Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 студзеня 2021, 18:06

Армія выканае любую задачу для захавання тэрытарыяльнай цэласнасці краіны - Голуб

14 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Армія выканае любую задачу для захавання тэрытарыяльнай цэласнасці краіны і яе суверэнітэту. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі проціпаветранай абароны Узброеных Сіл генерал-маёр Ігар Голуб у час сумеснай падрыхтоўкі родаў войскаў і спецыяльных войскаў ВПС і ППА, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Учора мной былі ўручаны распараджэнні камандзірам злучэння воінскіх часцей на прывядзенне падраздзяленняў у павышаную ступень гатоўнасці. Задача - пасля прывядзення выйсці ў назначаныя раёны і ажыццявіць прыкрыццё зададзеных аб'ектаў - атака авіяцыі ўмоўнага праціўніка. Гэта задача была выканана. Падраздзяленні зрабілі маршы ва ўказаныя раёны і занялі пазіцыі, - сказаў Ігар Голуб. - Сёння праводзіцца праверка даных падраздзяленняў палётамі кантрольных цэлей. З дапамогай нашай авіяцыі створана складаная паветраная абстаноўка. Працуем з трох стацыянарных і двух аператыўных аэрадромаў. У паветры знаходзіцца больш за 10 цэлей. Кожнае падраздзяленне ажыццяўляе проціпаветранае прыкрыццё зададзенага аб'екта".

Паводле яго слоў, гэта падрыхтоўка мае шэраг асаблівасцей. Ва ўмовах радыёэлектроннага падаўлення спецыялісты на практыцы адпрацоўваюць прыёмы барацьбы з малавышыннымі маласкораснымі паветранымі цэлямі, такімі як беспілотныя лятальныя апараты і шары-зонды. "Самае галоўнае - навучыць нашы баявыя разлікі дзейнічаць у той абстаноўцы, якую мы для іх стварылі. У якасці паветраных цэлей на палігонах падымаюцца шары, і па іх працуе авіяцыя. Калі раней разлікі іх толькі выяўлялі і суправаджалі, то цяпер задача - знішчэнне, - падкрэсліў камандуючы. - Другая асаблівасць - гэта работа з пастаяннай зменай боепазіцый. Асноўны прынцып: убачыў, выстраліў, змяніў пазіцыю. Мы прааналізавалі тыя моцныя і слабыя бакі, якія былі выкрыты ў ходзе баявых дзеянняў у Сірыі, Лівіі і ў Нагорным Карабаху, і прымяняем гэты вопыт на практыцы".

Як адзначыў Ігар Голуб, упершыню прымяняюцца новыя і мадэрнізаваныя ўзоры ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. "Так, комплекс аўтаматызацыі "Прастор", які быў прыняты на ўзбраенне ў канцы 2020 года, значна павысіў нашы магчымасці па кіраванні падначаленымі войскамі, па суправаджэнні і выяўленні ўсіх паветраных цэлей. Акрамя таго, баявыя разлікі 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы з экіпажамі самалётаў-знішчальнікаў СУ-30СМ працуюць з дапамогай кіравання радыёлакацыйнай станцыі "Сопка", - расказаў ён.

Камандуючы дадаў, што ў бягучым годзе плануецца атрымаць на ўзбраенне такія радыёлакацыйныя станцыі, як "Праціўнік-Г" і "Усход". "Ужо заключаны кантракты на пастаўку шматфункцыянальных ударных верталётаў МІ-35, другой партыі знішчальнікаў СУ-30СМ. Акрамя таго, прадаўжаем перадкантрактную работу па пераўзбраенні нашых дывізіёнаў зенітна-ракетных войскаў, узброеных "С-300", на новыя комплексы "С-400" і "Панцыр-С". Адначасова ў ходзе баявой работы мы выкарыстоўваем, пакуль у якасці выпрабаванняў, бартавыя комплексы абароны, якія актыўна дапамагаюць ставіць перашкоды, прыкрываць ударныя самалёты і верталёты ад тых сродкаў паражэнняў, якія па іх могуць быць прыменены", - сказаў ён.

"Тэхніка - гэта адно, самае галоўнае - наш склад і яго маральны настрой. Я гатовы паручыцца, што ўсе ваенныя значна з'ядналіся вакол свайго галоўнакамандуючага і гатовы выканаць любую пастаўленую задачу для захавання тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны, недатыкальнасці паветранай граніцы і нашага суверэнітэту", - рэзюмаваў Ігар Голуб.

Вопыт, атрыманы асабовым складам, будзе выкарыстаны ў час сумеснага аператыўнага вучэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2021".

З 13 да 15 студзеня арганізаваны рух калон ваеннай і спецыяльнай тэхнікі да месцаў выканання вучэбна-баявых задач сумеснай падрыхтоўкі і назад у пункты пастаяннай дыслакацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі