Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
11 лістапада 2021, 14:19

Урад прапануе пабудаваць новы навучальны корпус БДУ

11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На нарадзе Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў абмеркавана пытанне будаўніцтва новага навучальнага корпуса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Урад прапанаваў пабудаваць новы корпус для ўніверсітэта за кошт крэдытных рэсурсаў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: для Беларусі з яе экспартна арыентаванай эканомікай крытычна важна, каб сістэма адукацыі была гарантам высокага прафесійнага ўзроўню спецыялістаў. Дзяржава аказвае значную дапамогу і падтрымку навучальным установам у развіцці і ўмацаванні іх матэрыяльна-тэхнічнай базы.

У той жа час кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, наколькі неабходна і апраўдана сёння будаўніцтва новага корпуса для БДУ. "Хацеў бы пачуць дадатковыя аргументы па гэтым пытанні, - сказаў ён. - Ці можам мы ў гэты цяжкі, няпросты час абысціся без гэтага корпуса? Вось гэта перш за ўсё пытанне. Няўжо заўтра БДУ перастане існаваць, калі мы гэты корпус не пабудуем? А можа, мы нешта ў Мінску знойдзем для функцыянавання гэтага факультэта? Гэта значыць, трэба разабрацца: калі сёння можна пацярпець - трэба пацярпець, калі ёсць лішнія грошы - калі ласка, я не супраць, за два гады будзе стаяць гэты корпус. Інакш кажучы, трэба дакладна вызначыцца, па-гаспадарску. І ведамасных падыходаў тут быць не павінна".

Як расказаў журналістам па выніках нарады міністр адукацыі Ігар Карпенка, прынята рашэнне аб тым, каб канкрэтызаваць аб'ёмы, функцыі, аснашчэнне новага аб'екта і пасля гэтага вярнуцца да абмеркавання яго будаўніцтва. "Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што праект перспектыўны. Але каб вызначыць яго вартасныя і змястоўныя параметры, неабходна пачаць праектаванне, дэталёва прапрацаваць пытанні і далажыць аб гэтым кіраўніку дзяржавы, - растлумачыў міністр. - Інакш кажучы, мы не выключаем выдзялення сродкаў і магчымасць будаўніцтва новага інавацыйнага корпуса БДУ, але для гэтага павінна быць дэталёвая прапрацоўка".

У бліжэйшы час, паводле яго слоў, гэта тэма будзе абмяркоўвацца ў Міністэрстве адукацыі з кіраўніцтвам БДУ: што будзе ўяўляць сабой новы корпус, якія там будуць памяшканні, пад якія мэты ён будзе задзейнічаны, каб прыносіць карысць і для галоўнай ВНУ краіны, і для сістэмы адукацыі краіны ў цэлым.

Ігар Карпенка звярнуў увагу, што ў год 100-годдзя БДУ актыўна развівае сваю матэрыяльна-тэхнічную базу, у тым ліку ў рамках праекта з Сусветным банкам рэканструкцыі і развіцця. Ідзе аснашчэнне інавацыйных лабараторый, капітальны і бягучы рамонт шэрага будынкаў. Новы аб'ект, магчымасць будаўніцтва якога абмяркоўвалася на нарадзе ў Прэзідэнта, - гэта не проста "чарговая задума пабудаваць корпус", падкрэсліў міністр. Паводле яго слоў, гэта дасць магчымасць развіваць экспарт адукацыйных паслуг, рэалізаваць сумесныя беларуска-кітайскія адукацыйныя праграмы, у якіх актыўна ўдзельнічае БДУ, прадоўжыць навучанне адораных дзяцей, падлеткаў, якія займаюцца ў дзіцячым тэхнапарку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі