Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 лютага 2021, 13:57

Тэхналогіі разумных гарадоў і мультыканальнасць дзяржпаслуг - што закладзена ў дзяржпраграму лічбавага развіцця

4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет Міністраў зацвердзіў дзяржаўную праграму "Лічбавае развіццё Беларусі" на 2021-2025 гады. Гэта прадугледжана пастановай урада нумар 66 ад 2 лютага 2020 года, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

"Дзяржаўная праграма ўлічвае ўзровень "лічбавай сталасці" Беларусі як у галіновым, так і ў рэгіянальным маштабах, а таксама прымяняльныя тэхнічныя рашэнні, сусветныя тэндэнцыі, што з'яўляецца асновай для далейшых лічбавых пераўтварэнняў. Прадугледжваецца выкананне мерапрыемстваў па стварэнні і развіцці сучаснай інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры, укараненні лічбавых інавацый у галінах эканомікі і тэхналогій разумных гарадоў, а таксама забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі такіх рашэнняў", - гаворыцца ў дакуменце. Гэта будзе садзейнічаць развіццю ўсіх сфер эканомікі і дасягненню на нацыянальным узроўні Мэт устойлівага развіцця на перыяд да 2030 года.

У дзяржпраграму ўваходзіць некалькі падпраграм, у тым ліку ў галіне развіцця лічбавага дзяржкіравання, галін эканомікі, рэгіёнаў, інфармацыйнай бяспекі і "лічбавага даверу". Яны прадугледжваюць у тым ліку развіццё воблачных тэхналогій, разгортванне сетак сотавай рухомай электрасувязі пятага пакалення (5G) і прадастаўленне на іх аснове такіх тэхналагічных рашэнняў, як разумны дом, разумны горад. У планах і стварэнне дзяржаўных лічбавых платформ для зніжэння адміністрацыйнай нагрузкі, эканоміі працоўных і часавых рэсурсаў, спрашчэння атрымання розных дакументаў.

Прадугледжваецца таксама распрацоўка адукацыйнай платформы для павышэння лічбавай дасведчанасці насельніцтва, стварэнне вітрыны лічбавых праектаў, зніжэнне лічбавай няроўнасці шляхам арганізацыі доступу да ўніверсальных паслуг, будаўніцтва валаконна-аптычных ліній сувязі да населеных пунктаў з 50 і больш домагаспадаркамі. Запланаваны стварэнне тэхналагічнай інфраструктуры для апрацоўкі даных у мэтах прадастаўлення паслуг на яе аснове, мадэрнізацыя інфраструктуры інфармацыйнай сеткі органаў дзяржаўнай статыстыкі, фарміраванне лічбавай платформы нарматворчай дзейнасці АІС "Нарматворчасць" і мадэрнізацыя сайта "Прававы форум Беларусі" як спецыялізаванага сэрвісу гэтай платформы. У бягучай пяцігодцы створаць і галіновую лічбавую платформу сацыяльна-працоўнай сферы.

На рэалізацыю дзяржпраграмы плануецца накіраваць больш за Br3,7 млрд.

Пастанова ўступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, што ўзніклі з 1 студзеня 2021 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі