Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 студзеня 2022, 19:19

Петрышэнка праінспектаваў ход будаўніцтва аб'ектаў дзіцячага тэхнапарка

19 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка наведаў будуемыя аб'екты Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк у адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы функцыянуе з 1 студзеня 2021 года. У інфраструктуры прадугледжаны школа, вучэбна-лабараторны корпус і інтэрнат на 300 месцаў.

"У лістападзе мінулага года мы наведвалі гэту пляцоўку, тады яшчэ вяліся адпаведныя работы ў вучэбным лабараторным корпусе. Сёння мы ўбачылі, што гэтыя работы вядуцца апераджальнымі тэмпамі. Цяпер тут ідуць агульнабудаўнічыя работы, разводка камунікацый. Асноўная праблема, на якую мы звярнулі ўвагу і вызначылі для гэтага больш сціслыя тэрміны, каб мы маглі закантрактаваць неабходнае для аснашчэння корпуса абсталяванне. Акрамя таго, мы ацанілі, якімі тэмпамі вядуцца работы па будаўніцтве інтэрната для пражывання дзяцей, якія будуць вучыцца ў дзіцячым тэхнапарку, і іншую інфраструктуру, прадугледжаную праектнымі дакументамі. Як нас запэўнілі будаўнікі, усе неабходныя працэдуры, звязаныя з падрыхтоўкай дакументацыі, заключэннем экспертызы пройдзены, таму спадзяёмся, што ва ўстаноўленыя тэрміны ўсё будзе зроблена і ўся матэрыяльна-тэхнічная база для дзіцячага тэхнапарка будзе створана", - расказаў Ігар Петрышэнка.

Запланаваныя тэрміны здачы аб'ектаў - 1 студзеня 2023 года. "Аднак мы будзем старацца завяршыць работы датэрмінова, каб традыцыйна ў Дзень ведаў тэхнапарк пачаў ужо функцыянаваць у поўным фармаце і мог прыняць навучэнцаў у вучэбна-лабараторным корпусе і інтэрнаце", - растлумачыў віцэ-прэм'ер.

Вучэбна-лабараторны корпус уключае лабараторыі, фаблаб, выставачны павільён, адміністрацыйны блок. На сёння выкананы работы па ўзвядзенні маналітнага каркаса будынка і мантажы металаканструкцый, вітражоў. Завяршаецца мураванне знадворных і ўнутраных сцен. Вядуцца тынкавальныя і чарнавыя сантэхнічныя і электрамантажныя работы. Ажыццяўляецца закупка тэхналагічнага абсталявання.

Па інтэрнаце прадугледжваецца ўзвядзенне комплексу, які складаецца з жылой часткі і забаўляльнага цэнтра. Асновай планіроўкі жылога корпуса з'яўляюцца жылыя блокі, што складаюцца са спальных пакояў, прыхожай і санвузлоў. Праект інтэрната распрацаваны па прынцыпе спалучэння ў адзіным комплексе зручнага асяроддзя для вучобы, работы і адпачынку з забеспячэннем правядзення культурнага і спартыўнага вольнага часу.

У склад забаўляльнага цэнтра будуць уваходзіць памяшканні грамадскага харчавання (сталовая на 200 пасадачных месцаў, буфет, фізкультурна-аздараўленчыя памяшканні, у тым ліку гульнявая спартзала, трэнажорная зала, раздзявалкі). На другім паверсе забаўляльнага цэнтра размешчана актавая зала, памяшканні бібліятэкі, зоны каворкінгу.

Цяпер на месцы ўзвядзення інтэрната ўстаноўлены вежавы кран, вядуцца работы па ўзвядзенні падмуркаў, ажыццяўляецца пракладка сетак каналізацыі.

З 1 верасня 2021 года ўведзены ў эксплуатацыю адзін з аб'ектаў дзіцячага тэхнапарка - сярэдняя школа нумар 225 на 750 месцаў. З пачатку навучальнага года ў ёй навучаюцца звыш 420 дзяцей, якія пражываюць у мікрараёне Магістр. Са студзеня гэтага года ў ёй сталі займацца па агульнаадукацыйных прадметах 40 навучэнцаў тэхнапарка падчас першай у гэтым годзе адукацыйнай змены.

У мінулым годзе ў тэхнапарку адбылося дзевяць адукацыйных змен працягласцю 24 дні кожная, у рамках якіх прайшлі навучанне 290 навучэнцаў 9-11-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, адабраных са 1209 прэтэндэнтаў. Гэта значыць конкурс на навучанне ў тэхнапарку ў сярэднім склаў чатыры чалавекі на месца. "Гэта сведчыць аб тым, што ў нас ёсць вельмі шмат таленавітых дзяцей. Сюды адбіраюцца самыя лепшыя - гэта пэўны стымул рэалізаваць свае падыходы, веды ў пэўных тэхналагічных рашэннях, праектах, якія яны тут увасабляюць па сваіх напрамках", - сказаў Ігар Петрышэнка.

Адукацыйны працэс у тэхнапарку ажыццяўляецца па напрамках "зялёная хімія", "інфармацыйныя і камп'ютарныя тэхналогіі", "робататэхніка", "інжынерная экалогія". У далейшым пералік напрамкаў будзе пашырацца. "Пасля зімовых канікулаў навучэнцы дзіцячага тэхнапарка займаюцца ў гэтай школе. Мы з імі абмеркавалі, як ідзе выкладанне тых прадметаў, якія яны павінны засвоіць у рамках сярэдняй школы. Навучэнцы адзначылі, што цалкам задаволены якасцю навучання. Таксама з імі пагаварылі аб тым, ці апраўдаліся іх надзеі і чаканні наконт таго, што хацелі атрымаць у рамках адукацыйнай праграмы ў дзіцячым тэхнапарку", - канстатаваў віцэ-прэм'ер.

За мінулы год навучэнцы ўсіх адукацыйных змен распрацавалі 242 праекты - індывідуальныя і групавыя, даследчага або вынаходніцкага характару. Акрамя таго, усе 12 навучэнцаў выпускных класаў, якія прайшлі навучанне ў тэхнапарку ў першым паўгоддзі 2021 года, паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі краіны па напрамках навучання ў тэхнапарку. "Гэта сведчыць аб тым, што мы павінны і ў далейшым развіваць і ўдасканальваць падрыхтоўку таленавітых дзяцей. Мы будзем пашыраць тут праграму навучання, дааснашчаць лабараторыі, якія будуць гібка трансфармавацца пад развіццё тых ці іншых напрамкаў, тэхналогій з улікам актуальнасці для беларускай эканомікі, навуковай сферы. Спадзяёмся, што ў далейшым навучэнцы, прайшоўшы навучанне ў дзіцячым тэхнапарку, будуць далей рэалізоўваць свае здольнасці", - звярнуў увагу намеснік прэм'ер-міністра.

Для правядзення заняткаў прыцягваюцца лепшыя педагагічныя работнікі з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу названых устаноў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў, іх прафарыентацыі, фарміраванню матывацыі атрымаць прафесійную адукацыю і ў далейшым працаваць у сваёй краіне Беларусі.

Падчас сустрэчы з моладдзю зайшла размова пра актуальнае для беларускага грамадства пытанне - абмеркаванне змяненняў і дапаўненняў у Асноўны закон. "Прыемна, што навучэнцы ў дзявятым, дзясятым і адзінаццатым класах гавораць, што ведаюць аб гэтым працэсе. Асобныя моманты яны таксама абмяркоўвалі і з бацькамі, паколькі па Канстытуцыі жыць нам усім, асабліва маладому пакаленню", - сказаў на заканчэнне Ігар Петрышэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі