Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 снежня 2019, 16:51

Мокры снег з дажджом і галалёд чакаюцца ў Беларусі ў выхадныя

5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мокры снег з дажджом і галалёд чакаюцца ў Беларусі ў выхадныя, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"У бліжэйшыя выхадныя чакаецца няўстойлівае надвор'е. Яго будуць вызначаць атмасферныя франты, якія ідуць з Заходняй Еўропы", - расказалі ў Белгідрамеце.

У пятніцу, 6 снежня, умовы надвор'я ў асноўным будзе вызначаць вобласць паніжанага атмасфернага ціску, удзень па поўначы краіны будзе адчувацца ўплыў малаактыўнага атмасфернага фронту. Будзе без істотных ападкаў, толькі ўдзень месцамі па поўначы Беларусі пройдуць невялікія кароткачасовыя ападкі, у асноўным дождж. Па паўночным усходзе на асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. У дзённы час месцамі па краіне чакаецца парывісты вецер. Тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля да мінус 6, удзень - ад мінус 1 да плюс 4 градусаў.

У суботу, 7 снежня, у паўночна-заходняй частцы краіны будзе адчувацца ўплыў малаактыўнага франтальнага раздзелу, які ідзе з Заходняй Еўропы. Месцамі, пераважна па паўночным захадзе, пройдуць кароткачасовыя ападкі (дождж, мокры снег), прагназуецца слабы галалёд. На асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Месцамі па поўначы Беларусі захаваецца парывісты вецер. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 5 да плюс 2, удзень - ад мінус 1 да плюс 4 градусаў.

Паводле прагнозаў сіноптыкаў, у нядзелю і панядзелак умовы надвор'я будуць вызначаць атмасферныя франты, якія ідуць з Заходняй Еўропы. У нядзелю, 8 снежня, на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца кароткачасовыя ападкі (мокры снег, дождж). Уначы і раніцай месцамі магчымы слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 да плюс 4, удзень - ад нуля да плюс 6 градусаў.

У панядзелак, 9 снежня, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі (мокры снег, які будзе пераходзіць у дождж), па поўначы - з парывістым ветрам. Уначы і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 да плюс 4 градусаў, удзень - 1-7 градусаў цяпла.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі