Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 верасня 2022, 09:00

Дзень народнага адзінства ў Рэспубліцы Беларусь

17 верасня Беларусь святкуе Дзень народнага адзінства. Ён быў заснаваны 7 чэрвеня 2021 года ўказам нумар 206 кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.

Свята прымеркавана да пачатку вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у 1939 годзе, у выніку якога падзелены па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора беларускі народ зноў уз'яднаўся.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні Дня народнага адзінства ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды дзеячам розных сфер. Кіраўнік дзяржавы павіншаваў усіх з надыходзячым святам - Днём народнага адзінства - і пажадаў, каб заслужаныя ўзнагароды і званні сталі чарговай прыступкай да новых прафесійных і творчых перамог у іх жыцці.

Інстытут гісторыі НАН напярэдадні прэзентаваў зборнік навуковых прац "Рыжскі мір 1921 года і Беларусь (да 100-годдзя заключэння)". Вучоны сакратар інстытута Павел Трубчык адзначыў: "Калі мы не будзем даследаваць падзеі таго перыяду, не будзем на іх звяртаць увагі, то за нас гэта зробяць іншыя, і беларусы ў гэтых даследаваннях не будуць выступаць у якасці аб'екта вывучэння. Як гэта ўжо здарылася ў 1921 годзе, калі без уліку інтарэсаў беларускага боку было падпісана пагадненне, згодна з якім значная частка Беларусі была ўключана ў склад польскай дзяржавы".

У Дзень народнага адзінства запланаваны святочныя мерапрыемствы ў кожным кутку краіны. У Мінску пройдуць рэспубліканскі велапрабег "Дарогамі памяці" і маладзёжны флэшмоб "У адзінстве сіла!", у якіх прымуць удзел амаль 500 чалавек, у тым ліку 150 удзельнікаў велапрабегу, 350 удзельнікаў флэшмобу. У мерапрыемстве плануецца ўдзел прадстаўнікоў Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, Міністэрства адукацыі і ўстаноў вышэйшай адукацыі.

Перад пачаткам велапрабегу адбудзецца мітынг і ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да стэлы "Мінск - горад-герой", у якой задзейнічаюць аркестр Мінскай ваеннай камендатуры Узброеных Сіл і роту ганаровай варты. Святочны настрой для гасцей і ўдзельнікаў будуць ствараць народны аматарскі калектыў Беларусі ансамбль мажарэтак "Халідэй" і ансамбль эстрадна-спартыўнага танца.

У Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе падпішуць дагавор аб супрацоўніцтве паміж Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі і Рэспубліканскім валанцёрскім цэнтрам.

Таксама Беларускі саюз жанчын далучыцца да святкавання Дня адзінства і правядзе розныя тэматычныя спартыўныя мерапрыемствы і акцыі для ўсёй сям'і: пасадку алей, сустрэчы з ветэранамі арганізацыі, чэленджы, фотавыставы. Таксама 17 верасня саюз будзе віншаваць маці дзяцей, якія нарадзіліся ў гэты дзень.

Беларускае радыё правядзе эфірную акцыю "Дзень народнага адзінства". Радыёстанцыі Белтэлерадыёкампаніі 17 верасня напоўняць эфір спецыяльнымі выпускамі перадач, прамымі ўключэннямі і трансляцыямі са святочных мерапрыемстваў у сталіцы і рэгіёнах краіны.

Міжнароднае радыё "Беларусь" раскажа замежным слухачам на дзевяці мовах вяшчання аб значэнні Дня народнага адзінства для беларускага народа. Удзельнікамі перадач "Праз прызму падзей", "Беларусь між народамі", "Грамадзянская супольнасць", "Беларусь ад А да Я", "Разам", "Беларусь сёння" стануць палітолагі, гісторыкі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.

Акцыя "Дзень народнага адзінства" пройдзе і ў эфіры рэгіянальных радыёстанцый Белтэлерадыёкампаніі "Радыё Брэст", "Горад FM", "Радыё Віцебск", "Радыё Гомель", "Гомель+", "Радыё Гродна", "Радыё Магілёў" ва ўсіх абласцях краіны.

У гэтым годзе старт абласным "Дажынкам" дадуць у Глыбокім 17 верасня, у Дзень народнага адзінства. Гасцям і мясцовым жыхарам будуць прапанаваны разнастайныя забавы: інтэрактыўная выстава Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея, святочныя шоу, конкурс-дэгустацыя бульбяных бліноў "Дранiк-фэст" і выстава-дэгустацыя прадукцыі суб'ектаў аграэкатурызму і іншыя актыўнасці.

У святочны дзень у гарадскім парку на вуліцы Савецкай у Оршы адкрыюць скульптурную кампазіцыю "Сям'я - залог міру". Помнік сям'і ўяўляе сабой скульптуру, выкананую з бронзы. У вышыню яна больш за 5 м. Аўтарам кампазіцыі з'яўляецца Юлія Заранкова, дачка ўраджэнца Аршанскага раёна Вячаслава Заранкова, які быў ідэйным натхняльнікам праекта па стварэнні такога душэўнага помніка.

Як расказвае гісторыя, тэрыторыя Беларусі была падзелена паміж дзвюма дзяржавамі ў выніку польска-савецкай вайны 1919-1920 гадоў. На тэрыторыі ўсходняй часткі Беларусі была створана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, якая ўваходзіла ў склад СССР. Заходнія тэрыторыі Беларусі былі далучаны да Польшчы - частка зямель захоплена палякамі ў час вайны, частка адышла згодна з Рыжскім мірным дагаворам, падпісаным 18 сакавіка 1921 года.

У склад польскай дзяржавы ўвайшла тэрыторыя плошчай больш за 112 тыс. кв.км з насельніцтвам 4,6 млн чалавек (паводле даных 1931 года). За гэтымі землямі замацавалася неафіцыйная назва Заходняя Беларусь, якую ўлады Польшчы не прызнавалі. У афіцыйных дакументах гэтыя тэрыторыі часцей называлі "крэсы ўсходне".

Заходняя Беларусь была адносна адсталай аграрнай ускраінай Польшчы. Край у асноўным выкарыстоўваўся дзяржавай як крыніца сыравіны і таннай працоўнай сілы. Рабочы дзень у прамысловасці складаў 10-12 гадзін, зарплата была больш нізкай, чым у спрадвечна польскіх рэгіёнах. Больш за 80 працэнтаў насельніцтва краю былі заняты ў сельскай гаспадарцы.

У адносінах да беларусаў польскія ўлады праводзілі палітыку паланізацыі і асіміляцыі. Яны не дазвалялі выкарыстоўваць беларускую мову ў дзяржаўных установах, забаранялі беларускія школы. З 400 беларускіх школ, што існавалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі да польскай акупацыі, у 1934 годзе засталося толькі 16, а ў 1939 годзе не засталося ні адной. Жорстка праследавалася беларуская прэса. Калі ў 1927 годзе легальна выдаваліся 23 беларускія газеты і часопісы, то ў 1932-м іх стала 8, да 1937 года засталіся толькі прапольскія і клерыкальныя выданні. У Заходняй Беларусі не было беларускіх тэатраў і музычных устаноў. Улады знаходзілі розныя прычыны, каб закрываць беларускія выдавецтвы, бібліятэкі, хаты-чытальні.

Галоўным метадам кіраўніцтва польскага ўрада было прымушэнне, а часта і тэрор. Звычайнай з'явай былі масавыя рэпрэсіі паліцыі ў адносінах да насельніцтва ў час карных экспедыцый па ўціхамірванні сялянскіх выступленняў. Часта праводзіліся судовыя палітычныя працэсы. Для ізаляцыі "грамадска небяспечных элементаў" выкарыстоўваліся турмы. У 1934 годзе быў створаны Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, праз які за 5 гадоў існавання, паводле няпоўных даных, прайшло больш за 10 тыс. вязняў.

Беларускі народ ніколі не мірыўся са сваім паднявольным становішчам. На працягу 20 гадоў ён вёў барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, якая ў розны час прымала розныя формы, але ніколі не спынялася. Нярэдкімі былі выступленні рабочых і сялян. Свой важкі ўклад унеслі культурна-асветныя арганізацыі, вядучай сярод якіх было Таварыства беларускай школы. На чале рэвалюцыйнага руху доўгія гады стаяла Камуністычная партыя Заходняй Беларусі.

У канцы 1930-х гадоў пагроза вайны, якая зыходзіла ад нацысцкай Германіі, навісла над усёй Еўропай. Каб прадухіліць яе, патрэбны былі сумесныя дзеянні вядучых краін Заходняй Еўропы і СССР. Разумеючы гэта, Савецкі Саюз у другой палове 1930-х гадоў зрабіў шэраг спроб стварыць сумесна з Вялікабрытаніяй, Францыяй і іншымі заходнімі краінамі антыгітлераўскую кааліцыю. Аднак вядучыя еўрапейскія дзяржавы адмовіліся ад такога саюза, тайком імкнучыся накіраваць гітлераўскую агрэсію на ўсход. Савецкі Саюз аказаўся перад выбарам: альбо прадоўжыць процістаянне сам-насам з Германіяй, якая набірае ваенную моц, альбо зрабіць спробы дыпламатычным шляхам адвесці ад сябе пагрозу. У такіх умовах СССР заключыў з Германіяй Дагавор аб ненападзенні, які быў падпісаны 23 жніўня ў Маскве. Да дакумента прыкладаўся дадатковы сакрэтны пратакол аб падзеле сфер уплыву паміж Германіяй і Савецкім Саюзам. Згодна з гэтым дакументам у выпадку ліквідацыі Польскай дзяржавы і падзелу яе тэрыторый у сферу ўплыву СССР траплялі ў тым ліку і землі Заходняй Беларусі.

1 верасня 1939 гітлераўская Германія напала на Польшчу. Пачалася Другая сусветная вайна. Нямецкія дывізіі перайшлі граніцу ў некалькіх напрамках і пачалі хутка прасоўвацца ўглыб польскай дзяржавы. Яе ўрад і камандаванне не змаглі арганізаваць эфектыўную абарону і на трэцім тыдні вайны пакінулі краіну.

У сярэдзіне верасня нямецкія войскі падышлі да тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Германскае кіраўніцтва, спасылаючыся на дамоўленасць ад 23 жніўня, прыспешвала савецкі бок хутчэй выступіць супраць Польшчы. Але Сталін адцягваў выступленне. Толькі калі польская армія ў цэлым была разбіта, практычна ўсе спрадвечныя польскія тэрыторыі заняты нямецкімі войскамі, у краіне заставаліся толькі адзінкавыя пункты супраціўлення, савецкі ўрад аддаў распараджэнне камандаванню Чырвонай Арміі перайсці граніцу.

Раніцай 17 верасня польскаму паслу ў Маскве была ўручана нота ўрада СССР. У ёй гаварылася: "Польска-германская вайна выявіла ўнутраную няслушнасць польскай дзяржавы. На працягу дзесяці дзён ваенных аперацый Польшча страціла ўсе свае прамысловыя раёны і культурныя цэнтры. Варшава, як сталіца Польшчы, не існуе больш. Польскі ўрад распаўся і не падае прыкмет жыцця. Гэта значыць, што польская дзяржава і яе ўрад фактычна перасталі існаваць. Тым самым спынілі сваё дзеянне дагаворы, заключаныя паміж СССР і Польшчай. Прадстаўленая самой сабе і пакінутая без кіраўніцтва Польшча ператварылася ў зручнае поле для ўсякіх выпадковасцей і нечаканасцей, якія могуць стварыць пагрозу для СССР. Таму, з'яўляючыся дагэтуль нейтральным, савецкі ўрад не можа больш нейтральна ставіцца да гэтых фактаў. Савецкі ўрад не можа таксама абыякава ставіцца да таго, каб адзінакроўныя ўкраінцы і беларусы, якія пражываюць на тэрыторыі Польшчы, кінутыя на волю лёсу, заставаліся безабароннымі. У выніку такой абстаноўкі савецкі ўрад аддаў распараджэнне Галоўнаму камандаванню Чырвонай Арміі даць загад войскам перайсці граніцу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі".

Ноту падпісаў народны камісар замежных спраў СССР Молатаў. Ён жа выступіў па радыё са зваротам да савецкага народа.

Рух наперад савецкіх войскаў быў хуткім: 18 верасня яны занялі Свянцяны, Ліду, Навагрудак, Слонім, Ваўкавыск; 19 верасня - Пружаны і Кобрын.

Большасць падраздзяленняў Войска польскага здавалася без бою. Тыя часткі, аснову якіх складалі этнічныя ўкраінцы і беларусы, пераходзілі на бок Чырвонай Арміі. Іх адразу ж распускалі па дамах. А вось польскіх афіцэраў і паліцэйскіх эшалонамі адпраўлялі ў савецкія лагеры.

Асноўная частка насельніцтва Заходняй Беларусі сустракала савецкіх салдат з радасцю і аказвала дзейсную дапамогу. У многіх месцах ствараліся ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, якія арганізоўвалі атрады з рабочых і сялян. Гэтыя фарміраванні раззбройвалі паліцэйскіх, бралі пад ахову масты, прадпрыемствы, іншыя важныя аб'екты. Але некалькі дзён прадаўжалася бітва за Гродна. Супраціўленне тут аказалі каля 3 тыс. салдат і афіцэраў вучэбнага падраздзялення і паліцэйскіх. 20 верасня горад быў узяты, а 22 верасня савецкія войскі ўвайшлі ў Брэст-Літоўск і Беласток.

Пасля прыходу Чырвонай Арміі ў ваяводствах і павятовых цэнтрах пачалі фарміравацца органы новай улады. У гарадах імі сталі часовыя ўправы, а ў мястэчках і вёсках - сельскія камітэты. Менавіта яны заняліся ажыццяўленнем першых пераўтварэнняў, а затым арганізацыяй выбараў дэпутатаў на Народны сход Заходняй Беларусі, які павінен быў вырашыць асноўныя пытанні дзяржаўнага ладу. Выбары прайшлі 22 кастрычніка 1939 года ў абстаноўцы палітычнага ўздыму.

Народны сход Заходняй Беларусі праходзіў 28-30 кастрычніка 1939 года ў Беластоку. На ім была прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні савецкай улады і ўваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. 2 лістапада 1939 года пазачарговая V сесія Вярхоўнага Савета СССР першага склікання вырашыла задаволіць просьбу Народнага сходу Заходняй Беларусі і ўключыць Заходнюю Беларусь у склад СССР з аб'яднаннем яе з Беларускай ССР. Заключным заканадаўчым актам стала прыняцце пазачарговай III сесіяй Вярхоўнага Савета БССР 14 лістапада 1939 года закона "Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі". Такім чынам была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць рэспублікі, аб'яднаны беларускі народ.

Тэрыторыя і насельніцтва рэспублікі павялічыліся амаль удвая. На заходнебеларускіх землях, якія ўвайшлі ў склад БССР, былі ўтвораны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская вобласці. Гэтыя рэгіёны былі ўключаны ў радыкальныя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні. Была праведзена нацыяналізацыя прадпрыемстваў і банкаў, ажыццяўлялася калектывізацыя і механізацыя сельскай гаспадаркі. Карэнныя змяненні адбыліся ў адукацыі, ахове здароўя, навуцы і культуры. Актывізавалася работа па ліквідацыі непісьменнасці, прычым навучальныя ўстановы ствараліся для розных этнічных груп насельніцтва: у 1941 годзе ў заходніх абласцях БССР дзейнічалі 4192 беларускія, 987 польскіх, 173 рускія, 168 яўрэйскіх, 63 літоўскія, 43 украінскія школы. Былі створаны тэатры, адкрыта 100 кінатэатраў, 92 дамы культуры, 220 бібліятэк. Ва ўсіх абласных гарадах і райцэнтрах з'явілася беларускамоўная перыёдыка. Паступальнае развіццё эканомікі, сацыяльнай сферы заходніх абласцей рэспублікі было перапынена пачаткам Вялікай Айчыннай вайны.

Дзень народнага адзінства - 17 верасня - служыць яшчэ адным напамінам аб непахіснасці і самадастатковасці беларускай нацыі і дзяржаўнасці, фарміруе пачуццё прыналежнасці да краіны і лёсу кожнага грамадзяніна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі