Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
29 жніўня 2019, 11:01

Узровень газіфікацыі ў Беларусі дасягнуў 97 працэнтаў

29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Узровень газіфікацыі ў Беларусі дасягнуў 97 працэнтаў, паведаміў сёння журналістам міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч у час прэс-туру Мінэнерга да Дня работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Цяпер агульны ўзровень газіфікацыі прыродным і звадкаваным газам у рэспубліцы складае каля 97 працэнтаў, агульная працягласць газатранспартнай сістэмы - каля 62 тыс. км. Усе раённыя цэнтры і гарады забяспечаны цэнтралізаваным забеспячэннем прыродным газам. Спажыўцамі з'яўляюцца 3,7 млн ​​бытавых абанентаў і прыкладна 15 тыс. арганізацый рэальнага сектара эканомікі", - адзначыў Віктар Каранкевіч.

За першае паўгоддзе 2019 года газіфікавана прыродным газам 9,1 тыс. кватэр (у тым ліку ў сельскай мясцовасці - 2,4 тыс.), звадкаваным газам - 2,6 тыс. кватэр (2,1 тыс. у сельскай мясцовасці).

У 2018 годзе пастаўка прыроднага газу спажыўцам рэспублікі склала 19,5 млрд куб. м. На 2019 год пастаўка прыроднага газу запланавана ў аналагічных аб'ёмах.

Важную ролю для эканомікі адыгрывае і тарфяная сфера, якая ў 2018 годзе адзначыла сваё 100-годдзе. Штогод арганізацыі тарфяной прамысловасці, якія ўваходзяць у сістэму Мінэнерга, здабываюць каля 2,5 млн т торфу, з якога вырабляецца прадукцыя як паліўнага прызначэння, так і для патрэб сельскай гаспадаркі. Каля 1 млн т паліўнага торфу выкарыстоўваецца ўнутры краіны, гэта дае магчымасць замясціць каля 450 млн куб. м прыроднага газу на суму каля $65 млн. Павялічваюцца і аб'ёмы экспарту тарфяной прадукцыі, у I паўгоддзі на ім зарабілі каля $6 млн.

Віктар Каранкевіч падкрэсліў, што і ў газавай, і ў тарфяной галінах пастаянна праводзіцца работа па мадэрнізацыі вытворчасці і ўкараненні новых сучасных тэхналогій. Арганізацыямі тарфяной галіны прадаўжаецца работа па пошуку новых рынкаў збыту і пашырэнні пераліку прадукцыі, што вырабляецца на аснове торфу.

Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці штогод адзначаецца ў першую нядзелю верасня. Сёння аб'яднанне "Белпалівагаз" прадстаўлена 34 арганізацыямі з агульнай колькасцю больш як 27 тыс. чалавек - гэта 7 газазабеспячальных арганізацый, 14 прадпрыемстваў тарфяной прамысловасці, а таксама будаўнічыя і прамысловыя арганізацыі, праектны інстытут, спецыялізаваная навучальная ўстанова павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, работа якіх таксама звязана з функцыянаваннем і развіццём газавай і тарфяной галін.

Напярэдадні прафесійнага святка Мінэнерга праводзіць прэс-тур, у час якога журналістам пакажуць, як у Беларусі будуюць газаправоды і здабываюць торф.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі