Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
24 снежня 2019, 17:06

Лукашэнка расказаў, што для Расіі страшней за магчымае ўступленне Украіны ў НАТА

24 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт магчымага ўступлення Украіны ў НАТА, ён не расцэньвае гэта як патэнцыяльную пагрозу для Беларусі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння ў інтэрв'ю галоўнаму рэдактару радыёстанцыі "Рэха Масквы" Аляксею Венядзіктаву, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Я так не расцэньваю. Я Пуціну ўжо аб гэтым гаварыў і вам скажу: самая вялікая пагроза, што датычыцца Украіны, для Расіі будзе не НАТА, а калі да ўлады прыйдуць і атрымаюць усю зброю, узбраенне, як вы іх там называеце груба, "нацыкі". Я з гэтым, вядома, не згодны, не трэба абражаць каго-небудзь. У кожнага свае паняцці. Але вы ведаеце гэтыя радыкальныя нацыянальныя сілы ва Украіне. Вось гэта для вас будзе страшней за НАТА. Вы падумайце. Гэта небяспечная рэч", - заявіў беларускі лідар.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што калі Украіна ўступіць у НАТА, то гэта бяспекі не дабавіць: "Ні нам, а тым больш Расіі".

"Вядома, лепш было б, калі б Украіна праводзіла такі курс, як гэта было хаця б пасля распаду Савецкага Саюза. Не трэба абвінавачваць Пятра Парашэнку, Януковіча, яшчэ каго-небудзь. Усе прэзідэнты вінаватыя ў тым, што склалася такая сітуацыя для Уладзіміра Зяленскага", - лічыць Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі з Украінай вельмі добрыя і блізкія адносіны, Беларусь гатова і далей усямерна садзейнічаць мірнаму ўрэгуляванню ў гэтай краіне і развіваць з ёй адносіны.

Так, некалькі гадоў таму Беларусь прапанавала ўкраінскаму і расійскаму бакам міратворчымі сіламі ўзяць пад кантроль іх агульную граніцу. Аднак і Украіна, і Расія адмовіліся ад гэтай прапановы. Беларускі бок таксама быў гатовы дапамагчы ў арганізацыі выбараў на непадкантрольных Украіне тэрыторыях, але і гэта прапанова не знайшла падтрымкі ў партнёраў з абодвух бакоў.

"Гэта былі б гіганцкія крокі да міру, калі граніца пад кантролем, выбары правялі і пакрыху пачалі размарожвацца эканамічныя адносіны. А далей было б відаць, што вырашаць, - дадаў кіраўнік дзяржавы. - Мы гатовы ўвязацца ў гэту бойку для таго, каб стабілізаваць там сітуацыю і не гінулі нашы людзі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі