Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 верасня 2021, 13:44

Піневіч: у Беларусі на развіццё кардыялагічнай службы накіроўваюцца вялікія рэсурсы

16 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі на развіццё кардыялагічнай службы накіроўваюцца вялікія рэсурсы, заявіў журналістам міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч падчас другога з'езда Еўразійскай арытмалагічнай асацыяцыі і восьмага з'езда кардыёлагаў, кардыяхірургаў і рэнтгенэндаваскулярных хірургаў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Структура кардыялагічнай службы ў нас выбудавана ў айчыннай сістэме аховы здароўя. І туды накіроўваюцца вялікія рэсурсы зыходзячы з таго, што хваробы сістэмы кровазвароту былі, ёсць і застануцца вызначальнымі ў фарміраванні нашага агульнага здароўя", - сказаў Дзмітрый Піневіч.

Паводле яго слоў, у наступным годзе закончыцца будаўніцтва корпуса РНПЦ "Кардыялогія". "У бліжэйшы час мы адкрыем новы корпус транспланталогіі Мінскага НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, у якім таксама ёсць моцная кардыяхірургічная служба. На вельмі высокім узроўні, як інавацыйны цэнтр, працуе Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. У планах - пабудаваць (і ўжо гэта пытанне ўзгоднена) новы корпус кардыяхірургіі ў Мінскай абласной бальніцы, а ў Магілёўскай абласной бальніцы мы ў лістападзе адкрыем таксама новы корпус. Гэта вельмі важны кампанент у рэсурсным напаўненні. Больш таго, нагадваю, што ў рамках праекта па паскораным развіцці гарадоў (іх у нас 12) мы ў кожным з іх выбудоўваем ангіяграфічныя цэнтры так званыя, ангіяграфічныя лабараторыі, дзе аказваецца перш за ўсё дапамога пацыентам з вострым каранарным сіндромам, які з'яўляецца вызначальным, на жаль, няшчасныя выпадкі ў асоб сярэдняга ўзросту", - адзначыў міністр.

Другі з'езд Еўразійскай арытмалагічнай асацыяцыі і восьмы з'езд кардыёлагаў, кардыяхірургаў і рэнтгенэндаваскулярных хірургаў Беларусі праходзяць 16-17 верасня ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Удзельнічаюць спецыялісты з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Літвы, Канады, Аргенціны і іншых краін.

"Гэта больш за 1,2 тыс. спецыялістаў. Гэта цэлы кірмаш ідэй. Адбываецца абмен думкамі, абмяркоўваюцца перспектывы развіцця, - дадаў Дзмітрый Піневіч. - Мы будзем весці размову аб праблеме артэрыяльнай гіпертэнзіі - асноўнага біча сучаснасці. На з'ездзе будзе абмяркоўвацца практычнае напаўненне канцэпцыі бесперапыннай прафесійнай адукацыі. І не выпадкова мерапрыемства праходзіць на базе БДМУ. Таму што медыцынская навука прадугледжвае атрыманне ведаў і прымяненне іх у лячэнні той ці іншай назалагічнай паталогіі. І гэта няўхільная ўмова будзе толькі ўзмацняцца, і пра гэта таксама будзе ісці размова. У тым ліку падчас вялікай справаздачы ў кіраўніка дзяржавы, якая была анансавана і адбудзецца ў бягучым годзе. І цяперашні з'езд - першы значны элемент падрыхтоўкі гэтай вялікай размовы".

На пленарным пасяджэнні прагучаць даклады дактароў медыцынскіх навук з Беларусі, Расіі і Украіны па сучаснай тактыцы лячэння фібрыляцыі перадсэрдзяў, стратыфікацыі рызыкі і прафілактыцы раптоўнай сардэчнай смерці, павышэнні эфектыўнасці лячэння хранічнай сардэчнай недастатковасці, у тым ліку хірургічным лячэнні, тактыцы абароны органаў-мішэняў у перыяд пандэміі COVID-19. Пройдзе Конкурс маладых вучоных імя акадэміка Г.І.Сідарэнкі "Наперад да ведаў, моладзь!".

Арганізавалі мерапрыемства Еўразійская арытмалагічная асацыяцыя, Міністэрства аховы здароўя Беларусі, Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр "Кардыялогія", Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі