Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
01 лістапада 2022, 11:38

"Трэба забіць раз і назаўсёды жалезабетонны кол". Лукашэнка адкрыта выказаўся аб армяна-азербайджанскім канфлікце і праблемах у АДКБ

1 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 лістапада на сустрэчы з генеральным сакратаром АДКБ Станіславам Засем абмеркаваў сітуацыю на армяна-азербайджанскай граніцы. Кіраўнік дзяржавы максімальна адкрыта і шчыра выказаўся па гэтай і іншай праблематыцы, якая датычыцца сітуацыі ў АДКБ, і расказаў аб вытоках пазіцыі Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Канфлікт гэты трэба заканчваць (паміж Арменіяй і Азербайджанам. - Заўвага БЕЛТА). І не дай бог мы яшчэ будзем распальваць канфлікт на таджыкска-кыргызскай граніцы. Гэта таксама недапушчальна. Трэба гэта заканчваць. Гэта нядобра, што ў рамках АДКБ мы не можам спыніць гэтыя канфлікты. Мы вельмі сур'ёзна павінны абмеркаваць гэтыя пытанні на чарговай сесіі АДКБ", - сказаў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, беларускі бок ініцыяваў некалькі пытанняў у рамках работы АДКБ, якія ў тым ліку датычацца сродкаў масавай інфармацыі, прагназавання і рэагавання на крызісныя сітуацыі. "Шмат пытанняў. І каб нас там не называлі папяровым тыграм або яшчэ неяк, нам трэба актывізавацца тут. Ну калі нехта не хоча працаваць, гасподзь з ім. Але трэба працаваць з тымі, хто хоча ў АДКБ працаваць, і забіць раз і назаўсёды гэты жалезабетонны кол або слуп, вакол якога мы ўсе будзем вярцецца і круціцца і паказваць усяму свету, што ёсць такая ваенна-палітычная арганізацыя. Вось у чым пазіцыя Беларусі. Мы за гэта. Але без усялякіх гульняў і выкарыстання АДКБ у вырашэнні ўнутраных палітычных нейкіх праблем. Ва ўсіх яны ёсць, але ў нас АДКБ не для гэтага створана", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Напярэдадні запланаванага ў другой палове лістапада чарговага саміту АДКБ Прэзідэнт у першую чаргу звярнуў увагу на сітуацыю на армяна-азербайджанскай граніцы. "Усё ж такі ты сам быў там, бачыў, што адбываецца. І начальнік Аб'яднанага штаба працаваў. Усё ж такі гэта спецыялісты. Напрыклад, калі прапаноўвалася туды паслаць місію АДКБ, я падумаў: а што, у нас мацнейшыя за Зася ёсць людзі тут, у Беларусі? Яны што, разбяруцца лепш? Не толькі таму, што я пахваліць цябе хачу. Вы ўцягнуты ў гэты працэс, бачыце, што там адбываецца. Ну дык назірайце і дакладвайце. Навошта яшчэ туды пасылаць нейкіх наглядальнікаў ад Беларусі, Расіі і іншых. Чаго там цялёпкацца каля Расіі?" - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Расія ўжо з'яўляецца пасрэднікам ва ўрэгуляванні сітуацыі паміж Арменіяй і Азербайджанам і гэтага цалкам дастаткова: "Скончылася вайна. Ясна, чым скончылася. Вызначыліся бакі, што ім патрэбны пасрэднік. Гэта норма, класіка. Зразумела, гэта Расія. Звярнуліся да Расіі. Расія высадзіла туды сотні людзей. Помнім, як самалёты ляталі. Расійскія пагранічнікі, як сказаў Пуцін, знаходзяцца на ўсіх участках граніцы. І з Турцыяй, Іранам там, і паміж Арменіяй і Азербайджанам і гэтак далей. Ну што яшчэ трэба? Няхай у гэтым напрамку працуюць. Я нездарма сказаў, што ідзе пэўная гульня. Я разумею, якая гульня, навошта туды ўцягнулі Еўрасаюз, навошта туды цягнуць АБСЕ. Ну навошта? Ну зразумела ж навошта. Што яны там будуць рабіць, калі там ужо ёсць пасрэднік? І яшчэ АДКБ туды трэба ўцягнуць. Нібыта больш няма чым займацца".

Прэзідэнт Беларусі растлумачыў, чаму так востра рэагуе на гэта пытанне і на чым грунтуецца пазіцыя Беларусі. "У свой час, калі, па-мойму, мы старшынствавалі чарговы раз у АДКБ, я заняўся гэтым пытаннем. Я паехаў да Ільхама (Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў. - Заўвага БЕЛТА), перагаварыў з ім. Па-сяброўску пагаварыў. І я яму задаў пытанне так, жартам: "Ільхам Гейдаравіч, ну трэба Арменіі дапамагчы, калі дамовіцеся". А размова ішла аб пяці з паловай ці шасці раёнах - азербайджанскіх раёнах, якія былі, як яны канстатавалі, захоплены армянамі. Армяне прызналі, што "гэта не наша зямля, гэта азербайджанская". Акрамя Карабаха. Ну дык вярні яе! І калі б тады, калі я прапанаваў гэта зрабіць, вярнулі гэтыя раёны, вайны не было б. У Ільхама не было б матывацыі пачынаць гэту вайну. Ну ты прасіў раёны - аддалі. Застаўся статус Карабаха. Ну вырашалі б у спакойным рэжыме. Але тады ж не згадзіўся ні Серж Саргсян, ні потым Нікол Пашынян. Гэта пытанне я двойчы ўзнімаў", - падзяліўся падрабязнасцямі беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што тады ж прапаноўваў Ільхаму Аліеву ў выпадку ўрэгулявання канфлікту падумаць над інвесціраваннем у Арменію, каб канчаткова памірыцца і прадэманстраваць гэта народам дзвюх краін. "І я Ільхаму задаў тады пытанне: "Слухай, ну дамоўцеся, трэба ж неяк дапамагчы Арменіі, каб народ бачыў, што вы памірыліся, замірыліся і гэтак далей. (Багаты чалавек, тады сапраўды і нафта вельмі дорага каштавала і іншае.) Ну колькі ты вось мог бы інвесціраваць у Арменію?" Кажа, мінімум мільярдаў пяць. І засмяяўся. Але галоўнае - будавалі трубаправоды. Яны ж пайшлі вакол Арменіі. А Ільхам прапаноўваў цераз Арменію гэтыя газаправоды, нафтаправоды... Гаворыць: "Навошта мне вакол на Грузію ісці? Я пайду цераз Арменію. Гэта нам выгадна". І ў Турцыю і далей. Выгадна? Выгадна было", - расказаў Прэзідэнт Беларусі.

"Не. Ну і што. Паставілі Прэзідэнта Азербайджана ў вугал. Яму не заставалася іншага рашэння, як сілавое рашэнне. Далей цягнуць нельга было. Больш як мільён бежанцаў стваралі напружанне. Вось у чым сутнасць. І я ўжо, як бывалы чалавек у палітыцы, я ж гэта ўсё прайшоў... Ну што цяпер гуляцца? Цяпер трэба канчаткова, калі дамовіліся мірыцца, трэба замірыцца. І не трэба прыдумваць там... Ну вось бываў жа ты там. Недзе ў гарах, як мне расказвалі, дзеляць гэту граніцу. Ну слухай, якія горы?! Ну дамоўцеся! Нахічэвань, каб быў свабодны праезд. Нібыта з гэтым сёння Нагорным Карабахам вырашылі. Ну пакуль. Расія там забяспечвае гэты працэс. Ну навошта цяпер забіваць адзін аднаго?! Амаль 300 чалавек забілі і яшчэ аб нечым разважаюць. Трэба супакоіцца і дамовіцца. Вось адкуль мая пазіцыя. Адтуль, з далёкіх часоў. Дзесяць з нечым гадоў таму. Таму я і так жорстка рэагую на гэта", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ да назначэння на пасаду генеральнага сакратара АДКБ Станіслаў Зась, з'яўляючыся дзяржсакратаром Савета бяспекі Беларусі, курыраваў супрацоўніцтва з Азербайджанам і часта бываў у гэтай краіне. "Шмат разоў размаўляў з імі, бачыў, што краіна актыўна рыхтуецца да сілавога варыянта. Я ім гаварыў, што трэба ўсё ж такі гэта пытанне перагаворамі вырашаць і ўсё іншае. Адказ быў просты: "Станіслаў Васільевіч, ужо 30 гадоў спрабуем дамовіцца. Колькі яшчэ можна перагаворы весці?" Сітуацыя ішла, вядома, да таго, аб чым вы гаворыце, і атрымалася тое, што атрымалася. На жаль, вось так. Не змаглі мірна вырашыць пытанне", - сказаў генеральны сакратар АДКБ у адказ на словы беларускага лідара па перадгісторыі канфлікту.

Станіслаў Зась у час сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі таксама пацвердзіў неабходнасць абмеркаваць сітуацыю, якая склалася на граніцы Кыргызстана і Таджыкістана.

Як паведамлялася БЕЛТА, 28 кастрычніка адпаведныя пытанні абмяркоўваліся на пазачарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, якая была склікана па ініцыятыве Арменіі і прайшла ў рэжыме відэаканферэнцыі. У ходзе праведзенай дыскусіі Прэзідэнт Беларусі таксама адкрыта выказаўся па ўзнятых праблемах і прапанаваў канкрэтны план далейшых дзеянняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі