшчацца з тэрыторыі Польшчы ў паўночна-ўсходнім напрамку. Дажджоў ён прынясе няшмат. У сераду, 5 жніўня, будзе воблачна з праясненнямі. Ноччу ў паўночна-заходніх, днём і ў цэнтральных раёнах краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах з навальніцамі. Вецер прагназуецца няўстойлівы слабы з узмацненнем да ўмеранага, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ноччу складзе 13-18 градусаў вышэй за нуль. Днём будзе 21-27 градусаў цяпла, па паўднёвым усходзе - плюс 28-31.

У чацвер, 6 жніўня, чакаецца пераменная воблачнасць. Месцамі па Беларусі пройдуць кароткія летнія навальнічныя дажджы. У начныя і ранішнія гадзіны ў нізкіх мясцінах і паблізу вадаёмаў могуць згушчацца непрацяглыя туманы. Вецер прагназуецца паўночна-ўсходні ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ноччу складзе 11-18 градусаў вышэй за нуль. Днём будзе 23-29 градусаў цяпла, па поўдні - да плюс 31.

У пятніцу, 7 жніўня, атмасферны ціск вырасце. У асноўным будзе без ападкаў, толькі днём месцамі па поўдні Брэсцкай і Гомельскай абласцей магчымы кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 8-14 градусаў вышэй за нуль, месцамі - плюс 15-17. Днём будзе 22-28 градусаў цяпла, па поўдні - да плюс 29-31.

Паводле папярэдніх прагнозаў сіноптыкаў, у бліжэйшыя выхадныя на большай частцы тэрыторыі краіны будзе пераважаць па-летняму цёплае надвор'е.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі