Сцяг Пятніца, 3 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 лістапада 2015, 10:24

Бескантрольны прыём антыбіётыкаў можа прывесці да сур'ёзных ускладненняў - медык

23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Бескантрольны прыём антыбіётыкаў можа прывесці да сур'ёзных ускладненняў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны пазаштатны інфекцыяніст Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры інфекцыйных захворванняў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Карпаў.

Як адзначыў Ігар Карпаў, пры самалячэнні вялікая верагоднасць назначыць няправільную дозу і курс прыёму антыбіётыкаў, што можа прывесці да розных ускладненняў. Часта пацыенты, адчуўшы сябе лепш, перастаюць прымаць лекавы прэпарат пасля 2-3 дзён. Яны лічаць, што далей іх арганізм сам справіцца з хваробай. Аднак не вылечаная да канца інфекцыя можа стаць прычынай захворванняў, напрыклад, сэрца, нырак і інш. Дачаснае спыненне прыёму антыбіётыка таксама прыводзіць да фарміравання ўстойлівасці бактэрый да такога прэпарату, гэта значыць узнікнення новых антыбіётыкатэзістэнтных штамаў. Вельмі працяглае лячэнне антыбіётыкамі прыводзіць да развіцця такіх ускладненняў, як дысбактэрыёз, алергія і інш.

Па частаце прымянення антыбіётыкі знаходзяцца на другім месцы пасля прэпаратаў, прызначаных для лячэння сардэчна-сасудзiстых захворванняў. Часта пацыенты ў амбулаторнай практыцы прымаюць антыбактэрыяльныя сродкі неапраўдана, забываючы, што антыбіётыкі не дзейнічаюць на вірусныя інфекцыі, адзначыў Ігар Карпаў. Антыбактэрыяльныя сродкі павінен назначаць выключна ўрач, зарыентавацца ў выбары стратэгіі лячэння яму даюць магчымасць кваліфікацыя і веды. "Кожную назалагічную форму выклікае пэўная колькасць мікраарганізмаў. Вызначыць, якія мікраарганізмы могуць выклікаць тое ці іншае захворванне і якія антыбіётыкі пры гэтым трэба прымяняць, звычайная ўрачэбная практыка", - сказаў загадчык кафедры.

Каб адрозніць, дапусцім, вірусную ангіну ад бактэрыяльнай, трэба ацаніць комплекс клінічных сімптомаў. Вельмі моцны боль у горле, павялічаныя міндаліны і лімфавузлы, наяўнасць гнойнага налёту на міндалінах, высокая тэмпература, галаўны боль - гэта асноўныя прыкметы бактэрыяльнай ангіны, яе лячэнне праводзіцца з дапамогай антыбіётыкаў. Вірусная ангіна суправаджаецца насмаркам, кашлем, ахрыпласцю, кан'юнктывітам, болямі ў горле і павышанай тэмпературай ад 37 да 39 градусаў. У гэтым выпадку антыбактэрыяльныя сродкі будуць бяссільныя. Аднак даволі часта задача абгрунтаванага меркавання аб прыродзе ангіны з'яўляецца складанай нават для спецыялістаў. "У некаторых выпадках пацыенту назначаюць вірусалагічныя або бактэрыялагічныя даследаванні. Гэта адбываецца тады, калі ва ўрача ўзнікаюць сумненні, выкліканыя не тыповымі клінічнымі праяўленнямі захворвання. У гэтым выпадку неабходна дадатковае абследаванне, каб высветліць прыроду ўзнікнення захворвання", - сказаў Ігар Карпаў.

У Беларусі на сёння большасць антыбіётыкаў адпускаецца выключна па рэцэптах. "У большасці краін свету ўсе антыбактэрыяльныя сродкі з'яўляюцца рэцэптурнымі прэпаратамі, яны кантралююцца і адпускаюцца адказна. На мой погляд, Міністэрства аховы здароўя ідзе ў правільным напрамку, калі вырашае гэта пытанне паэтапна. Важна, каб не было рэзкіх пераходаў і выкліканых з гэтым нязручнасцей. Але ўсё ж рэцэптурны водпуск антыбіётыкаў - гэта звычайная, правераная сусветным вопытам, медыцынская практыка", - лічыць загадчык кафедры.

Упершыню па ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя з 16 па 22 лістапада праходзіў Сусветны тыдзень правільнага выкарыстання антыбіётыкаў. Акцыя накіраванага павышэнне дасведчанасці аб праблеме ўстойлівасці да антыбіётыкаў і на прапаганду іх правільнага выкарыстання сярод грамадскасці, медыцынскіх работнікаў і палітыкаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі