Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 кастрычніка 2020, 16:17

Галоўчанка аб закліках да забастовак: гэта прамыя заклікі да нанясення ўрону сваёй краіне і людзям

27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка падкрэслівае, што заклікі да забастовак - гэта не што іншае, як прамыя заклікі да нанясення ўрону сваёй краіне і людзям. Аб гэтым ён заявіў сёння, адказваючы на пытанне БЕЛТА.

"І ўчора, і сёння абстаноўка ў працоўных калектывах спакойная, рабочая. Той план, які шырока анансаваўся (заклікі да агульнанацыянальнай забастоўкі. - Заўвага БЕЛТА), ён, зразумела, не адбыўся. Ён і не мог адбыцца. Людзі настроены на тое, каб працаваць, зарабляць, рэалізоўваць свае планы, якія яны маюць. Настроены на тое, каб сем'і атрымлівалі даход. Таму абсалютна спакойная абстаноўка", - заявіў прэм'ер-міністр.

Раман Галоўчанка адзначыў, што не перабольшвае пагрозу ад такіх заклікаў. Тым не менш ён звярнуўся ў тым ліку да тых, хто заклікаў работнікаў прадпрыемстваў да стачак і забастовак: "Гэта прамыя заклікі да нанясення ўрону сваёй краіне і людзям, якія жывуць у гэтай краіне і працуюць. Бо заклік да спынення прадпрыемства - гэта не што іншае, як расчыстка месца для нашых канкурэнтаў".

Кіраўнік урада акцэнтаваў увагу на тым, што беларуская эканоміка адкрытая і айчынныя вытворцы знаходзяцца ва ўмовах пастаяннай канкурэнтнай барацьбы пры пастаўках на экспартныя рынкі, нафтапрадукты гэта, калійныя ўгнаенні, прадукцыя машынабудавання або прадукты харчавання. "Любое спыненне вытворчасці на руку нашым канкурэнтам. Спыніўшы, дапусцім, вытворчасць нафтапрадуктаў (гэта спотавыя здзелкі), страчваем канкрэтныя грошы, увесь персанал прадпрыемства страчвае выплаты і даплаты за вынікі сваёй працы. Потым вярнуцца на гэты рынак будзе значна даражэй", - сказаў Раман Галоўчанка.

Яшчэ адзін прыклад ён прывёў адносна калійнай галіны: калі літаральна на адну ноч у жніўні спыніліся некалькі рудаўпраўленняў, гэтаму факту былі вельмі рады канкурэнты "Беларуськалія" за мяжой.

"Эканоміка краіны працуе ў няпростых умовах у выніку сусветнага эканамічнага крызісу. Але працуе, і спыняцца не збіраецца", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Ён звярнуў увагу і на іншы немалаважны аспект - спробы актыўна нагнятаць абстаноўку на прадпрыемствах, дзе пазапланавае спыненне можа прывесці да небяспечных наступстваў для жыцця і здароўя людзей. Прыклад таго - "Гродна Азот". "Раздувалася такая тэма, што цяпер "Гродна Азот" спыняць, яшчэ нешта... Я хачу сказаць і для жыхароў Гродзенскага рэгіёна, і для ўсёй краіны: гэта небяспечная вытворчасць, любое ўмяшанне ў тэхналагічны працэс, у тым ліку яго пазапланавае спыненне, гэта пагроза тэхнагеннай катастрофы. "Гродна Азот" гэта або "Магілёўхімвалакно"... У нас дастаткова такіх вытворчасцей. Да чаго вы заклікаеце? Хочаце, каб абласны горад накрыла катастрофа, якая можа здарыцца з-за шалёных думак у асабліва заўзятых галовах? - задаў рытарычнае пытанне Раман Галоўчанка. - Вядома, калі такія рэчы будуць адбывацца на прадпрыемствах, якія звязаны з небяспечнай вытворчасцю, з пагрозай для бяспекі, экалогіі, то яны будуць жорстка спыняцца ў адпаведнасці з законам".

Прэм'ер-міністр таксама згадаў пра нядаўнія спробы дыверсій на чыгунцы. "А як яшчэ расцаніць тое, калі прымусовым чынам прыводзяць аўтаматыку, якая кіруе рухам чыгуначных саставаў, у нерабочы стан? Што гэта, як не пагроза жыццю людзей? Што, нам аб'яўляюць рэйкавую вайну? Адпаведна, дзяржава будзе рэзка на гэта рэагаваць - так, як належыць па законе", - сказаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі