Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 студзеня 2022, 13:25

Іпатаў: больш за 7 тыс. водгукаў паступіла ўжо на праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі

17 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 7 тыс. водгукаў паступіла ўжо на праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі, заявіў журналістам дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле яго слоў, такая актыўнасць грамадзян чаканая. "Грамадзяне абмяркоўваюць Асноўны закон. Гэта грамадскі дагавор, які мае вельмі важнае значэнне для суверэнітэту, незалежнасці нашай краіны. Таму цікавасць да праекта Канстытуцыі вытлумачальная, абгрунтаваная і дапамагае паглядзець на ўсе нормы Канстытуцыі, якія сёння трансфармуюцца, ацаніць наколькі правільны шлях выбраны", - сказаў Вадзім Іпатаў.

Паводле яго слоў, па сутнасці, гэта грамадскі аўдыт. "Гэта значыць нараўне з публічным абмеркаваннем, вядома ж, ідзе ацэнка таго, што ўжо зроблена. А зроблена вельмі шмат, бо работа над Канстытуцыяй практычна год ужо ідзе. Мы павінны ўспомніць дыялогавыя пляцоўкі, якія прайшлі. Трэба ўспомніць работу Канстытуцыйнай камісіі, якая не завершана. Таму цікавасць вельмі вялікая, і яна дапамагае нам усім, хто задзейнічаны ў гэтым працэсе, яшчэ раз паглядзець, што ўсё ж такі ў канчатковы праект павінна ўвайсці", - адзначыў дырэктар НЦЗПД.

Сёння ў Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў праходзіць экспертны семінар на тэму "Вобраз будучыні праз прызму праекта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь". Асноўнымі пытаннямі для абмеркавання сталі: праект Канстытуцыі - адлюстраванне ключавых каштоўнасцей і запатрабаванняў беларускага грамадства (на аснове вынікаў сацыялагічных даследаванняў і работы дыялогавых пляцовак) і палітычная будучыня Рэспублікі Беларусь у разрэзе глабальных трэндаў з улікам абнаўлення Канстытуцыі.

"Вобраз будучыні, вядома ж, бачыцца мірным, стабільным. Каб кожны грамадзянін быў упэўнены ў сваёй будучыні, каб нашы дзеці раслі ў мірнай, спакойнай абстаноўцы, каб у нас працавала эканоміка. І для гэтага патрэбны Асноўны закон, які ўстанаўлівае прававыя асновы далейшага развіцця Рэспублікі Беларусь", - дадаў Вадзім Іпатаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі