Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
07 ліпеня 2020, 13:15

Выбары прэзідэнта лічаць важнай падзеяй у жыцці краіны больш за 90 працэнтаў удзельнікаў сацдаследавання БКМА

7 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнцкія выбары лічаць важнай падзеяй у жыцці краіны 91,9 працэнта ўдзельнікаў сацыялагічнага апытання "Рэгіянальныя асаблівасці электаральных паводзін насельніцтва Беларусі", праведзенага Маладзёжнай лабараторыяй сацыялагічных даследаванняў Беларускага камітэта маладзёжных аб'яднанняў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Рэспубліканскага саюза грамадскіх аб'яднанняў БКМА Павел Алекса.

"Наша маладзёжная лабараторыя завяршыла сацдаследаванне. Згодна з яго вынікамі, аб правядзенні выбараў прэзідэнта Беларусі, якія адбудуцца 9 жніўня, ведае пераважная колькасць беларусаў - 98,9 працэнта. Прэзідэнцкія выбары важнай падзеяй у жыцці краіны лічаць 91,9 працэнта рэспандэнтаў. Большасць (64 працэнты) разглядаюць выбары як магчымасць асабістага ўплыву на будучае развіццё краіны, чвэрць апытаных (24,3 працэнта) ставяцца да іх як да замацаванай у Канстытуцыі формы дэмакратыі. І толькі кожны дзясяты (11,5 працэнта) лічыць выбары толькі фармальнай працэдурай, якая не ўплывае на рэальны палітычны клімат у краіне", - расказаў Павел Алекса.

Рэспандэнты таксама адзначылі, што пры выбары таго ці іншага кандыдата ўлічваюць толькі ўласнае меркаванне - 73,4 працэнта, рэкамендацыі аўтарытэтных асоб - 10,2 працэнта, меркаванне, сфарміраванае СМІ, - 7,5 працэнта, меркаванне суброў, сваякоў - 5,6 працэнта, меркаванне калег па рабоце - 3,3 працэнта. "Што датычыцца асабістых якасцей кандыдата, якія электарат улічвае пры выбары, то большасць апытаных улічваюць у кандыдаце сумленнасць - 66,7 працэнта, вопыт палітычнай дзейнасці - 51,7 працэнта, патрыятызм - 51,1 працэнта, дзяржаўнае мысленне - 50,8 працэнта", - адзначыў старшыня БКМА.

Сацдаследаванне выявіла спецыфіку электаральных чаканняў грамадзян у залежнасці ад рэгіёна. "Так, сярод галоўных якасцей кандыдата ў прэзідэнты Беларусі ў большай ступені цэняць дзяржаўнае мысленне - у Мінску, сумленнасць - у Брэсцкай вобласці, здольнасць да кампрамісаў (дыпламатычнасць, павага чужога меркавання) - у Віцебскай вобласці, вопыт палітычнай дзейнасці - у Магілёўскай вобласці, патрыятызм - у Гродзенскай вобласці, кампетэнтнасць у эканамічнай і прававой сферах - у Мінскай вобласці, крэатыўнасць, нестандартнасць мыслення - у Гомельскай вобласці", - дадаў Павел Алекса.

Сацыялагічнае даследаванне праходзіла 19-29 чэрвеня ў анлайн-фармаце. У апытанні прынялі ўдзел больш за 2,1 тыс. рэспандэнтаў. Пры гэтым статыстычная хібнасць не перавышае 2,5 працэнта.

Маладзёжная лабараторыя сацыялагічных даследаванняў пры Савеце РСГА "БКМА" створана ў 2004 годзе як аналітычны цэнтр маладых прафесійных сацыёлагаў, палітолагаў, юрыстаў, спецыялістаў у сферы маладзёжнай палітыкі. Лабараторыя вядзе сваю дзейнасць у цесным узаемадзеянні з Цэнтрам сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ. У адпаведнасці з акрэдытацыяй Камісіі па апытаннях грамадскай думкі пры НАН Беларусі (пасведчанне аб акрэдытацыі нумар 000037) лабараторыя мае права на правядзенне апытанняў грамадскай думкі адносна грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне і публікацыю іх вынікаў у сродках масавай інфармацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі