Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 мая 2022, 11:06

Прамкааперацыя і сумесныя навукова-тэхнічныя праекты: Петрышэнка абазначыў напрамкі інтэграцыі ў ЕАЭС

26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка абазначыў напрамкі інтэграцыі ў ЕАЭС у час панэльнай дыскусіі Еўразійскага эканамічнага форуму, у якім ён прымае ўдзел у рэжыме відэа-канферэнц-сувязі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Усе мы ведаем, што палітыка замяшчэння імпарту, якая праводзіцца ўжо шэсць гадоў у кожнай з дзяржаў ЕАЭС адасоблена, прывяла да стварэння шэрага дубліруючых вытворчасцей. Высокая рызыка, што ў кароткатэрміновай перспектыве прамысловыя комплексы дзяржаў ЕАЭС сутыкнуцца з прафіцытам прапанавання. Хацеў бы звярнуць увагу, што індэкс вытворчай кааперацыі ў нашым саюзе ў 2021 годзе склаў усяго толькі 3,6 працэнта. Больш зладжаная дзейнасць нашай пяцёркі дапаможа паглыбіць кааперацыю і нівеліраваць на ўнутраным рынку рызыкі перанасычэння аднатыпнай прадукцыяй і ўзмацнення канкурэнцыі", - сказаў Ігар Петрышэнка.

Інструментам рэалізацыі могуць быць стварэнне агульнага пераліку таварных пазіцый для замяшчэння імпарту і выпрацоўка комплексу мер па садзейнічанні імпартазамяшчэнню. "Акрамя таго, неабходна зняцце ўзаемных абмежаваняў да ўдзелу ў дзяржаўных закупках, забеспячэнне роўных магчымасцей да ўдзелу ў праграмах замяшчэння імпарту кожнай з краін ЕАЭС. Не адмаўляючы важнасці ўжо ўзгодненых краінамі галіновых планаў па паглыбленні прамысловай кааперацыі (у авіябудаванні, фармацэўтыцы, вытворчасці і выкарыстанні экалагічна чыстага транспарту), мы прапануем яшчэ раз уважліва паглядзець і скарэкціраваць пералік напрамкаў такой работы", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

На яго думку, варта таксама дадаткова прааналізаваць эфектыўнасць еўразійскіх тэхналагічных платформ, - неабходных для ўкаранення ў прамысловую вытворчасць перадавых дасягненняў навукова-тэхнічнага развіцця. Асабліва ў кантэксце праводзімай цяпер распрацоўкі стратэгічнай праграмы навукова-тэхнічнага развіцця ЕАЭС. "Напрыклад, Беларусь мае высокі патэнцыял у сферах оптыкі і мікраэлектронікі. Гэтыя два напрамкі і сталі асновай для развіцця сваёй уласнай касмічнай галіны. Таму мы актыўна падтрымалі міждзяржаўную праграму па вытворчасці і прадастаўленні касмічных і геаінфармацыйных прадуктаў на аснове даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Гэта адкрывае для нашых прадпрыемстваў вялікія перспектывы інтэграцыі ў сумесныя навукова-тэхнічныя праекты ў рамках ЕАЭС", - адзначыў Ігар Петрышэнка.

Вельмі важная роля інстытутаў развіцця: ЕАБР і ЕФСР. "Прапановы па лінейцы выгадных крэдытаў, якія былі б сарыентаваны на сумесныя вытворчыя праекты, - гэта тое, чаго чакаюць ад нас прамыслоўцы ўсіх пяці краін. Такое крэдытаванне, на наш погляд, можа стаць добрым сігналам і для іншых інвестараў. Асабліва, калі праекты будуць улічваць патрэбнасці вытворцаў бліжэйшых рынкаў трэціх краін - Узбекістана, краін Цэнтральнай Азіі і ўсяго Паўднёва-Усходняга рэгіёна і, вядома ж, Кітая", - упэўнены віцэ-прэм'ер.

Еўразійскі эканамічны форум праходзіць 26 мая ў Бішкеку. Форум - пляцоўка прамога ўзаемадзеяння па найбольш актуальных пытаннях развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза, прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі ЕАЭС, зялёнай энергетыкі, а таксама ўмацавання міжрэгіянальных сувязей і фарміравання кааперацыйнага супрацоўніцтва.

Дзелавая праграма форуму складаецца з шасці панэльных дыскусій, якія прадугледжваюць абмеркаванне перспектыў стратэгічнага развіцця еўразійскай інтэграцыі, магчымасцей для эканамічнай стабільнасці дзяржаў ЕАЭС, пытанняў у сферы прамысловасці, аграпрамысловага комплексу, энергетычнай, транспартнай інфраструктуры, лічбавага парадку дня, а таксама новых напрамкаў узаемадзеяння.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі