Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 чэрвеня 2021, 11:42

БДУ прадставіць навуковыя распрацоўкі на выстаўцы ўзбраення і ваеннай тэхнікі MILEX

22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. БДУ прадставіць навуковыя распрацоўкі на X Міжнароднай выстаўцы ўзбраення і ваеннай тэхнікі MILEX-2021. Мерапрыемства пройдзе з 23 па 26 чэрвеня на пляцоўцы спартыўна-забаўляльнага комплексу "Мінск-Арэна". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ВНУ.

У экспазіцыю БДУ ўвойдзе 10 навацый, сярод якіх аўтаматызаваная сістэма апрацоўкі палётнай інфармацыі "Дзвіна-М". Яна прызначана для аб'ектыўнага кантролю палётаў лятальных апаратаў, абсталяваных магнітнымі бартавымі ўстройствамі рэгістрацыі. Сістэма забяспечвае счытванне, аператыўную апрацоўку, захоўванне і экспрэс-аналіз інфармацыі, прывязку да лічбавай карты мясцовасці.

У ліку распрацовак БДУ комплекс для дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі "Мультыскан". Ён выкарыстоўваецца для збору і аналізу даных аб спектрах адлюстравання, тэмпературы, месцазнаходжанні аб'ектаў з борта самалётаў, верталётаў, беспілотнікаў. Устройства можа прымяняцца для маніторынгу пажараў, паводак, забруджванняў вадасцёкаў нафтапрадуктамі. Акрамя таго, з яго дапамогай можна загадзя вызначыць павышэнне тэмпературы тарфянікаў і прадухіліць узгаранне, паведаміўшы ў профільныя службы.

Наведвальнікі выстаўкі азнаёмяцца таксама з электроннымі трэнажорамі для падрыхтоўкі ваенных спецыялістаў. Гэта праграма дае магчымасць мадэляваць надзвычайныя дзеянні і сітуацыі, ацэньваць тэарэтычныя веды і практычныя навыкі.

У лік экспанатаў БДУ ўвойдуць таксама шматфункцыянальны вымяральны комплекс Alma Meter 2, макет універсітэцкага спадарожніка BSUSat-2, радыёпаглынальныя матэрыялы, святлопаглынальныя кампазіцыйныя матэрыялы і іншае.

Выстаўка MILEX праводзіцца з 2001 года і аб'ядноўвае вядучыя айчынныя і сусветныя кампаніі ваеннага прызначэння. З'яўляецца адной з самых буйных экспазіцый ва ўсходне-еўрапейскім рэгіёне па дэманстрацыі бранятанкавай тэхнікі, авіяцыі і ракетна-касмічных комплексаў, аэракасмічных тэхналогій, ракетнага, артылерыйскага і стралковага ўзбраення сістэмы ППА малога і сярэдняга радыуса дзеяння.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі