Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 жніўня 2021, 19:02

Ігра на афганскай скрыпцы, расказ Рахмона і хто вінаваты ў радыкалізме. Падрабязнасці рабочага дня Лукашэнкі

30 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 жніўня правёў сустрэчу з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Таджыкістана Махмадшарыфам Хакдодам. Абмяркоўвалі і двухбаковыя адносіны, але ў цэнтры ўвагі так ці інакш была самая гарачая тэма апошніх тыдняў - падзеі ў Афганістане. Сітуацыя ў гэтай краіне ўплывае непасрэдна на пытанні бяспекі ў глабальным маштабе, і Беларусь тут не выключэнне, паведамляе БЕЛТА.

Наперадзе саміты АДКБ і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, якія пройдуць у сярэдзіне верасня ў сталіцы Таджыкістана Душанбэ. На парадку дня - выпрацоўка ўзгодненай пазіцыі гэтых двух аб'яднанняў па афганскай тэматыцы. І хоць Беларусь у ШАС удзельнічае толькі ў статусе наглядальніка, прапановы беларускага боку пачуты і запатрабаваны.

Калі на афганскай скрыпцы кожны будзе іграць па-свойму, быць бядзе

Яшчэ 23 жніўня ў час пазачарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, якая прайшла ў відэафармаце, кіраўнік беларускай дзяржавы гаварыў аб тым, што ў вырашэнні афганскага пытання павінен быць задзейнічаны і патэнцыял Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва як адной з самых уплывовых структур у Азіі. "Практычна ўсе члены ШАС сканцэнтраваны вакол Афганістана. І там іх глабальныя інтарэсы. Прынамсі, Кітая і Расіі, Індыі, Пакістана, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Варта ўзмацніць узаемадзеянне па лініі АДКБ і ШАС, выкарыстоўваючы для гэтага саміты дзвюх арганізацый, запланаваныя на 16-17 верасня бягучага года ў Душанбэ".

Ён выказаў меркаванне, што, прапрацаваўшы гэта пытанне, магчыма было б правесці і сумеснае пасяджэнне па праблематыцы афганскага ўрэгулявання: "Захочуць члены ШАС рухацца ў рэчышчы абмяркоўваемага сёння пытання - добра. Не захочуць - мы сваю пазіцыю абазначым і прапануем. А ім ужо вырашаць. Думаю, што тут мы можам вельмі сур'ёзна рушыць наперад". "Не лічыцца з пазіцыяй АДКБ-ШАС будзе немагчыма. Пазіцыя ШАС-АДКБ нават будзе важней, чым пазіцыя заходняй кааліцыі", - упэўнены беларускі лідар.

Цяпер ужо відавочна, што выказаная раней прапанова знайшла падтрымку. Да сустрэчы з дыпламатам з Таджыкістана Аляксандр Лукашэнка праводзіць тэлефонныя размовы з замежнымі лідарамі - прэзідэнтамі Расіі і Таджыкістана. Галоўная тэма - сітуацыя ў Афганістане. "Усе пагадзіліся з маёй прапановай правесці кансультацыі па лініі АДКБ-ШАС. Усё будзе ў Душанбэ - кіраўнікі будуць там на месцы. І нам важна было б паглядзець, а якую пазіцыю зойме ШАС, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі пазіцыя ШАС і АДКБ будзе кансалідавана, то мы з гэтай сітуацыяй справімся. І дапаможам і афганскаму народу пераадолець гэтыя ўсе складанасці і цяжкасці. Але калі на афганскай скрыпцы кожны будзе іграць па-свойму, быць бядзе".

Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся сустрэцца 9 верасня ў Маскве. У цэнтры ўвагі будуць саюзныя праграмы, падрыхтаваныя ўрадамі дзвюх краін, і іншыя актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня. Але можна з высокай доляй упэўненасці сцвярджаць, што лідары краін напярэдадні самітаў у Душанбэ закрануць і афганскую тэматыку.

Граніцу трэба ўмацоўваць. Патрэбны сучасныя сродкі, узбраенне

Прэзідэнт расказаў падрабязнасці сваёй размовы з лідарам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам. "Паўгадзіны ён, як бліжэйшы сябар, расказваў аб сітуацыі, якая складваецца ў Афганістане. Дарэчы, вельмі шмат новай інфармацыі, якой у СМІ не чуваць і не відаць. Вельмі сур'ёзная і напружаная сітуацыя. Я яму вельмі ўдзячны за тое, што ён шчыра мне расказаў усё, што там адбываецца", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ў Таджыкістана вялікая працягласць граніцы з Афганістанам. "Граніцу трэба ўмацоўваць, граніца складаная. Яна і ў савецкія часы была складанай. Цяпер тым больш", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ўсё гэта легла на плечы таджыкскага народа і Таджыкістана. "Зразумела, што людзей - абараніць граніцу - у вас дастаткова. Патрэбны сучасныя сродкі, узбраенне", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы пры гэтым заўважыў, што Прэзідэнт Таджыкістана, можна сказаць, дзесяцігоддзямі папярэджваў аб надзвычай небяспечным развіцці сітуацыі ў Афганістане: "Мы так гэта ўсё слухалі, разумелі (у свеце ўсюды няпроста) і як радавую падзею, напэўна, успрымалі. І наколькі ён меў рацыю!"

Звяртаючыся да пасла, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сустрэча з ім важна напярэдадні візіту ў Таджыкістан. "Усё ж такі вы (таджыкскі бок. - Заўвага БЕЛТА) валодаеце большай інфармацыяй, чым усе астатнія рэспублікі і нават дзяржавы ў свеце. Я абсалютна ўпэўнены. Нават вы валодаеце большай інфармацыяй, чым ЗША, якія непасрэдна там працуюць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Вядучыя заходнія дзяржавы ўлезлі і спарадзілі яшчэ большы радыкалізм

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сітуацыя ў рэгіёне ў цэлым складаная, і справа не толькі ў Афганістане. Няпростая сітуацыя і ў суседніх дзяржавах, на Блізкім Усходзе ў цэлым. "Радыкалізм увесь гэты, які, на жаль, мае сёння і аб'ектыўныя асновы і прычыны, - сказаў беларускі лідар. - Вядучыя заходнія дзяржавы туды ўлезлі, стварылі яшчэ горшую сітуацыю, чым яна там была. І, зразумела, спарадзілі яшчэ большы радыкалізм. Хто ў гэтым вінаваты? Вось яны і вінаватыя".

"Часткова, магчыма, і мы. Таму што мы так сядзелі і думалі: нас гэта не закране. А не, усё закране", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён папрасіў дыпламата выказаць свае ацэнкі сітуацыі ў Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне. "Можа, вы мяне сарыентуеце ў нечым", - адзначыў Прэзідэнт.

У сваю чаргу Махмадшарыф Хакдод падкрэсліў, што ў Таджыкістане заўсёды рады Прэзідэнту Беларусі. "Удзячны за вашу ўвагу да гэтай праблематыкі. Ведаю, што шмат вы паглыбляецеся ў пытанні бяспекі не толькі на прасторы СНД, але і ва ўсім свеце. Ёсць ваш асабісты погляд на гэтыя праблемы", - сказаў дыпламат.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі