Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 снежня 2019, 16:21

"Жадаем дастойна прайсці гэты шлях" - Лукашэнка падтрымаў імкненне Сербіі ўступіць у ЕС

3 снежня, Бялград /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларусь з павагай ставіцца да імкнення Сербіі ўступіць у Еўрапейскі саюз. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння журналістам пасля перагавораў з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы вітаў нядаўняе падпісанне Сербіяй пагаднення аб зоне свабоднага гандлю з ЕАЭС і падкрэсліў, што Беларусь для Сербіі - шчыры сябар у Еўразійскім эканамічным саюзе.

"У той жа час мы з павагай ставімся да імкнення вашай краіны ўступіць у Еўрапейскі саюз і жадаем вам дастойна прайсці гэты шлях. Дай бог, каб у вас атрымалася тое, чаго вы хочаце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У канцы кастрычніка Сербія і ЕАЭС падпісалі пагадненне аб свабодным гандлі. У Еўрапейскім саюзе заявілі, што гэта рашэнне сербскага боку супярэчыць яго імкненню стаць членам ЕС. Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што Сербія разбярэцца з такімі ўльтыматумамі самастойна. "Вы разумныя, таленавітыя людзі. Вы зможаце ўсё ўзважыць. Калі вам будзе выгадна пры ўльтыматуме супрацоўнічаць з Еўрапейскім саюзам, вы будзеце супрацоўнічаць з ім. Калі для вас больш выгадна мець справу з Еўразійскім эканамічным саюзам, вы будзеце супрацоўнічаць з ім. Але, на жаль, вам, як і нам, наканавана ляцець на двух крылах. У вас, нікуды ад гэтага не дзецца, павінны быць добрыя адносіны перш за ўсё з суседзямі, якія б яны ні былі", - лічыць Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ўсе імкнуцца развіваць добрыя адносіны з ЕС, у тым ліку Беларусь, Расія і Кітай. "Мы разумеем, у якой сітуацыі вы знаходзіцеся", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. Значныя аб'ёмы гандлю ў Сербіі менавіта з краінамі Еўрапейскага саюза, гэты рынак практычна немагчыма замяніць, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

"У гэтым бурным свеце трэба быць шустрым, хуткім, арыентавацца, каб выжыць у барацьбе гігантаў. Таму мы нармальна ставімся да той сітуацыі, што Сербія сёння працуе і з Еўрапейскім саюзам, і з Еўразійскім эканамічным саюзам", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

"Не спяшайцеся, крыху пацярпіце - і Сербія будзе працвітаючай. Толькі старайцеся больш не пераварочваць краіну: на вуліцах шчасце не робіцца. Слухайце ўсіх, але жывіце сваім розумам. На жаль, у нашым цесным шалёным свеце сяброў вельмі мала, а можа, і няма. Таму трэба жыць сваім розумам, слухаючы ўсіх, і дзейнічаць зыходзячы з уласных інтарэсаў", - дадаў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі