Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
29 красавіка 2022, 10:05

Лукашэнка наведае Чачэрск. У цэнтры ўвагі аднаўленне пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС раёнаў

29 красавіка, Чачэрскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведае Чачэрскі раён Гомельскай вобласці, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўніку дзяржавы даложаць аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна і Гомельскай вобласці, а таксама аб пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і аднаўленні пацярпелых тэрыторый.

У ходзе рабочай паездкі Прэзідэнт наведае малочнатаварную ферму ААТ "Отар", дзе азнаёміцца з арганізацыяй работы і тэхналагічным працэсам вытворчасці малака. Асобна пойдзе гаворка аб ходзе веснавых палявых работ як у раёне, так і ў цэлым у вобласці.

Аказанне медыцынскай дапамогі насельніцтву рэгіёнаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, стане галоўнай тэмай пры наведванні Аляксандрам Лукашэнкам Чачэрскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Цяпер у Беларусі рэалізуецца шостая дзяржаўная праграма па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС да 2025 года. Агульны аб'ём фінансавання па ёй складае амаль Br3 млрд. На выкананне папярэдніх пяці праграм з 1990 года было накіравана больш за $19 млрд. За кошт сродкаў дзяржпраграмы былі прадастаўлены льготы і выплачаны кампенсацыі пацярпелым ад катастрофы грамадзянам на суму каля Br164 млн. Бясплатным харчаваннем забяспечаны больш за 110 тыс. навучэнцаў, якія атрымліваюць агульную базавую і агульную сярэднюю адукацыю і пражываюць на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях.

Санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне прайшлі 84,1 тыс. грамадзян, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, у тым ліку 75,6 тыс. дзяцей. Для патрэб дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў набыта сучаснае лячэбнае абсталяванне на суму Br250 тыс. Прадаўжаецца выкананне комплексу ахоўных мерапрыемстваў у сельскай вытворчасці. Праведзены рамонтна-эксплуатацыйныя работы на адкрытых унутрыгаспадарчых меліярацыйных сетках працягласцю 1,3 тыс. км і радыяцыйнае абследаванне сельгасзямель на плошчы 341,4 тыс. га. Для развіцця інфраструктуры ў пацярпелых раёнах газіфікаваны 724 жылыя дамы, пракладзена 34 км газаправодных і 17,6 км вадаправодных сетак. Уведзены ў эксплуатацыю тры станцыі ачысткі вады ад прымесей жалеза і дзве артэзіянскія свідравіны. Будуюцца і рэканструююцца 4 малочнатаварныя фермы, 4 зернесушыльныя комплексы і комплекс племянной свінагадоўлі ў Добрушскім раёне.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі