ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Панядзелак, 28 верасня 2020
Мінск Воблачна з праясненнямі +13°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 жніўня 2020, 17:39

Пандэмія паказала, наколькі кансалідаванае беларускае грамадства - Святліцкая

У час узнагароджвання
У час узнагароджвання

7 жніўня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Пандэмія паказала, наколькі кансалідаванае беларускае грамадства. Такое меркаванне выказала ў гутарцы з журналістамі дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі БелМАПА Вольга Святліцкая, якая сёння ўдзельнічала ў сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з работнікамі сістэмы аховы здароўя і была ўдастоена дзяржаўнай узнагароды, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Пандэмія паказала, наколькі наша грамадства сталае і кансалідаванае. Звярніце ўвагу, што людзі самых розных спецыяльнасцей, веравызнання, узростаў аб'ядналіся ў тым, каб вырашыць гэту цяжкую праблему: сродкі індывідуальнай аховы, маскі шылі і валанцёры, і дзяржаўныя прадпрыемствы. Прыватныя і дзяржаўныя кампаніі аб'ядналіся ў агульным намаганні сабраць грошы і дапамагчы, бюджэтныя арганізацыі і сілавыя структуры рабілі ўсё магчымае, каб падтрымаць сістэму аховы здароўя. Гэта сведчыць аб тым, што мы можам і ўмеем аб'яднацца. І таму мы перамагаем", - падкрэсліла яна.

Доктар прызналася, што спачатку было пачуццё страху, хоць рэанімацыйная служба, у якой яна працуе, і раней сутыкалася са складанасцямі. "Па сутнасці, мы медыцынскі спецназ. Рэаніматолагі заўсёды прымаюць цяжкія выпадкі, змагаюцца да канца. Было страшна, цяжка, але мы падтрымлівалі адзін аднаго. Ніколі раней не бачыла, каб урачы настолькі розных напрамкаў аб'ядноўваліся ў пошуку рашэнняў", - адзначыла спецыяліст.

Разважаючы аб тым, што стаіць за ўзнагародай, якая ўручана ёй сёння, Вольга Святліцкая сказала: "Многія месяцы цяжкай, знясільваючай працы. Было цяжка і маральна, і фізічна. Але мы змагаліся. Аб'ядналіся ўрачы розных спецыяльнасцей: інфекцыяністы, рэаніматолагі, фізіёлагі, клінічныя фармаколагі, патолагаанатамы. Мы супастаўлялі даныя, шукалі варыянты лячэння". Вынікам гэтых намаганняў стала распрацоўка і ўкараненне беларускіх рэкамендацый па лячэнні пацыентаў з COVID-19. "З гонарам хачу сказаць, што мы аднымі з першых у Еўропе сталі выкарыстоўваць гарманальныя прэпараты для лячэння каранавіруснай інфекцыі. Там да гэтага прыйшлі ў пачатку чэрвеня, калі ўвесь свет прачытаў артыкул аб тым, што дэксаметазон дапамагае, а ў беларускіх пратаколах гэты прэпарат пачаў фігураваць ужо з красавіка", - падкрэсліла спецыяліст. На яе думку, такія выпадкі пацвярджаюць, што ў Беларусі дастаткова светлых розумаў, здольных самастойна, без аглядкі на іншых, дасягаць выдатных вынікаў.

"Я ўдзячна за тое, што ў краіне не было панікі", - прадоўжыла яна. Больш таго, была арганізавана зладжаная работа іншых галін, што дало магчымасць сістэме аховы здароўя дзейнічаць рытмічна і без збояў.

Асабліва адзначыла Вольга Святліцкая тыя выпадкі, калі дапамога прыходзіла з боку звычайных грамадзян. Яна прывяла прыклад, калі бальніца заказала спецыяльную плёнку, каб закрыць празрыстыя дзверы памяшкання рэанімацыі, дзе надзявалі ахоўныя касцюмы ўрачы і дзе пастаянна гарэлі кварцавыя лямпы. Калі кампанія-пастаўшчык прывезла заказ і даведалася, для чаго гэта патрэбна, яны гатовы былі паставіць яшчэ некалькі штук, жадаючы хоць нечым дапамагчы медыкам. "Гэта вельмі кранала нашы сэрцы, натхняла", - прызналася ўрач.

Яна выказала ўдзячнасць за тое, што праца медработнікаў была па заслугах ацэнена на дзяржаўным узроўні. "Гэта вельмі важна для нас, - падкрэсліла Вольга Святліцкая. - Ёсць упэўненасць, што за мной стаіць увесь народ Беларусі, які, калі штосьці спатрэбіцца, аб'яднаецца, і мы ўсё зробім разам. Я ўдзячна беларускім людзям. Дзякуй вам за тое, што былі побач, падтрымлівалі нас, выконвалі нашы рэкамендацыі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі