Выконваць рэкамендацыі МВФ неабходна з улікам сацыяльнай палітыкі дзяржавы, заявіў карэспандэнту БЕЛТА дэкан эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесар Міхаіл Кавалёў.
"Большасць рэкамендацый МВФ мае разумны характар, аднак выконваць іх трэба з улікам сацыяльнай палітыкі дзяржавы. Напрыклад, у адзін дзень мы не можам павысіць кошт жыллёва-камунальных паслуг да 100 працэнтаў кампенсавання. У той жа час, мне здаецца, МВФ у гэтым пытанні пойдзе нам насустрач. Паколькі нават у Еўропе ёсць краіны, дзе насельніцтва плаціць за электраэнергію менш, чым прамысловыя прадпрыемствы, а ёсць - дзе наадварот. І эканамічная тэорыя яшчэ не даказала, што лепш", - падкрэсліў ён.
Міхаіл Кавалёў таксама адзначыў, што канчатковае рашэнне МВФ па выдзяленні крэдыту будзе залежаць у першую чаргу ад таго, наколькі рашуча Беларусь пакажа, што гатова павышаць эфектыўнасць дзяржпрадпрыемстваў. "Не сакрэт, што ўсе сённяшнія праблемы беларускай эканомікі - гэта праблемы нізкай эфектыўнасці работы дзяржаўнага сектара. І зразумела, што з ім трэба нешта рабіць, трэба ўкараняць новыя мадэлі кіравання дзяржаўнымі прадпрыемствамі. І я не называў бы гэта рэформай дзяржпрадпрыемстваў, хутчэй паляпшэннем карпаратыўнага стылю кіравання", - растлумачыў ён. Эксперт звярнуў увагу, што Беларусь можа ў гэтым пытанні пераняць вопыт кітайскіх партнёраў, якія навучыліся эфектыўна кіраваць сваім дзяржсектарам.
Місія МВФ на чале з яе кіраўніком Пітэрам Долманам працавала ў Беларусі з 19 верасня па 1 кастрычніка.
Мінск абмяркоўвае магчымасць прыцягнення новага крэдыту МВФ на $3 млрд пад 2,28 працэнта тэрмінам на 10 гадоў.
