Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 кастрычніка 2021, 19:27

Міністэрства аховы здароўя пракаменціравала прыпыненне планавай меддапамогі

18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прыпыненне планавай медыцынскай дапамогі дазволіць удасканаліць аказанне меддапамогі пацыентам з інфекцыяй COVID-19, паведаміў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Аляксей Шчарбінскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністэрствам аховы здароўя падпісаны загад нумар 1287 ад 15 кастрычніка, якім часова прыпынена аказанне планавай медыцынскай дапамогі ў амбулаторна-паліклінічных арганізацыях аховы здароўя. Прыпыняецца правядзенне дыспансерызацыі, скрынінгавых мерапрыемстваў, аказанне рэабілітацыйнай дапамогі, выкананне фізіятэрапеўтычных працэдур, маніпуляцый, што патрабуюць знаходжання ў аддзяленнях дзённага знаходжання.

Паводле слоў Аляксея Шчарбінскага, раней міністэрства ўжо выдавала падобны загад, які абмяжоўваў аказанне планавай меддапамогі. Ён даваў пэўную свабоду дзеянняў галоўным урачам устаноў аховы здароўя. "Але, улічваючы бягучую эпідэмічную сітуацыю на сёння, Міністэрству аховы здароўя бачыцца мэтазгодным паставіць больш жорсткія рамкі", - сказаў ён.

Вызваленыя кадравыя і матэрыяльныя рэсурсы будуць перанакіраваны на выкананне актуальных медыцынскіх маніпуляцый. "Напрыклад, мы павялічваем колькасць КТ-даследаванняў на амбулаторным этапе, час работы такіх кабінетаў, пераводзім іх у рэжым не толькі частковага выхаднога дня, а з поўнай загрузкай у суботу і нядзелю. Такім чынам за кошт эканоміі рэсурсаў на пэўных планавых падзеях мы даём магчымасць удасканальваць аказанне дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй, каб павысіць частату выяўлення і забяспечыць своечасовую шпіталізацыю і аказанне медыцынскай дапамогі, у тым ліку на амбулаторным этапе", - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення.

Ён заўважыў, што сёння важна расстаўляць прыярытэты. "Планавая дапамога сапраўды актуальна, але гэта большае значэнне мае ў плане стацыянарнай дапамогі. Напрыклад, для пацыентаў, якія былі запісаны на замену суставаў, нейкія сур'ёзныя аперацыі, у гэтым плане абмежаванняў на сёння не адбываецца. Гэта значыць, мы робім акцэнт на амбулаторнай дапамозе", - сказаў Аляксей Шчарбінскі, дадаўшы, што гэтыя змяненні ўберагуць здаровых людзей ад магчымых рызык інфіцыравання ў час наведвання паліклінік.

Разам з тым будзе павялічана колькасць кантактных брыгад. "Вызваляючы ад планавай амбулаторнай дапамогі наш персанал, мы можам павялічыць колькасць кантактных брыгад і тых груп, якія будуць працаваць на выездзе з пацыентамі, у якіх пацверджана каранавірусная інфекцыя, і кантактамі першага ўзроўню", - заўважыў начальнік галоўнага ўпраўлення.

Як паведамлялася, загад нумар 1287 падпісаны на падставе палажэння аб Міністэрстве аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, зацверджанага пастановай Савета Міністраў ад 28 кастрычніка 2011 года нумар 1446, у мэтах удасканалення аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з інфекцыяй COVID-19. Таксама ўнесены змяненні ў графік работы амбулаторна-паліклінічнага звяна Мінска і ў рэкамендацыі (часовыя) аб арганізацыі аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з інфекцыяй COVID-19.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі