ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 29 лістапада 2021
Мінск +2°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 верасня 2021, 10:47

Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў 9 краін

30 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў 9 дзяржаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Даверчыя граматы Прэзідэнту ўручылі дыпламаты з Азербайджана, Арменіі, Індыі, Інданезіі, Лівана, Малайзіі, Манголіі, Туніса і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.

"Дазвольце прывітаць вас у горадзе-героі Мінску, сталіцы сучаснай дэмакратычнай дзяржавы з развітой эканомікай, шматвяковай гісторыяй і самабытнай культурай. Тут спрадвеку, так было заўсёды, рады гасцям. Думаю, многія з вас ужо не па чутках знаёмы з нашай краінай", - заявіў Прэзідэнт, звяртаючыся да замежных дыпламатаў. Па традыцыі, кіраўнік дзяржавы коратка ахарактарызаваў адносіны з кожнай з краін, якія прадстаўляюць паслы.

Пра Азербайджан

"Азербайджан быў і застаецца нашым стратэгічным партнёрам, брацкай дзяржавай, якая паслядоўна і бескарысліва падтрымлівае Беларусь", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт ад імя краіны ў цэлым і ад сябе асабіста выказаў удзячнасць усяму азербайджанскаму народу і свайму сябру Прэзідэнту Азербайджана Ільхаму Аліеву за давер і надзейнасць.

Пра Арменію

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Беларусь і Арменію звязваюць традыцыйна дружалюбныя адносіны, сумесная гісторыя і цесныя міжасобасныя кантакты. "Нашы краіны актыўна ўзаемадзейнічаюць у рамках інтэграцыйных структур, у большасці выпадкаў выступаючы з адзіных пазіцый", - сказаў Прэзідэнт. Аднак пакуль значны патэнцыял двухбаковага супрацоўніцтва не рэалізаваны ў поўнай меры, лічыць беларускі лідар. Ён запэўніў, што Беларусь адкрыта для прапаноў па далейшым развіцці трывалых адносін з Арменіяй ва ўсіх сферах.

Пра Індыю

Гаворачы аб краінах далёкай дугі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што супрацоўніцтва з імі набывае ўсё большае значэнне з улікам міжнароднай сітуацыі, якая складваецца.

"Мы высока цэнім заснаваныя на дружбе, даверы і ўзаемаразуменні адносіны з Індыяй. Мінск і Нью-Дэлі - важнейшыя партнёры, а патэнцыял двухбаковага ўзаемадзеяння бязмежны", - заявіў беларускі лідар.

Пра Інданезію і Малайзію

Прымаючы даверчыя граматы ад паслоў Інданезіі і Малайзіі, Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў імкненне Беларусі выбудоўваць канструктыўныя адносіны з усімі краінамі - членамі Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі.

"Упэўнены: дадатковыя магчымасці для далейшага развіцця беларуска-інданезійскіх і беларуска-малайзійскіх сувязей прадаставіць умацаванне супрацоўніцтва па лініі ЕАЭС - АСЕАН", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Інданезію Прэзідэнт назваў ключавым партнёрам у гэтай асацыяцыі. "Нашы грамадзяне, прадстаўнікі бізнесу і навуковых колаў ведаюць Інданезію не толькі як турыстычную жамчужыну, але і як краіну з эканомікай, якая дынамічна развіваецца, высокім чалавечым і навуковым патэнцыялам", - заўважыў беларускі лідар.

Што датычыцца Малайзіі, то гэта краіна, на думку беларускага лідара, зрабіла за апошнія дзесяцігоддзі велізарны рывок у сваім развіцці. "Мы вельмі зацікаўлены ў вывучэнні вопыту трансфармацыі вашай дзяржавы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра Манголію

Кіраўнік дзяржавы з задавальненнем адзначыў далейшае развіццё практычнага ўзаемадзеяння з Манголіяй, у якой Беларусь бачыць надзейнага і перспектыўнага партнёра. "Мы зацікаўлены ў прадаўжэнні рэалізацыі сумесных праектаў. Апошнім часам нашы дзяржавы шмат чаго дасягнулі, але я ведаю, у нас яшчэ ёсць дадатковыя магчымасці для далейшага развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, у тым ліку ў машынабудаўнічай галіне", - заявіў Прэзідэнт.

Пра Ліван

Аляксандр Лукашэнка адзначыў цікавасць Беларусі да ўзаемадзеяння з Ліванскай Рэспублікай, выказаўшы ўпэўненасць у наяўнасці істотнага патэнцыялу двухбаковага супрацоўніцтва ў розных сферах.

Пра Туніс

Звяртаючыся да пасла Туніса, кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў аб зацікаўленасці ў актывізацыі ўсебаковых адносін з гэтай краінай. Беларусь, паводле яго слоў, разглядае Туніс у якасці перспектыўнага партнёра ў Паўночнай Афрыцы.

"Нам варта больш актыўна шукаць напрамкі, якія дадуць магчымасць умацаваць наша ўзаемадзеянне. У першую чаргу гэта датычыцца сфер турызму і аховы здароўя", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Пра Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку

"Беларусь гатова і далей пашыраць супрацоўніцтва з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай, якая па праву мае рэпутацыю палітычнага і эканамічнага лідара сярод паўднёвых дзяржаў кантынента", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, наша краіна можа прапанаваць ПАР сучасныя комплексныя рашэнні ў сферы механізацыі сельскай гаспадаркі, актуальныя навуковыя распрацоўкі, трансфер тэхналогій і ведаў, адукацыйныя паслугі.

На заканчэнне цырымоніі кіраўнік дзяржавы павіншаваў паслоў з афіцыйным пачаткам дыпламатычнай місіі ў Беларусі. "Упэўнены, у хуткім часе вы пераканаецеся ў тым, што мы гатовы да актыўнага супрацоўніцтва ва ўсіх сферах узаемнага інтарэсу, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Чакаем ад вас аб'ектыўнага погляду на падзеі, нацэленасць на ўмацаванне двухбаковых адносін, ініцыятыўных дзеянняў у рэалізацыі новых праектаў".

Ён выказаў упэўненасць, што прафесіяналізм і мэтанакіраванасць паслоў нададуць імпульс узаемаадносінам Беларусі з замежнымі краінамі. "Шчыра жадаю вам поспехаў у адказнай дыпламатычнай дзейнасці на карысць нашых народаў", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі