Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 студзеня 2022, 09:01

Падатковы кодэкс: што змяняецца з 2022 года

4 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко расказаў журналістам аб змяненнях у сферы падаткаабкладання, каменціруючы падпісаны кіраўніком дзяржавы закон, які прадугледжвае ўнясенне змяненняў у Падатковы кодэкс, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Прадугледжана індэксацыя ставак падаткаў, устаноўленых у беларускіх рублях, таксама праіндэксаваны ўсе падатковыя вылікі. Акрамя таго, рэалізаваны шэраг мер фіскальнага характару: апераджальнае павышэнне ставак акцызаў на тытунёвыя вырабы, адмена асобных падатковых ільгот, новыя падатковыя праваадносіны, што закрануць нерэзідэнтаў, якія рэалізуюць у Беларусі дыстанцыйна тавары праз інтэрнэт-пляцоўкі. Мясцовым Саветам дэпутатаў прадастаўлена права павышаць стандартную стаўку падатку на прыбытак у межах 2 працэнтных пунктаў", - сказаў Дзмітрый Кійко.

Адно з самых прыкметных змяненняў - адмена падатковай ільготы ў адносінах да кватэр у шматкватэрных жылых дамах. Мэта гэтага новаўвядзення - зраўнаваць умовы падаткаабкладання грамадзян, якія з'яўляюцца ўладальнікамі індывідуальнага жылля, а таксама павысіць рэсурсную базу мясцовых бюджэтаў. "Сярэдняя стаўка падатку для грамадзян па стандартнай двухпакаёвай кватэры ў Мінску будзе складаць не больш як Br50 у год, у рэгіёнах - каля Br25. У бягучым годзе грамадзяне будуць плаціць у выглядзе авансавых плацяжоў толькі палову гэтай сумы", - адзначыў першы намеснік міністра.

Прадугледжаны шэраг мер, накіраваных на стымуляванне эканамічнай дзейнасці. Перш за ўсё гэта датычыцца пашырэння магчымасцей па прымяненні інвестыцыйнага падатковага выліку. Шэраг змяненняў датычыцца падаткаабкладання прадпрымальніцкай дзейнасці: ІП, самазанятых і мікраарганізацый. "Тут рэалізаваны падыход, накіраваны на ўстараненне залішняй канкурэнцыі паміж гэтымі арганізацыйна-прававымі формамі, на павышэнне празрыстасці вядзення дзейнасці, узроўню ўдзелу гэтых суб'ектаў у фінансаванні дзяржаўных расходаў. Для гэтага ўводзяцца пэўныя абмежаванні на прымяненне спрошчанай сістэмы падаткаабкладання для ІП. У прыватнасці, з гэтага падатковага рэжыму выводзяцца паслугі. Павышаюцца стаўкі адзінага падатку для ІП. Пры гэтым для самазанятых прадугледжана пашырэнне відаў дзейнасці, якімі можна займацца з выплатай адзінага падатку", - растлумачыў Дзмітрый Кійко.

Асобныя змяненні для самазанятых уступяць у сілу з 2023 года, у прыватнасці з'явіцца падатак на прафесійны даход і спецыяльная лічбавая платформа.

Намеснік міністра па падатках і зборах Ігар Скрыннікаў адзначыў, што ІП, якія не змогуць прымяняць спрошчаную сістэму падаткаабкладання, у асноўным пяройдуць у агульную сістэму, гэта значыць з выплатай падаходнага падатку. "Ім не трэба накіроўваць у падатковы орган заявы або паведамленні, як і раней, яны будуць падаваць падатковую дэкларацыю. Але калі раней гэта была дэкларацыя па ССП, то цяпер - па падаходным падатку, але тэрміны тыя ж самыя. Тыя ІП, хто будзе мець права прымяняць адзіны падатак, павінны будуць прадставіць адпаведную падатковую дэкларацыю. Якіх-небудзь іншых спецыяльных форм інфармавання не патрабуецца", - адзначыў ён.

У сувязі з унясеннем змяненняў у падатковае заканадаўства ІП і фізічныя асобы маюць права звяртацца па растлумачэнні ў любы падатковы орган. "Мы прытрымліваемся экстэрытарыяльнага прынцыпу, таму няма неабходнасці звяртацца ў падатковы орган па месцы рэгістрацыі. Растлумачэнні таксама можна атрымаць у кантакт-цэнтры і на сайце падатковых органаў", - звярнуў увагу намеснік міністра.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі